Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саміт НАТО ва Ўэльсе ўжо пасьпяшаліся назваць «гістарычным». Нават памятаючы пра схільнасьць журналістаў да гучных мэтафараў, з гэтым вызначэньнем, бадай што, варта пагадзіцца. Украінскі крызіс, востры палітычны канфлікт між Расеяй і Захадам вядзе да заўважнага перафарматаваньня ўсёй сыстэмы міжнародных адносін. Гэта цалкам тычыцца і новай ролі НАТО ў сьвеце.

Так часта бывае ў міжнародным жыцьці, калі арганізацыя, створаная для вырашэньня адных задач, выкананьня пэўных функцыяў, апынаецца ў складанай сытуацыі, калі палітычны працэс рэзка мяняецца, утвараецца новы гістарычны кантэкст. І ўзьнікае праблема, як упісаць старую структуру ў новую сыстэму. Існуе шмат падобных прыкладаў. Вось нечакана гістарычнымі рэліктамі сталі такія арганізацыі, як АБСЭ ці СНД. У пэўным сэнсе тое ж самае можна сказаць пра НАТО.

Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы — натуральны прадукт пэўнай гістарычнай эпохі, пэрыяду «халоднай вайны». Яе стварылі дзеля процідзеяньня савецкай пагрозе. Сфармаваны ў 1949 годзе, альянс цягам амаль 40 гадоў супрацьстаяў іншаму ваенна-палітычнаму блёку — Арганізацыі Варшаўскай дамовы.

Новая гістарычная эпоха, якая настала з пачатку 90-х гг., ва ўвесь рост паставіла праблему далейшага лёсу НАТО. Тая задача, дзеля якой яно стваралася (пагроза з боку СССР), зьнікла. Паўстала пытаньне пра новую місію альянсу ў міжнародных умовах, якія істотна зьмяніліся.

Вядома, што інстытут, створаны для вырашэньня адной задачы, вельмі цяжка пераарыентаваць на рашэньне іншай. Асабліва калі гаворка ідзе пра такую вялікую, складаную, аброслую бюракратычным апаратам міжнародную арганізацыю.

Эвалюцыя функцыяў і місіі НАТО адбывалася цяжка. Былі сфармуляваныя новыя задачы: процідзеяньне тэрарызму і іншым «асымэтрычным пагрозам», захаваньне стабільнасьці ў сьвеце, урэгуляваньне крызісаў. То бок, калі казаць груба, функцыя міжнароднага паліцэйскага.

У зьвязку з гэтым узьніклі новыя праблемы. Найперш, са зьнікненьнем савецкай пагрозы ў шмат якіх краін рэзка зьменшылася адчуваньне вонкавай небясьпекі. Згодна з падпісанымі пагадненьнямі, усе краіны-чальцы НАТО павінны штогод выдзяляць на абарону ня менш за 2% бюджэту. Аднак з 28 дзяржаў-сябраў альянсу звычайна толькі 4-5 краін выконваюць гэтае патрабаваньне. Усе спадзяюцца на ЗША.

Узьнікла і іншая праблема: наколькі НАТО патрэбна Злучаным Штатам? Зонай першачарговай адказнасьці альянсу была Эўропа, Атлянтыка. Але сёньня цэнтар усясьветнай эканомікі і палітыкі перамяшчаецца ў Паўднёва-Ўсходнюю Азію. А значыць, туды перамяшчаецца і галоўны інтарэс ЗША. І якая там роля НАТО?

Падчас першага міжнароднага крызісу пасьля заканчэньня халоднай вайны — косаўскага (1999 г.) — гэты ваенна-палітычны саюз выступіў як кансалідаваная сіла. Але ўжо ў наступных крызісах Вашынгтон паказаў, што можа абыходзіцца і бяз НАТО. Сваю антытэрарыстычную апэрацыю ў Аўганістане ў 2001 г. ЗША правялі па-за рамкамі Паўночнаатлянтычнага альянсу, хоць і пры яго салідарнай падтрымцы. У ходзе той кампаніі для Злучаных Штатаў ці не важнейшаю была падтрымка ад Расеі, ад дзяржаў Цэнтральнай Азіі, чым ад эўрапейскіх саюзьнікаў.

А ў пэрыяд Ірацкай вайны 2003 году блёк НАТО ўвогуле раскалоўся. Неабходна зьвярнуць увагу, што не Расея ці Кітай, а Францыя і, збольшага, Нямеччына выявіліся галоўнымі праціўнікамі амэрыканскай ваеннай апэрацыі ў Іраку.

Цяпер асноўнай задачай НАТО стала супрацьдзеяньне агрэсіўнай палітыцы Расеі

З Ірацкай вайны НАТО выйшла аслабленай. Да таго ж павелічэньне колькасьці чальцоў альянсу прывяло, хутчэй, да яго аслабленьня. Паколькі рашэньні ў НАТО прымаюцца кансэнсусам, то зьявіліся новыя цяжкасьці з узгадненьнем пазыцыяў. Экспэрты пачалі казаць, што цяпер гэта «калёс на гліняных нагах». І, дарэчы, з гэтай прычыны Расея даволі спакойна ўспрыняла пашырэньне альянсу на ўсход, уступленьне ў яго краінаў Балтыі.

І вось цяпер украінскі крызіыс шмат што зьмяніў. Агрэсія Расеі супраць Украіны, думаю, прывядзе да большай дысцыпліны ў рамках альянсу. Краіны-чальцы пачнуць больш траціць на абарону.

І ўвогуле, нарэшце альянс знайшоў сваю місію, нішу ў сыстэме міжнародных адносін, якую шукаў цягам чвэрці стагодзьдзя. Дакладней, яна знайшлася сама. Цяпер асноўнай задачай НАТО стала супрацьдзеяньне агрэсіўнай палітыцы Расеі. І ня трэба нічога прыдумляць. Тут Пуцін моцна дапамог Захаду. Альянс вярнуўся да свайго пачатку, да той функцыі, дзеля якой ён быў створаны. Такая дзіўная гістарычная сьпіраль.

Кажуць, гісторыя не паўтараецца. Яно, можа, і так. Але ёсьць такая рэч, як геапалітыка. А яна вельмі стабільная.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG