Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзяне саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі запатрабавалі ад Пуціна міру для Ўкраіны


Аляксей Паўлоўскі
Аляксей Паўлоўскі

138 жыхароў Магілёўскай і Гомельскай абласьцей падтрымалі сваімі подпісамі зварот актывіста незалежнага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксея Паўлоўскага з патрабаваньнем да прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна і дэпутата дзяржаўнай думы Расеі Ўладзімера Жырыноўскага спыніць вайну ва Ўкраіне.

Як цьвердзіць Паўлоўскі, пад ягоным зваротам падпісаліся некалькі грамадзян Расеі. Сярод падпісантаў, паводле актывіста, быў і адзін амэрыканец. Зварот Паўлоўскі ўжо адправіў адрасатам у Маскву.

У лісьце Пуціну і Жырыноўскаму Аляксей Паўлоўскі піша: «Мы, грамадзяне саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, падтрымліваем сувэрэнітэт братэрскай Украіны». Далей актывіст патрабуе спыніць правакацыйныя дзеяньні супраць Украіны, што, на ягоную думку, «дазволіць прадухіліць забойствы мірных грамадзян, а таксама скасуе санкцыі супраць расейскіх алігархаў і верне на сталы расейцаў якасныя тавары з краінаў, на якія вы наклалі эмбарга. А сродкі на вайну пойдуць на сацыяльныя патрэбы саюзнай дзяржавы».

Аляксей Паўлоўскі зазначае, што грамадзяне саюзнай дзяржавы ня могуць быць абыякавымі да падзеяў ва Ўкраіне.

«Беларусь можа таксама апынуцца ў той жа сытуацыі, што і Ўкраіна, — тлумачыць аўтар звароту. — Мы супраць таго, каб расейскі імпэрыялізм захопліваў чужыя тэрыторыі і штурхаў нас да ўсясьветнай вайны. Калі адыёзныя палітыкі распачынаюць канфлікты, то мы як грамадзяне саюзнай дзяржавы мусім заявіць гэтак званаму старэйшаму брату, што зь ягонай палітыкай мы ня згодныя. Сказаць яму: „Паглядзі, што ты нарабіў“».

Падчас збору подпісаў Аляксея Паўлоўскага затрымалі. Гэта адбылося на Гомельшчыне, у Кармянскім раёне. Паводле актывіста, супрацоўніца ідэалягічнага аддзелу райвыканкаму выклікала на яго міліцыю. Пасьля праверкі пашпартных дадзеных Паўлоўскага адпусьцілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG