Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандуктарка ня хоча ісьці ў кантралёры нават пад пагрозай страты працы і жытла


У грамадзкім транспарце Менску ўзмацніўся кантроль за безьбілетнікамі — з 1 верасьня гарадзкіх кандуктараў масава перавялі ў кантралёры, у выніку колькасьць іх павялічылася ў чатыры разы. Аднак навацыяй незадаволеныя ня толькі «зайцы», але і сумленныя пасажыры, і кіроўцы, дый самі кантралёры.

Кандуктары зь менскіх аўтобусаў, тралейбусаў і трамваяў сышлі колькі дзён таму, але пасажыры пасьпелі заўважыць іх адсутнасьць. Гэтым фактам збольшага незадаволеныя, а пра ўзмоцненую лоўлю «зайцоў» выказваюцца скептычна.

Пасажырка: «Кандуктары, вядома, патрэбныя — іншы раз і няма таго талёнчыка пад рукой».

Карэспандэнтка: «Ці не зашмат кантралёраў?»

Пасажырка: «Не, не зашмат. Цяпер праезд дарагі — можа, і ёсьць такая спакуса ў каго, каб бясплатна праехаць».

Спадар: «Патрэбныя былі кандуктары: бывае, што няма дзе набыць і таго талёна, а ў кіроўцы таксама няма. А так — разьлічыўся на месцы, і добра. І больш эфэктыўныя, думаю, кандуктары, чым кантралёры».

Карэспандэнтка: «Ці патрэбна гэтулькі кантралёраў?»

Спадарыня: «Не, не патрэбна ні кандуктараў, ні кантралёраў. Навошта яны? Хто плаціў, той і будзе плаціць. А хто захоча — той пасварыцца і ўсё роўна не заплаціць. Толькі нэрвы падыме і ім, і сабе. Ня трэба ні кандуктараў, ні кантралёраў. Няхай бяруць венік і ідуць месьці вуліцу».

Функцыі кандуктараў даручылі кіроўцам: набыць талёнчык на разавую паездку ў грамадзкім транспарце можна толькі ў іх. А гэта перашкаджае руху, кажа кіроўца аўтобуснага маршруту № 1:

Карэспандэнтка: «Для вас як для кіроўцаў калі лепш і спакайней працаваць на лініі: калі працуюць кандуктары ці кантралёры?»

Кіроўца: «З кандуктарам лягчэй — не адцягваеш увагі ад дарогі».

Карэспандэнтка: «А „зайцоў“ ад кантралёраў стане менш?»

Кіроўца: «Па-мойму будзе тое самае, што і было. У нас кантралёры добрыя, яны шмат адпускаюць».

У нас кантралёры добрыя, яны шмат адпускаюць

Кантралёры грамадзкага транспарту цяпер працуюць на ўсіх гарадзкіх лініях цягам дня, але асабліва яны заўважныя ў гадзіну пік на канцавых прыпынках і каля станцыяў мэтро. На прывакзальнай плошчы Менску аўтобусы сустракае брыгада зь дзьвюх жанчын-кантралёрак. Адна зь іх дзеліцца ўражаньнямі ад першых дзён працы ў новай якасьці:

Карэспандэнтка: «Вы даўно працуеце кантралёрам ці перавялі з кандуктараў?»

Кантралёр: «Так. Перавялі»

Карэспандэнтка: «Пераходзілі ахвотна, праца падабаецца?»

Кантралёр: «Не скажу, што жаданьне было... Абяцаюць нам, канечне, заробак, але ўсё залежыць ад таго, колькі „зайчыкаў“ зловіш».

Карэспандэнтка: «Дзе лепш падабалася?»

Кантралёр: «Канечне, прадаваць талёны. А тут трэба шмат нэрваў трапаць. Гэта трэба быць жорсткім і злым».

Карэспандэнтка: «Ці шмат людзей ня плаціць?»

Кантралёр: «Вельмі шмат. Штраф вялікі — 75 тысяч рублёў, — ня ўсе такія грошы з сабою маюць. Шмат вельмі ўцякаюць. Проста штурхаюць у плечы, і ледзь не да бойкі. Учора ў мяне было пяць „зайцоў“, і ніводзін не заплаціў. На стаўку затрымаць чатырох „зайцоў“ — гэта вельмі цяжка. Гэта трэба сталёвыя нэрвы — ледзь не з кулямётам хадзіць трэба».

Карэспандэнтка: «Вы працуеце ўдваіх з каляжанкай — за сваю бясьпеку не хвалюецеся?»

Кантралёр: «Выклікаем міліцыю. Але пакуль міліцыя, то яны і ўцякаюць — ня будзеш жа на іх капканы ставіць. Я думала, што да пэнсіі дапрацую, але ня ведаю... Буду працаваць, колькі нэрваў і здароўя хопіць».

Вольга Савічава на сёньня засталася адзіным кандуктарам у гарадзкім транспарце Менску. Дзяўчына адмовілася пераходзіць у кантралёры і праз гэта нажыла сабе шмат клопатаў і праблемаў:

«Я амаль апошні кандуктар у горадзе Менску. Я сірата, хоць і мянчанка, уладкавалася ў аўтапарк № 2, і ў мяне інтэрнат ад аўтапарку. Я восем гадоў сумленна працавала ў парку кандуктарам да моманту, калі прымусілі напісаць пераводы. А пайшла на прынцып і сказала, што застануся кандуктарам, альбо скарачайце мяне. Мяне мусілі скараціць, але тады адміністрацыі гэта нявыгадна. Бо ім давядзецца ня толькі выплаціць мне тры заробкі, але таксама пакінуць пакой у інтэрнаце, а гэта страты матэрыяльныя для іх. Вось яны цяпер мяне цкуюць. Я б і далей працавала кандуктарам і жыла ў інтэрнаце, а кантралёрам ісьці не хачу — гэта сабачая праца. Кандуктарам маральна быць цяжка — ня ведаеш, як тыя чатыры тысячы вырваць за праезд, а кантралёрам — гэта ўвогуле... „Зайцоў“ можна кучу налавіць, але як у іх вырваць гэтыя 75 тысяч? Я на гэта маральна не гатовая. А ў мяне інтэрнат, і я буду вымушаная ўсё жыцьцё на гэтай працы заставацца. Вось мяне і цкуюць, каб я сама сышла. Мне пагражаюць, што не працягнуць кантракт, і тады я аўтаматычна буду звольненая. І тады я буду вымушаная пакінуць інтэрнат, а жыць мне больш няма дзе».

Як паведаміла Вольга Савічава, апошні дзень працы кандуктарам паводле кантракту ў яе 8 кастрычніка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG