Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кучма ў Менску: З украінскага боку перашкодаў для замірэньня няма


Леанід Кучма

Леанід Кучма

«Мы прыехалі па мір», — заявіў экс-прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма перад пачаткам паседжаньня ў Менску трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі ва Ўкраіне.

«Самае галоўнае — гэта замірэньне, трэба перастаць забіваць адзін аднаго», — кажа Леанід Кучма.

Кучма ня стаў адказваць на пытаньне журналістаў, як ён ставіцца да «мірнага пляну» Ўладзімера Пуціна.

Сёньня, 5 верасьня, у Менску адбываецца паседжаньне трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі ва Ўкраіне.

Самаабвешчаныя рэспублікі ДНР і ЛНР у Менску будуць прадстаўленыя: так званым прэм’ерам-міністрам ДНР Аляксандрам Захарчанкам і кіраўніком ЛНР Ігарам Платніцкім. Таксама ў перамовах удзельнічаюць віцэ-прэм’ер ДНР Андрэй Пургін і старшыня вярхоўнай рады ЛНР Аляксей Каракін

Украіну прадстаўляе экс-прэзыдэнт Леанід Кучма. У перамовах удзельнічаюць прадстаўнікі АБСЭ і амбасадар Расеі ва Ўкраіне Міхаіл Зурабаў.

Чакаецца, што ўдзельнікам перамоў будуць прадстаўленыя пляны па ўрэгуляваньні ваеннага канфлікту на паўднёвым усходзе Ўкраіны, прапанаваныя прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам і прэзыдэнтам РФ Уладзімерам Пуціным.

4 верасьня пасьля сустрэчы з кіраўнікамі вядучых краінаў НАТО ва Ўэльсе прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што загадае Ўзброеным сілам Украіны, якія змагаюцца супраць прарасейскіх сэпаратыстаў, спыніць агонь з 5 верасьня, а гэта мае пракласьці шлях для ажыцьцяўленьня паэтапнага мірнага пляну.

Выступаючы па-за афіцыйнай праграмай саміту НАТО, ён адзначыў, што пагадненьне аб спыненьні агню было ўмовай правядзеньня ў Менску ў пятніцу сустрэчы пасланцоў Украіны, Расеі і АБСЭ.

«А 14:00 па мясцовым часе, пры ўмове, што сустрэча ў Менску адбудзецца, я загадаю Генэральнаму штабу ўвесьці двухбаковае спыненьне агню, і мы спадзяёмся, што рэалізацыя мірнага пляну пачнецца 5 верасьня», — сказаў Парашэнка.

Таксама ён паведаміў, што зь лідэрамі вядучых краін НАТО ўзгоднена, што ў выпадку зрыву перамоваў можа быць запушчаны іншы варыянт. Парашэнка назваў яго «рашучымі дзеяньнямі». «Калі гэтага не адбудзецца, то імавернасьць нашых рашучых дзеяньняў па дээскаляцыі канфлікту зьяўляецца вельмі высокай, але мы хочам міру», — сказаў ён.

Кіраўнікі прарасейскіх сэпаратыстаў з так званых «ДНР» і «ЛНР» Аляксандар Захарчанка і Ігар Платніцкі заявілі 4 верасьня, што гатовыя 5 верасьня а 14 гадзіне аддаць загад аб спыненьні агню ў тым выпадку, калі ўдасца дасягнуць дамоўленасьцяў, перадае ИТАР-ТАСС.

Яны таксама заявілі, што сёньня ў Менску прадставяць на разгляд кантактнай групы свае прапановы пра рэжым спыненьня агню, у якіх будуць «дэталёва прапісаныя гарантыі захаваньня гэтага рэжыму бакамі канфлікту».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG