Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін ідзе шляхам Салжаніцына?


Салжаніцыі і Пуцін у 2007 годзе.

Салжаніцыі і Пуцін у 2007 годзе.

Робэрт Колсан і Багдан Цюпін.

Пуцін ідзе шляхам, прапанаваным Салжаніцыным. Такім чынам некаторыя назіральнікі камэнтуюць выказваньні расейскага лідэра аб легітымнасьці існаваньня Казахстана як дзяржавы. На думку гэтых аглядальнікаў, пуцінскае бачаньне «вялікай Расеі» сугучна з палажэньнямі, выкладзенымі расейскім пісьменьнікам Аляксандрам Салжаніцыным у эсэ, апублікаваным у 1990 годзе.

29 жніўня падчас нефармальнага дыялёгу Ўладзімера Пуціна з удзельнікамі пракрамлёўскага моладзевага лягеру на возеры Селігер адна з дзяўчынаў выказала занепакоенасьць «ростам нацыяналізму» ў Казахстане.

«Цяпер шмат бясконцых дыскусій пра нацыяналізм ва Ўкраіне. Але мы занепакоеныя іншай сытуацыяй, зьвязанай з ростам нацыяналістычных настрояў у Казахстане, асабліва на поўдні», — сьцьвярджала ўдзельніца пракрамлёўскага моладзевага лягера.

Дзяўчына скардзілася, ці не пагражае «ўкраінскі сцэнар», калі нязьменны прэзыдэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў будзе вымушаны сысьці з пасады і пыталася, ці мае Крэмль плян дзеяньняў на такі выпадак. «Якія магчымасьці законнай інтэграцыі? (Паўночнага Казахстана ў склад Расеі)», — цікавілася яна.

Прэзыдэнт Пуцін адзначыў важнасьць Казахстана як саюзьніка і шчодра хваліў Назарбаева як мудрага лідэра, які клапоціцца пра дабрабыт сваёй краіны. Ён сказаў, што Назарбаеў, магчыма адзін з самых ўмелых кіраўнікоў постсавецкіх дзяржаў. Але частка яго адказу выклікала занепакоенасьць у гэтай краіне Сярэдняй Азіі.

«Назарбаеў дамогся зусім унікальнага. Ён утварыў дзяржаву на тэрыторыі, дзе ніколі дзяржавы не было. Казахі ніколі ня мелі сваёй дзяржавы. У пэўнай ступені ён унікальная асоба на постсавецкай прасторы», — сьцьвярджаў Уладзімер Пуцін.

Ўпарадкаваньне Расеі?

Аналітык Мірыям Элдэр адзначыла ў артыкуле на сайце «BuzzFeed», што адказ Пуціна пра Казахстан і яго мінулыя заявы адносна Ўкраіны паўтараюць довады, апублікаваныя пісьменьнікам Аляксандрам Салжаніцыным у эсэ «Як нам ўпарадкаваць Расею?» 1990 году.
У тым эсэ, апублікаваным на фоне развалу СССР, Салжаніцын крытыкаваў межы, акрэсьленыя савецкай уладай, якія, паводле яго, разарвалі традыцыйную «Русь». Ён выступаў за стварэньне «Расейскага саюза» з зямель Украіны, Беларусі, Расеі і тэрыторый Казахстана, населеных этнічнымі расейцамі.

Салжаніцын прызнаваў прыгнёт украінцаў за савецкім часам, але настойваў, што гэта ня можа быць прычынай «адсякаць Украіну» і асабліва «тыя землі, якія не былі тэрыторыяй старажытных ўкраінскіх зямель... Наваросіі, або Крым, ці Данбас, а таксама рэгіёны, практычна да Касьпійскага мора».

Сугучна з рыторыкай сёньняшняй Масквы Салжаніцын сьцьвярджаў, што ў выпадку аддзяленьня Ўкраіны, гэтыя землі павінны мець права на «самавызначэньне».

Хоць пісьменьнік атрымаў сусьветную славу за выкрыцьцё савецкай сыстэмы турмаў і лягераў ГУЛАГ і быў заўзятым антыкамуністам, Салжаніцын горача вітаў Пуціна ва ўладзе і хваліў яго за нібыта адраджэньне нацыянальнага гонару Расеі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG