Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабіцкі: У мяне адчуваньне, што сэпаратысты ня спыняцца на межах Данецкай і Луганскай вобласьцяў


Якая зараз ваенная і гуманітарная сытуацыя ў Данбасе? Ці адчуваецца там прысутнасьць расейскіх войскаў? Ці ёсьць у сэпаратыстаў прызнаныя лідэры? Карэспандэнт Свабоды Андрэй Бабіцкі распавядае з Данецку, які кантралюецца сэпаратыстамі.

Дракахруст: Якая зараз сытуацыя ў Данецку — і ваенная, і гуманітарная?

Бабіцкі: Сытуацыя ў Данецку спакойная, ужо пяты дзень горад не абстрэльваюць.

Што тычыцца гуманітарнай сытуацыі, то яе ў цэлым можна ахарактарызаваць, як нармальную. Электрычнасьць у большасьці раёнаў ёсьць, адкрытыя крамы, можна набыць прадукты. Сёньня з раніцы большасьць раёнаў гораду засталася без вады. Людзі спадзяюцца, што ваду дадуць. Такое бывала раней, але атрымлівалася спраўляцца з гэтай праблемай.

Зусім іншае становішча ў Луганску, дзе я ўчора быў. Там доўгі час няма ні вады, ні электрычнасьці. Людзі атрымліваюць харчаваньне на пунктах раздачы гуманітарнай дапамогі, паколькі ўсе крамы закрытыя.

Кепская сытуацыя ў вёсках вакол Луганску і Данецку, дзе ішлі сур’ёзныя баі. Учора мы былі ў Новасьвярдлоўцы, там няма ні вады, ні электрычнасьці, а самае галоўнае — людзям няма дзе жыць. Людзі вымушаныя рабіць нейкія часовыя збудаваньні ці зьяжджаць.

Дракахруст: Падчас вашых падарожжаў па Данбасе ці бачылі вы салдат рэгулярнай расейскай арміі?

Бабіцкі: Учора мы вярталіся з Луганску з карэспандэнтамі RenTV і па дарозе сустрэлі велізарную калёну бронетэхнікі. Бронетэхнікі вельмі дагледжанай. Я хацеў зьняць яе на мабільнік, але карэспандэнт RenTV сказаў мне, каб я гэтага не рабіў, паколькі гэта расейскія вайскоўцы, а яны вельмі нэрвова рэагуюць на спробы іх здымаць. Нехта зь яго калег спрабаваў гэта рабіць і быў спынены ў самай жорсткай форме.

Учора ў Новасьвятлоўцы адзін з мясцовых лнраўцаў сказаў мне, што Новасьвятлоўку бралі расейскія танкі Т-92. Яны ішлі першай лініяй — сказаў мне гэты чалавек — а мы другой.

Дракахруст: Ці можна сказаць, што ў сэпаратыстаў ёсьць нейкія выразныя лідэры ці лідэр? У Чачні, вайну ў якой вы асьвятлілі, быў Дудаеў, пасьля Масхадаў, аўтарытэтнай фігурай быў Басаеў. Ці ёсьць сярод сэпаратыстаў асобы такога калібру?

Бабіцкі: Не, такіх няма. Ёсьць папулярныя камандзіры. Ёсьць аўтарытэтны камандзір Аляксандар Хадакоўскі. Ёсьць чыноўнікі, якія займаюцца будаўніцтвам протадзяржаўных структур. Але, па адчуваньнях, гэта пакуль такая мазаіка, якая сабраная разам тэрыторыяй і адзінствам мэтаў, але паміж асобнымі зьвеньнямі няма вялікай каардынацыі.

Ёсьць, безумоўна, кіраваньне з Масквы, якое спрабуе сабраць гэтую мазаіку ў адну карціну. Наколькі эфэктыўнае гэтае кіраваньне — сказаць цяжка. Тут ня ўсе задаволеныя тым, што Масква спрабуе вельмі жорстка кантраляваць усе працэсы тут. Некаторыя групы ў ДНР і ЛНР хацелі б мець значную самастойнасьць. Яны добра ставяцца да Масквы, але лічаць, што ў Данецка і Луганска ёсьць уласная воля, уласныя інтарэсы і яны маюць права дзейнічаць не па ўказцы Масквы.

Дракахруст: У інтэрвію вам Аляксандар Хадакоўскі казаў, што ён за адзіную Ўкраіну, хаця і зь вялікай аўтаноміяй Данбасу. Іншыя лідэры ДНР і ЛНР кажуць, што гэта непрымальна ні ў якой форме, нешта такое казаў Пургін. Ці ёсьць там нейкая агульная палітычная формула?

Бабіцкі: Мне здаецца, што збольшага людзі настроеныя на тое, каб «Наваросія» існавала асобна, незалежна ад Кіева. Што да Хадакоўскага, то ён ня столькі за адзіную Ўкраіну, колькі за Ўкраіну без нацыяналізму, ён бачыць сабе Ўкраіну, як суцэльны Данецк. Большасьць лічаць, што «Наваросія» — гэта ня толькі Данецкая і Луганская вобласьці, гэта і Хэрсон, і Запарожжа, і Харкаў. У мяне ёсьць адчуваньне, што сэпаратысты ня спыняцца на межах Данецкай і Луганскай вобласьцяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG