Лінкі ўнівэрсальнага доступу

New York Times — пра хаштэг #RussiaInvadedUkraine, які прыдумаў беларус і падхапіў увесь сьвет


Журналістка і дэпутатка Канадыйскага парлямэнту Хрысьця Фрыланд піша на старонках Нью-Ёрк Таймс, чаму сьвет робіць вялікую памылку, даючы Пуціну сябе заблытаць.

Аўтарка адзначае, што хаштэг #RussiaInvadedUkraine (перакладаецца як "Расея ўварвалася ва Ўкраіну"), які прыдумаў беларус і аўтар Радыё Свабода Ігар Лосік, павінен нагадаць заходнім лідэрам, што слабыя словы ў дачыненьні да дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне — непатрэбная саступка Пуціну.

Чытайце таксама:

Створаны беларусам хэштэг выйшаў у сусьветныя лідэры

«На мінулым тыдні расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін, заявіў, што можа ўзяць Кіеў на працягу двух тыдняў. На гэтым тыдні ён адмовіўся прыпыняць агонь, пазьней прапанаваў мірны плян. Цяпер спыненьне вагню дзейнічае. Гэтыя зігзагі зрабілі сваю справу, пакінуўшы Захад заблытаным у яго намерах» — піша Фрыланд.

Паводле аўтаркі, у інфармацыйнай вайне ўкраінцы страляюць у адказ. Калі расейскія салдаты адкрыта атакавалі ўкраінскую армію напрыканцы жніўня, новы хаштэг стаў трэндам ў твітэры.

«Прыдуманы беларусам і з энтузіязмам падхоплены ўкраінцамі, #RussiaInvadedUkraine быў запошчаны каля паўмільёна разоў за першыя дні. І праз тыдзень яго посьцяць некалькі соцень разоў на гадзіну. У гэтым канфлікце тэхналягічны актывізм стаў яго асаблівасьцю».

Яшчэ адной асаблівасьцю расейскай вайны супраць Украіны стала вяртаньне Навамоўя ў грамадзтва. Паводле Фрыланд, Крэмль выкарыстоўваў дэзынфармацыю, прапаганду і адкрытую хлусьню:

«Кібэрактывісты пры дапамозе #RussiaInvadedUkraine настойліва нагадваюць заходнім лідэрам і журналістам, якія ня хочуць называць рэчы наўпрост, што нашыя слабыя словы непатрэбная саступка Пуціну».

Як піша Хрысьця Фрыланд, Пуцін ужо «надзеў напысьнік калісьці сьмелай свабоднай прэсе ў Расіі, саслаў і зьняволіў у турмы лідэраў апазыцыі і, мяркуецца, узяў пад прамы кантроль сродкі масавай інфармацыі». Калі ва Ўкраіне наступіць кампраміс у выглядзе «замарожанага канфлікту», то «Пуціну не спатрэбіцца Захад, каб дапамагчы апраўдацца дома. Ён валодае магутнай ўнутранай прапагандысцкай машынай, каб зрабіць гэта», — гаворыцца ў артыкуле.

«Прыняўшы Навамоўе Пуціна, мы не даем яму неабходны дыпляматычны фігавы лісток. Мы пераконваем яго ў сваёй сіле і нашай слабасьці» — адзначае журналістка і дадае:

«Гэта не грамадзянская вайна, і гэта не фашыстоўскі пераварот. Усходнія ўкраінцы не паўсталі супраць дэспатычнага рэжыму ў Кіеве.

Мы ня ведаем, ці прывядуць перамовы на гэтым тыдні да сапраўднага спыненьня вагню ці гэта проста фінт, і мы ня ведаем, ці Ўкраіна выжыве як жыцьцяздольная, незалежная краіна. Але адно ўжо ясна: Расея ўварвалася ў сувэрэнную, дэмакратычную дзяржаву».

Паводле Фрыланд, тое, што робіць украінскі канфлікт істотным — гэта тое, што гэта не грамадзянская вайна:

«Гэта анэксія тэрыторыі, ўварваньне адной эўрапейскай краіны ў іншую. <...> Іншымі словамі, Расея парушыла геапалітычныя правілы Эўропы, і тым самым зьмяніла іх».

«Супрацьстаяньне з Пуціным мае балючыя наступствы, але такое жыцьцё ў сьвеце, які жыве паводле гэтых новых правілаў. Спадар Пуцін і яго прапагандысты гэта выдатна разумеюць, таму яны прапануюць нам прасьцейшы выбар самазаблытваньня. Але гэта самы небясьпечены выбар з усіх».

Аўтарка завяршае артыкул словамі: «#RussiaInvadedUkraine. Калі ласка, рэтвіт!»

Хрысьця Фрыланд (па-ангельску. Chrystia Freeland; нарадзілася 8 лютага 1968) — канадзкая пісьменьніца, журналістка і палітык. Фрыланд займала розныя рэдактарскія пасады ў выданьнях Financial Times, Globe and Mail і Thomson Reuters, дзе была кіруючым дырэктарам і рэдактарам. Была абраная ў парлямэнт Канады 25 лістапада 2013 г.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG