Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША спадзяюцца, што Расея выведзе войскі з Украіны


ЗША спадзяюцца на рэальнае спыненьне агню, «на тое, што расейскія войскі пакінуць Украіну», заявіў дзяржаўны сакратар ЗША Джон Кэры падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.

На сустрэчы, якая адбылася ў часе саміту НАТО ў Вялікабрытаніі, ён таксама адзначыў, што Злучаныя Штаты Амэрыкі і ў далейшым будуць падтрымліваць усімі сродкамі незалежнасьць, сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, а таксама працягнуць настойліва працаваць для кансалідацыі міжнародных намаганьняў для падтрымкі Ўкраіны, паведаміла прэс-служба кіраўніка ўкраінскай дзяржавы.

Парашэнка, са свайго боку, паведаміў Кэры аб пакеце прапаноў да плянаванага на заўтра пасяджэньня трохбаковай кантактнай групы, які падрыхтавала Ўкраіна. Парашэнка сказаў, што Ўкраіна «з асьцярожным аптымізмам чакае вынікаў гэтай сустрэчы», — гаворыцца ў паведамленьні.

«Адзінае, у чым мы маем патрэбу цяпер для міру і стабільнасьці, — гэта каб Расея вывела свае войскі і перакрыла мяжу. Калі гэта адбудзецца, запэўніваю вас, што Ўкраіна знойдзе мірнае вырашэньне на працягу наступных некалькіх дзён», — сказаў прэзыдэнт Украіны.

Ён знаходзіцца ў Вялікабрытаніі, дзе праходзіць саміт НАТО, на якім становішча ва Ўкраіне зьяўляецца адным з галоўных пытаньняў. Пётр Парашэнка, у прыватнасьці, правёў там шэраг шматбаковых і двухбаковых сустрэч з кіраўнікамі краін-членаў НАТО.

Чакаецца, што 5 верасьня на саміце будзе прыняты шэраг рашэньняў у падтрымку Ўкраіны.

Раней сёньня Парашэнка ня выключыў, што ўжо заўтра паміж бакамі супрацьстаяньня на Данбасе можа быць абвешчаны рэжым спыненьня агню, калі пра гэта атрымаецца дамовіцца на сустрэчы кантактнай групы ў Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG