Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі мір, саміт НАТО, санкцыі Эўразьвязу. Галоўныя вынікі дня


Паседжаньне кантактнай групы ў Менску 5 верасьня 2014

Паседжаньне кантактнай групы ў Менску 5 верасьня 2014

Падсумаваньне найважнейшых падзеяў дня.

Менскі мір

Кучма, Захарчанка, Тальявіні, Зурабаў

Кучма, Захарчанка, Тальявіні, Зурабаў

На пасяджэньні кантактнай групы паміж прадстаўнікамі Ўкраіны, самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР», а таксама АБСЭ ў Менску быў падпісаны пратакол аб спыненьні агню на Данбасе з 18:00 пятніцы 5 верасьня. Падпісанае пагадненьне складаецца з 12 пунктаў, заявіла прадстаўніца АБСЭ Гайдзі Тальявіні. Аднак пазьней на саміце НАТО ў Валіі прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што ў Менску быў узгоднены і ўхвалены ягоны мірны плян з 14 пунктаў. Адразу пасьля падпісаньня пагадненьня Парашэнка загадаў Генэральнаму штабу Ўзброеных сілаў Украіны спыніць агонь. Паводле першых паведамленьняў, адразу пасьля 18.00 страляніна на ўсходзе Ўкраіны спынілася.

Саміт НАТО

Кэмэран, Парашэнка ў Ньюпарце

Кэмэран, Парашэнка ў Ньюпарце

Двухдзённы саміт НАТО ў валійскім Ньюпарце скончыўся шэрагам гістарычных рашэньняў. Першы дзень быў прысьвечаны Ўкраіне. Члены альянсу выказалі анагалосную падтрымку Кіеву, асудзілі агрэсію Расеі, стварылі чатыры траставыя фонды для ўмацаваньня ўкраінскай абароназдольнасьці і вырашылі пастаўляць Украіне зброю. Лідэры краінаў Паўночнаатлянтычнага альянсу ўхвалілі стварэньне сілаў хуткага рэагаваньня ў адказ на пагрозы з боку Расеі. Злучаныя Штаты і Вялікая Брытанія абмеркавалі зь іншымі саюзьнікамі па НАТО магчымасьць фармаваньня кааліцыі, накіраванай на барацьбу з гэтак званай «Ісламскай дзяржавай», якая ўключае і вайсковы аспэкт.

Санкцыі Эўразьвязу

У працягу дня паведамлялася, што ўвядзеньне новых санкцыяў Эўразьвязу супраць Расеі адкладаецца ў сувязі з падпісаньнем у Менску пагадненьня аб замірэньні і абмене ваеннапалоннымі, які заплянаваны на 6 верасьня. Аднак бліжэй да канца дня брытанскі прэм’ер-міністар Дэйвід Кэмэран заявіў, што ўзгодненыя ў мінулую суботу санкцыі павінны быць уведзеныя, а калі сытуацыя нармалізуецца, іх можна будзе скасаваць.

XS
SM
MD
LG