Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску дамовіліся пра спыненьне агню на ўсходзе Ўкраіны


На пасяджэньні кантактнай групы паміж прадстаўнікамі Ўкраіны, самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» з удзелам АБСЭ падпісаны пратакол аб спыненьні агню на Данбасе з 18:00 5 верасьня.

Падпісанае пагадненьне складаецца з 12 пунктаў, заявіла прадстаўніца АБСЭ Гайдзі Тальявіні.

Падчас кароткага выхаду да прэсы ўдзельнікі перамоваў зрабілі наступныя заявы.

Гайдзі Тальявіні: «Мы толькі што падпісалі пратакол, які складаецца з 12 пунктаў. Самы галоўны зь іх — гэта неадкладнае спыненьне агню, якое павінна пачацца сёньня а 18 гадзіне».

Ігар Платніцкі: «Народныя рэспублікі доўга абмяркоўвалі гэтае пытаньне, і мы вымушаныя пагадзіцца з тым, што большасьць пунктаў таго, што мы падпісалі, адпавядае нашым патрабаваньням таксама. Мы лічым, што неадкладнае спыненьне агню ўнясе ў адзіны народ, які разьдзелены ідэалёгіяй, больш шчыльнае супрацоўніцтва і дасьць аснову для далейшых разьвіцьцяў як эканамічных, так палітычных і іншых мэтадаў і плятформаў для разьвіцьця. Мы гатовыя таксама а 18 гадзіне па менскім часе спыніць агонь. Але гэта не азначае, што гэта зьяўляецца нейкай зьменай курсу нашага на тое, што мы зьбіраемся... гэты курс скончыць. Гэта вымушаная мера для таго, каб у народзе перастала ліцца кроў».

Аляксандр Захарчанка: «Спыненьне агню дазволіць нам захаваць жыцьці ня толькі мірных грамадзянаў, але і тых людзей, якія са зброяй у руках адстойваюць свае ідэалы, свае мэты».

Прадстаўніца АБСЭ паведаміла, што бакі дамовіліся пра тры асноўныя пункты, акрамя спыненьня агню. Першае — гэта адвод цяжкага ўзбраеньня. Другое — абмен палоннымі паводле прынцыпу «ўсіх на ўсіх». І трэцяе — гуманітарная дапамога.

Леанід Кучма сказаў, што перамовы можна лічыць першым і вельмі важным крокам па ўсталяваньні сапраўднага міру. Таксама Кучма падзякаваў асабіста Лукашэнку за магчымасьць у Менску весьці перамовы пра мір на Данбасе.

Пасол Расеі ва Ўкраіне Міхаіл Зурабаў паведаміў, што для рэалізацыі сёньняшняга пратаколу і ягоных 12 пунктаў будзе падпісаны мэмарандум, праца над якім пачнецца ад сёньня. Гэты мэмарандум «рэалізуе палітычныя асновы дамовы», сказаў Зурабаў. Паводле яго, будзе створана адмысловая структура для выкананьня дамовы. Цяпер ёсьць 2 вэрсіі мэмарандуму — ад Украіны і ад сэпаратыстаў. Будзе створаная экспэртная група, праведзеныя відэаканфэрэнцыі і знойдзена агульнае рашэньне. Пасьля гэтага гэты мэмарандум змігуць падпісаць прадстаўнікі Кіева і ДНР-ЛНР.

Паводле Леаніда Кучмы, ужо 6 верасьня ў Данбас пойдзе гуманітарны канвой, а ў панядзелак дамовяцца пра ўсе гуманітарныя калідоры.

Паводле Аляксандра Захарчанкі, узброеныя сілы ДНР і ЛНР «спыняюць наступальную апэрацыю» — гэта ёсьць асноўнай гарантыяй выкананьня сёньняшніх дамоваў.

Ігар Платніцкі на пытаньне пра дамовы аб статусе ДНР і ЛНР сказаў, што «да гэтага яшчэ не дайшлі». Пры гэтым Ігар Платніцкі сказаў, што яны гатовыя размаўляць з Кіевам пра гэта. Платніцкі зьвярнуўся да кіяўлян з перасьцярогай не агітаваць да паходу «на ўсход». «Мы ведаем з гісторыі, чым заканчваліся такія паходы», — сказаў Платніцкі.

А 19-й гадзіне ўдзельнікі перамоваў разьехаліся з «Прэзыдэнт-гатэля».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG