Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Расея груба парушае міжнароднае права, — Камісія Ўкраіна-НАТО


Пятро Парашэнка на саміце НАТО

Пятро Парашэнка на саміце НАТО

Краіны-сябры НАТО лічаць, што ваенныя або падрыўныя дзеянні Расеі на тэрыторыі Ўкраіны, якія ажыцьцяўляюцца зь любой нагоды, уключна з гуманітарнай, зьяўляюцца парушэньнем міжнароднага права. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве Камісіі Ўкраіна-НАТО, прынятай у чацьвер па выніках яе пасяджэньня на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў.

У чацьвер у горадзе Ньюпорт ва Ўэльсе ў Вялікабрытаніі пачаўся саміт НАТО, на якім адным з галоўных пытаньняў зьяўляюцца наступствы становішча ва Ўкраіне пасьля ваеннага ўварвання Расеі. Пётр Парашэнка ўжо правёў шэраг шматбаковых і двухбаковых сустрэч з кіраўнікамі краін-сябраў НАТО.

Удзельнікі сустрэчы падтрымалі сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны ў яе міжнародна прызнаных межах, а таксама рашуча асудзілі незаконную і нелегітымную аднабаковую анэксію Расеяй Крыма і пастаянную сьвядомую дэстабілізацыю на ўсходзе Ўкраіны. У заяве ўдзельнікі саміта заклікаюць Расею адмовіцца ад анэксіі Крыма, якой у краінах-сябрах НАТО не прызнаюць.

Расея павінна спыніць падтрымку сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны, вывесьці адтуль свае войскі і спыніць ваенную дзейнасьць уздоўж мяжы Ўкраіны і ўнутры Ўкраіны, паважаць правы мясцовага насельніцтва, уключаючы крымскіх татараў, і ўстрымлівацца ад новых агрэсіўных дзеяньняў у дачыненьні да Ўкраіны, — гаворыцца ў заяве.

Краіны-сябры НАТО прынялі да ўвагі просьбу Ўкраіны аб ваенна-тэхнічнай дапамозе, і многія зь іх гатовыя прадаставіць такую падтрымку на двухбаковай аснове.

Чакаецца, што 5 верасьня на саміце прымуць яшчэ шэраг рашэньняў у падтрымку Ўкраіны.

XS
SM
MD
LG