Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйграе ці прайграе Беларусь ад новых базаў НАТО?


Сьцяг НАТО

Сьцяг НАТО

У валійскім Н’юпарце 4 верасьня пачаўся саміт краін НАТО, цэнтральным пытаньнем якога, мяркуецца, стане адказ на сытуацыю ва Ўкраіне. Плянуецца, што будзе зацьверджаны плян узмацненьня прысутнасьці Паўночнаатлянтычнага альянсу ўздоўж сваіх усходніх межаў. Як у Беларусі ставяцца да таго, што базы НАТО зьявяцца ў суседніх краінах?

Вайсковыя базы НАТО зьявяцца ў Эстоніі, Польшчы і Румыніі, пра магчымасьць павелічэньня прысутнасьці войскаў НАТО гавораць у Літве. На саміце НАТО, які пачаўся сёньня ў Вялікабрытаніі, мяркуецца зацьвердзіць плян, які стане адказам на палітыку Ўладзімера Пуціна ў справе аднаўленьня былой савецкай імпэрыі. Ці ёсьць разьмяшчэньне базаў НАТО ў краінах Балтыі ды Ўсходняй Эўропы пагрозай для Беларусі? Гэтак ня лічыць старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

«Цьвёрда перакананы, што набліжэньне базаў НАТО да беларускіх межаў не нясе ніякай пагрозы для беларускай дзяржавы. Відавочна, што разьмяшчэньне гэтых базаў мае на мэце падвысіць бясьпеку балтыйскіх краін ды іншых краін рэгіёну ва ўмовах, калі Расея адкрыта вядзе вайну супраць Украіны, а ў расейскім грамадзтве гучаць заклікі пашырыць зону „рускага сьвету“, межаў Расейскай Фэдэрацыі».

Пры гэтым Аляксей Янукевіч мяркуе, што дзеяньні, якія прадпрымае НАТО і ўвогуле заходняя цывілізацыя, «пакуль недастатковыя», каб стрымаць Пуціна і расейскія амбіцыі. Лідэр БНФ — за аказаньне вайсковай дапамогі ўкраінскай арміі і за павелічэньне эканамічнага ціску на Расею.

Аднак падвышэньне градусу канфрантацыі паміж Захадам і Расеяй лідэр БНФ не вітае. Паводле Аляксея Янукевіча, ранейшая палітыка Аляксандра Лукашэнкі зрабіла Беларусь закладніцай сытуацыі, выйсьці зь якой будзе вельмі складана:

«Сёньня беларускім уладам дзеля забесьпячэньня сувэрэнітэту краіны варта рабіць нярэзкія, акуратныя крокі аддаленьня ад Расеі і наладжваньня сувязяў з Захадам».

Пры гэтым Аляксей Янукевіч прызнае, што поле для манэўру беларускага кіраўніка ў сувязі з набліжэньнем НАТО звужаецца.

Краіны-ўдзельніцы НАТО. Ілюстрацыя Shutterstock

Краіны-ўдзельніцы НАТО. Ілюстрацыя Shutterstock

Былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі ў набліжэньні базаў НАТО бачыць пагрозу ня толькі для Беларусі, але і для ўсёй сыстэмы бясьпекі ў сьвеце:

Павал Казлоўскі

Павал Казлоўскі

«Беларусь у гэтых падзеях можа стаць разьменнай манэтай, а пагроза ўсяму сьвету рэальная, і да гэтага ўсё ідзе. НАТО, Амэрыка, Эўропа наўпрост кажуць, што трэба зьнішчыць Расею. Вось гэтак прэм’ер Вялікабрытаніі сказаў. Пуціна прапануюць выносіць уперад нагамі з Крамля. То бок ідзе жорсткае змаганьне за перадзел сьвету, і Ўкраіна тут — таксама разьменная манэта, насамрэч яна не патрэбная Эўропе. Усё накіравана супроць Расеі».

Якую пазыцыю ў гэтых умовах варта заняць беларускаму кіраўніцтву? Павал Казлоўскі — супраць лявіраваньня паміж Расеяй і НАТО.

«Той, хто лявіруе, як правіла, прайграе. Трэба праводзіць сваю ўласную палітыку. Настойлівую, незалежную. А той, хто лявіруе, можа аказацца першым бітым».

Кіраўнік аналітычнага праекту «Belarus Security Blog» Андрэй Паротнікаў прагназуе такія наступствы рашэньня пра новыя базы НАТО:

Андрэй Паротнікаў

Андрэй Паротнікаў

«У адказ можа ўзмацніцца ціск расейскага кіраўніцтва на беларускае кіраўніцтва, каб тут разьмясьціць новыя вайсковыя базы Расеі. А як мы бачым па сытуацыі з Украінай, як было раней з Малдовай, такія базы вельмі лёгка могуць ператварыцца ў пляцдарм для замежнага ўварваньня».

Ёсьць меркаваньне, што беларускі кіраўнік Аляксандар Лукашэнка будзе выкарыстоўваць канфрантацыю, каб атрымаць ад Расеі дадатковыя сродкі на пераўзбраеньне і на падтрымку свайго рэжыму, які называе «ўсходнім шчытом Расеі». Экспэрт Андрэй Паротнікаў мяркуе, што магчымыя выгады для беларускага лідэра значна перабольшаныя:

«Санкцыі Захаду фактычна пачалі ўдушаць расейскую эканоміку. „Роснефть“ прагназуе, што сёлета яны здабудуць на 2 мільёны тон нафты меней, чым у 2013-м. А гэта мінус 700 мільёнаў даляраў у бюджэт толькі ад адной кампаніі. Таму можа так стацца, што мы атрымаем дадатковы галаўны боль ад новых вайсковых базаў Расеі, а ніякай кампэнсацыі ня будзе. Бо Маскве проста ня будзе чым нас падтрымліваць. Рэсурсы ў яе вялікія, але яны вельмі хутка сьціскаюцца».

XS
SM
MD
LG