Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску рыхтуюцца да новай сустрэчы ў справе Данбасу


Чарговае пасяджэньне кантактнай групы па Ўкраіне пройдзе ў Менску 5 верасьня, паведамляе БелаПАН.

Міністэрства замежных спраў Беларусі рыхтуецца да чарговай сустрэчы кантактнай групы па Ўкраіне ў Менску, заявіў прэсавы сакратар беларускага зьнешнепалітычнага ведамства Дзьмітры Мірончык.

«Намі праводзіцца неабходная падрыхтоўка мерапрыемства. МЗС прымае заяўкі на акрэдытацыю», — сказаў ён.

Ні даты правядзеньня сустрэчы, ні магчымага складу ўдзельнікаў Мірончык не назваў.

Між тым, як ня раз паведамлялі раней прадстаўнікі Расеі, Украіны і АБСЭ, чарговае пасяджэньне кантактнай групы пройдзе ў Менску 5 верасьня ў фармаце Ўкраіна — Расея — сэпаратысты Данбасу — АБСЭ.

Як заявіў 4 верасьня на сустрэчы са старшынём Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Ілкам Канэрвам у Маскве міністар замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў, расейскі бок спадзяецца, што заклікі, выкладзеныя ў пляне мірнага ўрэгуляваньня сытуацыі на Ўкраіне, што прапанаваў Уладзімер Пуцін, будуць пачутыя.

«Спадзяёмся, што заклікі будуць пачутыя перш за ўсё ў Кіеве, Луганску і Данецку. Будзем гатовыя разам з АБСЭ ў рамках кантактнай групы дапамагаць варагуючым бакам у практычным пляне прасоўвацца па шляху стабілізацыі абстаноўкі», — цытуе Лаўрова ІТАР-ТАСС.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка 3 верасьня выказаў надзею на тое, што на чарговай сустрэчы ў Менску кантактная група пачне перамовы аб працэсе мірнага ўрэгуляваньня сытуацыі ў Данецкай і Луганскай абласьцях, а таксама будуць прынятыя рэальныя крокі для дасягненьня міру.

«Я ўскладаю велізарную надзею на тое, што ў пятніцу ў Менску будзе нарэшце пачаты мірны працэс», — сказаў Парашэнка. Ён падкрэсьліў, што Ўкраіна не давала ніякай падставы для таго, каб справакаваць супраць сябе агрэсію.

«Увесь сьвет ведае, што Ўкраіна зьяўляецца краінай, якая дакладна прытрымліваецца абавязаньняў, міжнароднага права і якая сёньня зьяўляецца аб’ектам агрэсіі з боку суседняй дзяржавы», — падкрэсьліў украінскі лідэр.

Гутарка Парашэнкі з Пуціным адбылася 3 верасьня. У той жа дзень прэзыдэнт РФ абвясьціў свой плян мірнага ўрэгуляваньня, які складаецца зь сямі пунктаў. У прыватнасьці, прадугледжваецца адвесьці ўзброеныя падразьдзяленьні сілавых структураў Украіны на паўднёвым усходзе краіны «на адлегласьць, якая выключае магчымасьць абстрэлу населеных пунктаў артылерыяй і ўсімі відамі сыстэмаў залпавага агню». Прэм’ер-міністар Украіны Арсені Яцанюк адхіліў прапановы расейскага кіраўніка, назваўшы іх «плянам выратаваньня тэрарыстаў».

Свой плян мірнага ўрэгуляваньня прадставіў увечары 3 верасьня ў тэлефоннай размове з канцлерам Германіі Ангелай Мэркель і прэзыдэнт Парашэнка. На яго думку, гэты плян можа стаць асновай для перамоваў кантактнай групы ў Менску 5 верасьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG