Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэркель: для перамір’я Расея павінна вывесьці войскі з Украіны


Пятро Парашэнка і Ангела Мэркель на саміце НАТО

Пятро Парашэнка і Ангела Мэркель на саміце НАТО

Для посьпеху абвешчанага спыненьня агню на ўсходзе Ўкраіны неабходна ажыцьцявіць шэраг працэсаў, сярод якіх — пацьвярджэньне вываду з Украіны расейскіх войскаў, «калі яны там ёсьць», сказала канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель.

Паводле яе слоў, спыненьне агню не становіцца спыненьнем агню толькі дзякуючы таму, што яго абвясьцілі.

Сярод іншых неабходных захадаў — увасабленьне мірнагу пляну або стварэньне буфэрных зон пад кантролем назіральнікаў, дадала Мэркель на прэс-канфэрэнцыі на саміце НАТО ва Ўэльсе ў Вялікабрытаніі.

Таму, заявіла канцлер, магчыма, што новыя санкцыі супраць Расеі могуць быць уведзеныя, але з умовай, што іх можна будзе спыніць, калі стане бачна, што «працэс насамрэч адбываецца».

З заявамі, што, нягледзячы на аб’яўленьне пра спыненьне агню ва Ўкраіне, новыя санкцыі супраць Расеі ўсё роўна неабходныя, выступілі сёньня некалькі вядучых брытанскіх палітыкаў.

Новыя, больш строгія, санкцыі ЭЗ супраць Расеі за яе дзеяньні па дэстабілізацыі Ўкраіны павінны быць уведзеныя, нягледзячы на тое, што сёньня абвясьцілі пра спыненьне агню на ўсходзе Ўкраіны, заявіў прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Дэвід Кэмэран.

Дэвід Кэмэран і Пятро Парашэнка на саміце НАТО

Дэвід Кэмэран і Пятро Парашэнка на саміце НАТО

«Мы павінны выразна даць зразумець, што санкцыі, якія мы ўзгаднілі ў мінулую суботу ў Брусэлі, будуць уведзены. Але, вядома, калі спыненьне агню і належны мірны плян будуць увасоблены, то, канечне, тады будзе правільна паглядзець, як гэтыя санкцыі можна было б, магчыма, зьняць, калі будуць дасягнуты адпаведныя этапы», — сказаў ён на прэс-канфэрэнцыі на саміце НАТО.

Раней міністар замежных спраў Вялікабрытаніі Філіп Хамонд таксама заяўляў, што ў будучыні можна будзе думаць пра зьняцьце санкцый супраць Расеі — але для гэтага неабходна, каб расейскія войскі адступілі з Украіны ў Расею, каб Масква спыніла падтрымку сэпаратыстаў узбраеньнем, спыніла артылерыйскія і ракетныя абстрэлы Ўкраіны з тэрыторыі Расеі, сказаў ён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG