Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баевікі не выконваюць умовы замірэньня, працягваюцца абстрэлы — Тымчук


Прарасейскія войскі не выконваюць умовы замірэньня паводле пратаколу, падпісаным 5 верасьня ў Менску і працягваюць напады і абстрэлы пазыцыяў і блёк-пастоў украінскіх войскаў на тэрыторыі Данбасу.

Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook заявіў кіраўнік Цэнтру ваенна-палітычных дасьледаваньняў Дзьмітры Тымчук.

«У прыватнасьці, учора (5 верасьня) пасьля 18:00 і да цяперашняга моманту праціўнік зьдзейсьніў некалькі спробаў атакаваць пазыцыі ўкраінскіх войскаў на тэрыторыі аэрапорта ў Данецку. У ходзе штурмаў праціўнікам выкарыстоўваліся гранатамёты і агнямёты», — адзначыў ён.

Таксама пасьля 18:00 былі зьдзейсьненыя абстрэлы пазыцыяў украінскіх войскаў у раёне некалькіх пасёлкаў.

«Украінскія войскі цалкам выконваюць умовы перамір’я, і адкрываюць агонь толькі ў адказ пры нападзе на свае пазыцыі», — дадаў Тымчук.

Таксама, паводле яго слоў, 5 верасьня да 18-ай, «гэта значыць да пачатку перамір’я, украінскім войскам быў зьнішчаны 1 танк, 6 САУ, 2 БТР, 1 БМП, 7 артылерыйскіх гармат, 6 мінамётаў, а таксама жывая сіла суперніка (вялікая частка — у раёне Марыюпаля)».

На пасяджэньні кантактнай групы паміж прадстаўнікамі Ўкраіны, самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР», а таксама АБСЭ ў Менску быў падпісаны пратакол аб спыненьні агню на Данбасе з 18:00 пятніцы 5 верасьня. Падпісанае пагадненьне складаецца з 12 пунктаў, заявіла прадстаўніца АБСЭ Гайдзі Тальявіні. Аднак пазьней на саміце НАТО ў Валіі прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што ў Менску быў узгоднены і ўхвалены ягоны мірны плян з 14 пунктаў. Адразу пасьля падпісаньня пагадненьня Парашэнказагадаў Генэральнаму штабу Ўзброеных сілаў Украіны спыніць агонь. Паводле першых паведамленьняў, адразу пасьля 18.00 страляніна на ўсходзе Ўкраіны спынілася.

XS
SM
MD
LG