Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнку толькі карысьць ад новай халоднай вайны


Парад 3 ліпеня ў Менску («іскандэры», пскоўскія дэсантнікі і бамбардзіроўшчыкі СУ-34) – гэта адказ Расеі на пляны НАТО разьмясьціь свае базы ва Ўсходняй Эўропе.

Найбліжэйшыя суседкі Беларусі – Літва, Латвія і Польшча – выказваюць спадзяваньні на павелічэньне вайсковай прысутнасьці НАТО на сваіх тэрыторыях. Адчуваючы пагрозу з боку Расеі на фоне яе агрэсіі ва Ўкраіне, сябры НАТО чакаюць ад альянсу ўсебаковай дапамогі і відавочна яе атрымаюць па выніках саміту альянсу ва Ўэльсе 4-5 верасьня.

Пасьля саміту НАТО, якога прэзыдэнт Беларусі яшчэ ў сакавіку адмаўляўся лічыць «патэнцыйным агрэсарам», альянс наўпрост наблізіцца да беларускай мяжы. Мяркуецца, што новыя базы будуць разьмешчаныя ў краінах Балтыі, Польшчы і Румыніі.

Што чакае Беларусь на фоне самага вострага ад часоў халоднай вайны крызісу ў адносінах паміж НАТО і Расеяй і як будзе Аляксандар Лукашэнка адказваць за свае словы?

«Мы не баімся НАТО, – заяўляў у сакавіку кіраўнік Беларусі, – мы вымушаныя дзейнічаць адэкватна... Вы – вучэньні, мы – вучэньні, вы сваё войска трымаеце ў парадку, мы вымушаныя трымаць сваё войска ў парадку. Наколькі гэта магчыма, каб у выпадку канфлікту... вайсковых дзеяньняў нанесьці вам непрыймальную шкоду».

Абама ў Таліне

Вайскова-паветраныя сілы ЗША разьмесьцяцца ў Эстоніі на базе Amari Air Base – гэта толькі адзін з канкрэтных вынікаў візыту амэрыканскага прэзыдэнта ў Талін. 3 верасьня Барак Абама правёў перамовы з прэзыдэнтамі краінаў Балтыі, якія адмыслова прыехалі ў эстонскую сталіцу.

«Пераацаніць значэньне візыту Абамы ў Талін немагчыма, – кажа былы літоўскі эўрадэпутат Леанідас Донскіс. – Сымбалічна ён дэманструе, што прастора краінаў Балтыі – гэта нешта радыкальна іншае, чым Украіна. І тут паўтараць гэтыя гульні ня ўдасца. Гэты візыт важны як гарантыя незалежнасьці і стабільнасьці гэтых краінаў».

Наўрадці кагосьці зьдзівіла, што Абама пацьвердзіў выказанае раней прэзыдэнтам Эстоніі Тоомасам Хенрыкам Ільвесам жаданьне мець у Эстоніі пастаянную базу НАТО.

Занепакоеныя расейскай агрэсіяй ва Ўкраіне, кіраўнікі краінаў Балтыі ўжо працяглы час прасілі ад НАТО гарантыяў бясьпекі.

Напярэдадні перамоваў кіраўніцтва Літвы чакае, што дысьлякаваныя ў краіне амэрыканскія вайскоўцы, працягнуць пэрыяд свайго знаходжаньня.

Апроч іншага, Літва спадзявалася на разьмяшчэньне штаба сухапутных войскаў альянсу на сваёй тэрыторыі і чакае дастаўкі цяжкога ўзбраеньня.

А міністар абароны Польшчы Томаш Семоняк нядаўна заявіў, што ў межах пашырэньня вайсковай прысутнасьці НАТО на ўсходзе Эўропы, у Польшчы будуць разьмешчаныя амэрыканскія сухапутныя войскі.

«Інвазія Расеі ва Ўкраіну паказала, што абсалютна ўсе міжнародныя дамоўленасьці, міжнароднае права агулам проста губляе сэнс, – кажа былы літоўскі парлямэнтар Леанідас Донскіс. – Калі не прысутнасьць НАТО, ня новая ініцыятыва, то гэты дамоўклаў меч дакладна зьявіўся б над галовамі балтыйскіх краінаў».

Барак Абама запэўніў, што «Эстоніі ніколі не давядзецца змагацца ў адзіноце», спасылаючыся такім чынам на нязьменнасьць трактоўкі Пятага артыкулу Паўночнаатлянтычнай дамовы. Паводле яго, напад на адну з краінаў альянсу лічыцца нападам на ўсе краіны (а іх зараз 28) у цэлым.

На саміт, у якім будуць удзельнічаць прадстаўнікі 60 краінаў, Расею не запрашалі. А вось украінскі прэзыдэнт Пятро Парашэнка сваё запрашэньне атрымаў. Барак Абама, адказваючы на пытаньні журналістаў у Таліне, сказаў наступнае: «Украіна павінна адчуваць, што мы зь ёю ня толькі на словах, але і на справе».

«Там знаходзяцца расейскія баявыя часткі з расейскай зброяй і на расейскіх танках, – заявіў у Таліне Абама. – Гэта факты, якія не падлягаюць сумненьню».

Аднак пакуль НАТО не сьпяшаецца дапамагаць Украіне «справай», а скіроўвае ўсе свае намаганьні на ўзмацненьне вайсковых пазыцый сваіх сяброў.

Другая халодная вайна

Адразу пасьля візыту ў Эстонію прэзыдэнт ЗША выпраўляецца ва Ўэльс, дзе 4-5 верасьня адбудзецца вырашальны саміт НАТО, падчас якога чакаецца абвяшчэньне Пляну дзеяньняў па падвышэньні баегатовасьці».

Кіраўнікі альянсу не хаваюць, што Плян распрацоўваўся і будзе прыняты з улікам вайсковых дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне:

«Плян дзеяньняў па падвышэньні баегатовасьці (The Readiness Action Plan) будзе гарантаваць, што ў неабходным месцы і ў неабходны час у нас ёсьць неабходныя сілы і неабходнае абсталяваньне... Не таму, што НАТО рыхтуецца да нападу. Але таму, што небясьпека і пагрозы сталі больш наяўнымі і відавочнымі. І мы будзем рабіць усё неабходнае, каб абараніць нашых хаўрусьнікаў», – заявіў у панядзелак, 1 верасьня, генэральны сакратар альянсу Андэрс Фог Расмусэн.

Выглядае, што да саміту кіраўніцтва НАТО ўжо дакладна вызначылася з тым, якімі словамі апісваць расейскую прысутнасьць ва Ўкраіне. А сам саміт вызначыць, як будзе выглядаць сьвет пасьля 5 верасьня:

«Асноўныя прычына, канечне, агрэсія Расеі супраць Украіны, якая паставіла пад пытаньне многія з нашых уяўленьняў пра парадак пасьля халоднай вайны. Дзеяньні Расеі, якая гвалтоўна парушае законна прызнаныя межы і падрывае дзеяньні ўраду суседняй дзяржавы – зьяўляюцца рэальнай пагрозай адкрытай міжнароднай сыстэме, якая заснаваная на законнасьці, павазе да сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці ўсіх дзяржаваў і іхным праве рабіць уласны выбар, не баючыся запалохваньня ці ўмяшальніцтва. Дзеяньні Расеі не пакідаюць нам альтэрнатывы, апроч як самім прыняць уласныя падставовыя рашэньні», – заявіў Аляксандар Вэршбоў, намесьнік генэральнага сакратара НАТО на канфэрэнцыі «НАТО пасьля Ўэльскага саміту» 2 верасьня.

Расея ўжо абвясьціла, як менавіта зьбіраецца рэагаваць на новыя захады бясьпекі з боку НАТО,– распавядае вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін. – І немалая роля ў расейскіх плянах адведзеная Беларусі.

Аляксандар Алесін: «Яшчэ да візыту Абамы і незалежныя аналітыкі і афіцыйныя крыніцы заявілі, што ў выпадку зьяўленьня баз НАТО ў краінах Балтыі, гэта НЯ ўзмоцніць іх бясьпеку. Бо яны адразу трапяць пад прыцэл расейскай тактычнай ядзернай зброі. Гэта і ракетныя комплексы «Іскандэр» і расейская ўдарная авіяцыя, якая можа быць разьмешчаная ў Калінінградзе, у Заходняй расейскай вайсковай акрузе з боку краінаў Балтыі. І ў Беларусі.

