Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат лётчыцы Надзеі Саўчанкі спадзяецца на яе абмен як ваеннапалоннай


Надзея Саўчанка ў Варонежскім судзе, ліпень 2014

Надзея Саўчанка ў Варонежскім судзе, ліпень 2014

Адвакат арыштаванай ў Расеі ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі Марк Фейгін разьлічвае на тое, што яго падабаронную ўнясуць у сьпіс ваеннапалонных, якіх абмяняюць у рамках дасягнутых у Менску дамоўленасьцяў.

«Я спадзяюся, што Надзею Саўчанку ўключаць у сьпіс ваеннапалонных на абмен. Уласна, яна ж сапраўды падпадае пад ягоныя ўмовы», — напісаў ён у сваім мікраблогу ў Твітэры ў суботу.

У той жа час упаўнаважаны прэзыдэнта Ўкраіны па ўрэгуляваньні сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны Ірына Герашчанка напісала ў Фэйсбуку, што раніцай гаварыла з маці Саўчанкі: «Мама Надзі Саўчанкі Марыя, зь якой мы ў пастаянным кантакце, вельмі чакае сваю дачку і верыць, што менскія дамоўленасьці даюць шанец вызваліць нашу гераіню. Як і сотні іншых закладнікаў, сьпісы якіх зараз удакладняюцца. Пра гэта мы гаварылі з Марыяй сёньня раніцай».

Як патлумачыла Ірына Герашчанка, усе закладнікі павінны быць вызвалены: «Мы спадзяёмся, што гэты працэс адбудзецца на працягу 7 дзён, не пазьней», — сказала яна. На думку спадарыні Герашчанкі, гаворка ідзе пра сотні паланёных украінцаў. «Усе гэтыя людзі павінны быць вызвалены, у тым ліку і тыя, якія знаходзяцца на тэрыторыі Расеі: Надзея Саўчанка, Алег Сянцоў».

XS
SM
MD
LG