Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Парасюк: Тое, што адбываецца ва Ўкраіне — вялікае выпрабаваньне для нацыі


Уладзімер Парасюк на Майдане, люты 2014

Уладзімер Парасюк на Майдане, люты 2014

Карэспандэнт Свабоды Паўло Зубюк пагутарыў з героем Майдану, а цяпер — камандзірам роты батальёну «Днепр» Уладзімерам Парасюком, які прайшоў праз «Ілавайскі кацёл», пабываў у палоне ў расейцаў, чачэнцаў і сэпаратыстаў ДНР, быў паранены і цяпер знаходзіцца ў Днепрапятроўскім шпіталі.

— Уладзімер, распавядзіце, калі ласка, як вы патрапілі ў палон, што з вамі здарылася і як атрымалася вызваліцца? Вы — вядомы чалавек, вас маглі затрымаць вельмі надоўга...

— Я не магу сказаць, як я выбраўся з палону, бо я ня ведаю. Ці мне проста пашанцавала, і яны мяне не пазналі, ці проста я іх не цікавіў. Яны шукалі іншых, напрыклад, як называлі імя Сямёна (Сяменчанкі, камандзіра добраахвотніцкага батальёну «Данбас» — рэд.) — я чуў на ўласныя вушы.

Наконт таго, як патрапіў у палон. Калі мы вырываліся з Ілавайску — нас было ў машыне 10 чалавек — я, мой сябра Тарас, усяго 4 чалавекі з «Данбасу» — астатнія мэдыкі. Калі пачаўся абстрэл — узьнялася шалёная паніка, у нас прабіла кола, мы адстрэльваліся. Давялося уцякаць у лес: як высьветлілася, там ужо было расейскае войска і нас узялі ў палон.

— Гэта былі расейскія жаўнеры, не «апалчэнцы», казакі ці асэтыны?

— Не, менавіта расейскія жаўнеры, яны гэта пацьвердзілі. Спачатку яны пыталіся, чаму мы прыехалі ў Расею ваяваць. Мы ім казалі, што гэта Данецкая вобласьць, Украіна.

— Яны ня ведалі, што яны ва Ўкраіне?

— Магу сказаць, прынамсі, пра аднаго зь іх. Мне перавязвалі рану на галаве, я разгаварыўся з жаўнерам.

— Як да вас ставіліся ў палоне, ці не катавалі?

— Расейская армія вельмі ламала дух. Кінулі на зямлю ў адных футболках — і параненых, і непараненых, 10 гадзін ад холаду курчыліся, потым запакавалі у пакрыты тэнтам «Камаз» амаль штабялямі — што рукой ці нагой паварушыць немагчыма. Вазілі паўдня па сьпякотным сонцы, тэмпэратура была нерэальная, нехта губляў прытомнасьць нават.

Можна ўзгадваць усё пагадзінна, пахвілінна. Калі я выберуся з гэтага ўсяго — я мабыць напішу кніжку

Потым адкінулі тэнт, выставілі на вуліцу і перадалі чачэнцам. Там нас рассартавалі: хто які батальён, хто афіцэр, хто не афіцэр. Білі, білі нагамі, зрывалі крыжыкі і гэтак далей. Тое, што яны выклалі ў Інтэрнэт — так яно і адбывалася.

— Зрывалі крыжыкі?

— Так. Адвезьлі нас у Данецк, на былую базу Нацыянальнае Гвардыі, дзе штаб ДНР — там таксама плявалі, білі нагамі, але ня так каб вельмі.

— Як вы ставіцеся да таго, што адбываецца ва Ўкраіне пасьля перамогі Майдану? Вы — актыўны удзельнік і рэвалюцыі, і АТО...

— Тое, што адбываецца ва Ўкраіне — гэта вялікае выпрабаваньне для нацыі, іспыт для нацыі. Мы сутыкаемся з вонкавым ворагам і ўнутраным ворагам, а таксама з бязьдзейнасьцю чыноўнікаў. Хачу сказаць тым, хто зараз рвецца у Вярхоўную Раду: калі хочаце быць дэпутатамі Ўкраіны — змагайцеся за Ўкраіну. Калі будзе бязьдзейнасьць — нам ня будзе нават дзе выбары праводзіць. Пуцін вельмі агрэсіўна настроены супраць Украіны, што прымроіцца ягонай хворай псыхіцы заўтра — невядома.

Тое, што ён гэта ўсе падбухторвае — дакладна. Нам быццам бы дамаўляліся пра калідор — а разьбілі ўсіх.

Я вам хачу сказаць: як бы цяжка нам не было — Украіна пераможа ў гэтай вайне. На Ўсходзе цяпер ваюе просты жаўнер, а дапамагае яму просты чалавек. Я хачу падзякаваць усім гэтым людзям — яны нас проста выратавалі.

Можна ўзгадваць усё пагадзінна, пахвілінна. Калі я выберуся з гэтага ўсяго — я мабыць напішу кніжку.

Галоўнае не забываць такую рэч: так, у Ілавайску была трагедыя, але такіх трагедыяў у гэтай вайне было шмат. Зараз хлопцы вяртаюцца дамоў — супраць іх заводзяць крымінальныя справы. Але ўкраінцам трэба змагацца. Мне гэта нагадвае змаганьне у 40-х гадох, калі змагаліся супраць Савецкага Саюзу і фашыстоўскае Нямеччыны. Так і мы. Ваюем і супраць Расеі, і супраць агентуры Расеі ўнутры дзяржавы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG