Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лісты Мікалая Статкевіча пра Ўкраіну канфіскоўваюць


Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч

Лісты ад Мікалая Статкевіча з камэнтарамі да падзей ва Ўкраіне забірае турэмная цэнзура. Пра гэта стала вядома жонцы палітыка Марыне Адамовіч.

«Сёньня атрымала ад яго ліст. Ён піша, што з 7 афіцыйна канфіскаваных у яго лістоў усе былі пра Ўкраіну. Камэнтуе гэтак: „Улічваючы тое, што мае разважаньні мала адрозьніваюцца ад рыторыкі афіцыйнага кіраўніка, у нашых сілавых структурах у яго ёсьць прарасейская апазыцыя“. Маецца на ўвазе, відаць, у МУС і КДБ. І яшчэ адгукнуўся на дыскусію паміж Скрабцом і Губарэвічам наконт выбараў 2015 году. Мікалай застаецца на сваёй ранейшай пазыцыі — што адзіным кандыдатам трэба абраць чалавека, якому ўлады забаранілі ўдзел у выбарах».

Пра настрой і здароўе Мікалая Статкевіча ягоная жонка кажа: «Ён раней званіў і па голасе чуваць, наколькі ён застаецца энэргічным чалавекам. І на здароўе ня скардзіўся».

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч адбывае ў крытай магілёўскай турме 6 гадоў зьняволеньня па абвінавачаньні ў арганізацыю забурэньняў у дзень прэзыдэнцкіх выбараў. Статкевіч лічыць, што яго парасьледуюць паводле палітычных прычын і адмаўляецца падаваць прашэньне аб памілаваньні.

XS
SM
MD
LG