Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кэмэран і Абама: НАТО падтрымае дэмакратычны шлях Украіны


Лідэры краінаў НАТО
Лідэры краінаў НАТО

Прэзыдэнт ЗША і прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі заявілі, што НАТО створыць сілы хуткага рэагаваньня, каб супрацьстаяць пагрозам для міру і стабільнасьці ў сьвеце, найбольшымі зь якіх на сёньняшні дзень зьяўляюцца агрэсія Расеі ва Ўкраіне і ісламскі тэрарызм.

Брытанскае выданьне The Times публікуе артыкул «Нас не запалохаюць барбарскія забойцы» Барака Абамы і Дэйвіда Кэмэрана, напісаны імі напярэдадні двухдзённага саміту НАТО ў валійскім горадзе Ньюпарт. Фрагмэнты:

У часе, калі Расея выкручвае рукі Ўкраіне і ісламскія экстрэмісты зьдзяйсьняюць гідкія забойствы, НАТО павінна ўмацаваць свой саюз.

Калі ўдзельнікі НАТО апошні раз сустракаліся ў Вялікабрытаніі, быў 1990 год і якраз канчалася халодная вайна. Калі Маргарэт Тэтчэр і прэзыдэнт Джордж Буш-старэйшы абяцалі працягваць трымацца разам, шмат хто мог тады падумаць, што новая эра міру і працьвітаньня паменшыць значэньне гэтага вялікага альянсу дзеля бясьпекі. Але сёньня альянс НАТО таксама важны для нашай будучыні, як і раней.

Мы сустракаемся ў часе, калі сьвет сутыкаецца з мноствам небясьпечных і зьменлівых выклікаў. На ўсходзе Расея парушыла ўсе правілы сваёй незаконнай, абвешчанай у аднабаковым парадку анэксіяй Крыму і высылкай на ўкраінскую зямлю войскаў, якія пагражаць сувэрэннасьці ўкраінскай дзяржавы. На поўдні дуга нестабільнасьці расьцягнулася ад Паўночнай Афрыкі і Сахелю па Блізкі Ўсход. Рост тэхналёгій і поступ глябалізацыі, акрамя вялікіх дабротаў і магчымасьцяў, даў уладу, якая раней была зарэзэрваваная выключна для дзяржаваў, у рукі адзінак, павышаючы магчымасьці тэрарыстаў нанесьці шкоду. У найвышэйшай ступені агідныя забойствы двух амэрыканскіх журналістаў баевікамі Ісламскай дзяржавы Іраку і Леванту зьяўляюцца ўсяго апошнім доказам існаваньня жорсткага і атрутнага экстрэмізму, які забівае без разбору і стварае рызыку экспарту тэрарызму ў замежныя краіны.

Ёсьць людзі, якія кажуць, што мы не павінны ўмешвацца ў барацьбу з гэтымі пагрозамі. Ёсьць і іншыя, якія сумняваюцца, ці НАТО зможа адаптавацца для вырашэньня задачаў, з якімі мы сутыкаемся. Важна, каб мы адказалі на гэтыя сумненьні наўпрост.

Па-першае тыя, хто хоча прыняць самаізаляцыянісцкі падыход, няправільна разумеюць прыроду бясьпекі ў 21-м стагодзьдзі. Падзеі ў іншых частках сьвету, у прыватнасьці ў Іраку і Сырыі, пагражаць нашай бясьпецы ў сябе дома. (...)

Па-другое, мы лічым, што НАТО зможа адаптавацца да новых выклікаў. Зьмены, якія нам трэба правесьці, ясныя. Калі Расея спрабуе прымусіць сувэрэнную дзяржаву адмовіцца ад свайго права на дэмакратыю пад дулам пісталета, мы павінны падтрымаць права Ўкраіны самастойна вызначаць сваю дэмакратычную будучыню і працягваць нашы намаганьні па ўмацаваньні ўкраінскіх сілаў і сродкаў. Мы павінны забясьпечыць нашу сталую вайсковую прысутнасьць на Ўсходняй Эўропе, ясна даючы зразумець Расеі, што мы ніколі не адступім ад нашага Артыкулу 5 пра абавязаньні адносна калектыўнай самаабароны.

І мы павінны падтрымаць гэтыя намеры шматнацыянальнай групай хуткага рэагаваньня, якая складалася б з сухапутных, паветраных і марскіх сілаў ды спэцназу і магла б разгарнуцца ў любым пункце сьвету ў вельмі кароткія тэрміны. Усё гэта запатрабуе ад краінаў НАТО інвэстыцый у неабходныя сілы і сродкі.

Вялікабрытанія і Амэрыка зьяўляюцца двума з усяго чатырох удзельнікаў НАТО, якія дасягнулі мэтавага выдаткаваньня 2% ад свайго ВУП на абарону; іншыя дзяржавы павінны тэрмінова актывізаваць свой высілак па дасягненьні гэтага паказальніка. (...)

Працуючы разам, мы становімся мацнейшымі, ці то ў супрацьстаяньні з Расеяй, ці то ў змаганьні з Ісламскай дзяржавай Іраку і Леванту. Таму сёньня ў Ньюпарце мы павінны сабраць у адно нашу агульную рашучасьць, якая натхніла бацькоў-заснавальнікаў НАТО. Больш чым 60 краінаў, якія будуць прадстаўленыя на саміце, могуць ператварыць гэты горды саюз трансатлянтычных краінаў у больш эфэктыўную сетку бясьпекі, якая паспрыяе ўмацаваньню стабільнасьці ва ўсім сьвеце. Працягваць кіраваць гэтай сеткай будуць Вялікабрытанія і Амэрыка, ня толькі таму, што яны маюць маральнае права на гэта, але і таму, што толькі падтрымліваючы мір, дэмакратыю і правы чалавека ва ўсім сьвеце, мы здолеем гарантаваць бясьпеку брытанскім і амэрыканскім сем’ям.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG