Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Станіслаў Бялкоўскі: Міру ня будзе


Станіслаў Бялкоўскі
Станіслаў Бялкоўскі

Падпісаньне ў Менску пагадненьня аб спыненьні агню, нават калі яно будзе дасягнута, ня стане падставай для сапраўднага міру ва Ўкраіне. У бакоў няма ідэалягічнай плятформы кампрамісу.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў расейскі палітоляг Станіслаў Бялкоўскі.

«Я лічу, што нават у выпадку падпісаньня дамовы аб спыненьні агню гаварыць пра завяршэньне канфлікту на тэрыторыі Ўкраіны цалкам заўчасна. Сама па сябе дамова не азначае ніякага поўнамаштабнага міру, бо няма канцэпцыі гэтага міру. Так званыя сэпаратысты Данецку і Луганску, за якімі стаіць Масква, фактычна дамагаюцца незалежнасьці гэтых рэгіёнаў ад Украіны, што абсалютна непрымальна для Кіева. Але і сама незалежнасьць Данецку і Луганску ня ёсьць мэтай Пуціна — яна толькі рычаг узьдзеяньня на сытуацыю. Канчатковая мэта — перафармаваньне ўкраінскай дзяржаўнасьці, яе зьмяненьне да непазнавальнасьці, і дамоўленасьць з Захадам пра далейшы лёс Украіны — дамоўленасьць, якая прадугледжвае фэдэралізацыю і пазаблёкавы статус Украіны, што, у сваю чаргу, ня можа задаволіць сёньняшнюю Ўкраіну», — кажа Бялкоўскі.

Прынцыповае разыходжаньне пазыцыяў бакоў не дае падставаў спадзявацца на сапраўдны мір.

«У сілу поўнай адсутнасьці ідэалягічнай плятформы кампрамісу і адсутнасьці імкненьня Пуціна да кампрамісу (а ён жадае даціскаць сытуацыю, бо лічыць, што мае магчымасьць перамагчы і прымусіць Захад да перамоваў пра лёс ня толькі Ўкраіны, але і ўсёй постсавецкай прасторы на ўмовах, якія задавальняюць Пуціна), я не лічу, што менскія дамоўленасьці, нават калі яны сёньня будуць дасягнутыя і фармалізаваныя, зробяцца надзейнымі і доўгатэрміновымі і наагул прывядуць да якаснага зьмяненьня сытуацыі», — адзначае палітоляг.

Сама па сябе дамова не азначае ніякага поўнамаштабнага міру, бо няма канцэпцыі гэтага міру

На яго думку, Украіна ідзе на гэтыя дамоўленасьці толькі таму, што апошнія два тыдні былі вельмі няўдалыя для яе ў ваенным сэнсе і Кіеву патрабуецца перадышка.

Пры гэтым Бялкоўскі лічыць, што так званыя «сем пунктаў» мірнага пляну Ўладзімера Пуціна і сёньняшнія перамовы адлюстроўваюць імкненьне Крамля пазьбегчы новай хвалі заходніх санкцыяў.

«Дзеля гэтага ўсё і робіцца — каб зацягнуць новую хвалю санкцыяў на неакрэсьлены час. Але калі санкцыі будуць уведзеныя, то гэта падштурхне Ўладзімера Пуціна да новых дэструктыўных дзеяньняў, бо пад зьнешнім узьдзеяньнем Пуцін заўсёды робіць наадварот», — падкрэсьліў Бялкоўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG