Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Данатас Банёніс. Ніхто не хацеў паміраць


У Вільні на 91-м годзе жыцьця памёр актор тэатру і кіно Данатас Банёніс.

Галоўнай справай жыцьця Данатаса Банёніса была служба ў Панявескім драматычным тэатры, створаным ягоным настаўнікам, знакамітым рэжысэрам Юозасам Мільцінісам. Сто роляў у тэатры. Больш за 50 — у кіно: «Ніхто не хацеў паміраць», «Чырвоная палатка», «Гоя, або цяжкі шлях пазнаньня», «Салярыс», «Уцёкі містэра Мак-Кінлі», «Мёртвы сэзон», «Бэтховэн — адзін дзень жыцьця».

Некалькі гадоў таму Данатас Банёніс выдаў кнігу ўспамінаў «Я зь дзяцінства жадаў іграць», пра якую распавёў у інтэрвію Радыё Свабода. «Кожны свой пэрсанаж — казаў Банёніс — я заўсёды стараўся раскрыць праз чалавечыя жарсьці, паказваючы сутнасьць асобы. Рэжысэр Мільцініс, які імкнуўся да натуральнасьці, гаварыў нам: «Ня трэба іграць, трэба быць чалавекам». Для кіно актора адкрыў рэжысэр Вітаўтас Жалакявічус. Вось як сам Данатас Банёніс згадваў той час:

— Калі ён запрасіў, я ўзрадаваўся. Спачатку было вельмі цяжка і не спадабалася. Але потым — другі раз, трэці раз. І апошні раз — ужо такі ўдалы чацьверты фільм «Ніхто не хацеў паміраць» — тое, што тычыцца чалавечага лёсу. Гэта праўда, фактычна, ніхто не хацеў паміраць.

— Пераломны, напэўна, факт вашай біяграфіі наступіў, калі вы павінны былі вырашыць: застацца пасьля вайны ў Літве або зьехаць на Захад.

— Так, гэта было ў 1944 годзе, калі ўжо набліжаліся савецкія войскі — мы вырашылі падацца на Захад, таму што баяліся бальшавікоў. Госпадзе, ня ведаеш, за што цябе арыштуюць. Многія ўцякалі, і мы ўцякалі. Потым нас дагналі на захадзе Літвы. Калі ўжо прыйшла савецкая ўлада, мы тады: «Ой, як мы вас чакалі, ой, як добра!» Ну, што рабіць? Калі скажаш «не чакалі» — у Сыбір і ўсё. Людзей арыштоўвалі без суда і высылалі, і ня ведаеш чаму. Падчас акупацыі мы выступалі ў тэатры — «А, значыць, вы здраднікі...» Мы хацелі выратавацца ад таго страшнага рэжыму, сталінскага. Я потым быў у Амэрыцы, у 1970 годзе ўпершыню, і бачыў усіх сваіх калегаў, якія зьехалі. Яны на заводзе працавалі... Я акторам ня стаў бы там дакладна. Так што, дзякуй Богу, што застаўся.

Кадр з фільму "Мёртвы сэзон", 1968

Кадр з фільму "Мёртвы сэзон", 1968



Даводзілася Данатасу Банёнісу іграць і прэзыдэнтаў. «Увайшоў ў ролю, адыграў, атрымаў ганарар і — свабодны» — прастадушна пасьмейваецца актор, які наогул падкрэсьлена пазьбягае палітыкі, гледзячы на пэрыпэтыі жыцьця сапраўдных прэзыдэнтаў. «Я ім не зайздрошчу» — кажа ён. А вось прэзыдэнты, здаецца, у душы зайздросьцяць Банёнісу, калі зь юнацтва бяруць зь яго прыклад. Уладзімер Пуцін неяк прызнаўся, што пайшоў вучыцца на выведніка пасьля фільму «Мёртвы сэзон». «Вы — мой хросны бацька» — сказаў расейскі кіраўнік, паціскаючы руку літоўскаму актору падчас аднаго з афіцыйных прыёмаў ў Маскве. Банёніс успамінаў у 2006 годзе гэты эпізод так:

— Мы проста пажартавалі, ёсьць у мяне фатаграфія — мы зь ім разам стаім і размаўляем. Ну, што... сымпатычны, як чалавек. А палітыкай я не займаюся. Тым больш ён ужо — у чужой краіне.

У савецкія гады турысты цэлымі аўтобусамі, нават здалёку, спэцыяльна прыяжджалі ў Літву, каб убачыць Данатаса Банёніса. Вось што казаў ён аб прынцыпах, паводле якіх ён жыў тады, калі яму ўжо пераваліла за 80:

— Дзесяць божых запаведзяў — там усё сказана. Гэта самае галоўнае для чалавечага жыцьця. Жыву ўспамінамі. Ёсьць прапановы — яшчэ ў кіно трошкі паздымаюся, такія невялікія ролі ў расейскіх карцінах. Нічога не раблю. Пачытаю што-небудзь, пагляджу трошкі тэлевізію. Але яна дрэнная цяпер, для тых, у якіх розум не працуе. Для мяне гэта проста пустата, мне нецікава крыўляньне, якое я бачу ў кіно і ў тэатры. Розум сышоў, розум! Адзін хлопец мне неяк сказаў: «Слухай, ты іграеш гэтага, як яго, Бэ... Бэ...» Я кажу: «Бах!» — «Вось-вось, Бах. Каму ён патрэбны? Ты паглядзі — пяцьсот чалавек зьбіраецца паслухаць гэтага твайго Баха, а мы — дваццаць тысяч — зьбіраемся на стадыёне, усю ноч мы там можам праслухаць. А, няважна, што слухаць — я кайф атрымліваю. Дваццаць тысяч там — кайф, а твае пяцьсот — сумуюць над гэтым, як яго... Бахам».

— А ад чаго кайф атрымліваеце вы?

— Я кайф не атрымліваю. Я атрымліваю, можа быць, пакуты, пакутаваньне. Кайф атрымліваюць жывёлы. Ну, калі паглядзець гістарычна, увесь час было: то ўздым, то заняпад, то ўздым, то заняпад... А я перажыў ўздым культуры!

28 красавіка Данатасу Банёнісу споўнілася 90 гадоў.

XS
SM
MD
LG