Беларусь найменш зацікаўленая ў абвастрэньні стасункаў са сваімі партнэрамі і асноўнымі транзытнымі дзяржавамі, але, на жаль, яна ў вялікай залежнасьці ад палітыкі Расеі, найперш з эканамічных і ўнутрыпалітычных прычын.

Думаю, што Беларусь пад ціскам Расеі будзе вымушаная прадпрыняць шэраг мер».

Якія менавіта гэта меры, спрагназаваць экспэрту даволі проста. У Беларусі ўжо дзейнічаюць два вайсковыя аб’екты Расеі – вузел сувязі ВМФ у Вілейцы і радыёлякацыйная станцыя «Волга» пад Баранавічамі. Паводле дамоўленасьці, у Беларусі таксама знаходзяцца ад 4 да 10 расейскіх зьншчальнікаў СУ-34 з расейскімі экіпажамі. Але мяркуецца, што ў наступным годзе ў Беларусі будзе разьмешчаная поўнавартасная вайсковая авіяцыйная база суседняй дзяржавы.

Пра тое, што пляны – ня проста лязганьне жалезам, сьведчыць парад 3 ліпеня ў Менску, які рытуальна адбываецца ў Дзень незалежнасьці Беларусі.

«Мы бачылі, як на парадзе 3 ліпеня па Менску прайшлі комплексы «Іскандэр», – кажа Алесін. – Думаю, што гэта была рэпэтыцыя іх перасоўваньняў па тэрыторыі Беларусі. Праляцела расейская франтавая авіяцыя – бамбардзіроўшчыкі СУ-34, якія маюць вельмі магутны ўдарны патэнцыял. І ў чарговы раз зайшла размова пра разьмяшчэньне ў Баранавічах палка расейскіх зьнішчальнікаў Су27СМ3».

Сытуацыя толькі абвастраецца, – папярэджвае экспэрт.

Лукашэнку адны выгоды

Кіраўнік Беларусі ўмела і нават з задавальненьнем апрацоўвае ролю дробнага пасярэдніка ў вырашэньні найбуйнейшага палітычнага крызісу з часоў халоднай вайны. Менавіта ў Менску сустрэліся сам-насам Пуцін і Парашэнка 26 жніўня, а трохбаковая кантактная група для ўрэгуляваньні сытуацыі ва Ўкраіне правяла тут ўжо другое паседжаньне. Да таго ж з дапамогай ушлых беларускіх бізнэсоўцаў Расея можа мець амаль легальны доступ да забароненых Крамлём крэвэтак і вяндліны. Усё гэта прыносіць нямала прыемных бонусаў Аляксандру Лукашэнку, які афіцыйна прызнаў новыя кіеўскія ўлады.

«Лукашэнка ўмела манэўруе, захоўваючы пэўную назалежнасьць, – кажа расейскі вайсковы аглядальнік Павал Фельгенгаўэр. – Ён такое любіць, будзе манэўраваць, атрыліваць паблажкі і падачкі з Масквы і ў той жа час даводзіць Захаду, што ён ня цалкам расейская марыянэтка і што яму трэба калі не дапамагаць, то прынамсі зь ім размаўляць. Так што Аляксандру Лукашэнка гэта выгадна і да таго ж ён можа зарабляць на пастаўках у Расею забароненых заходніх прадуктаў».

Па меркаваньні Фельгенгаўэра, і з гэтай сытуацыі Лукашэнка выйдзе ў плюсе.

«Расейскае войска не гумовае – і па людзях, і па тэхніцы. Цяпер асноўныя сілы кінутыя на Ўкраіну, і выглядае, што гэта доўгайграючы канфлікт. Да таго ж трэба ахоўваць і паўночную мяжу, і ўсход. Таму нічога асаблівага ня будзе.

Аляксандар Лукашэнка ня раз заяўляў, што ён трымае абарону на цэнтральным участку ад магчымага «паходу НАТО». Пад гэта ён будзе, несумненна, патрабаваць больш грошай, гранты на ўмацаваньне абароны Беларусі, на мадэрнізацыю ўзбраеньня, ПВА ў прыватнасьці», – кажа экспэрт.

У новым раскладзе сілаў паміж НАТО і Расеяй Беларусь можа атрымаць і чарговую хвалю дыпляматычнай падтрымкі з боку Літвы, якая захоча паспрыяць збліжэньню суседняй краіны з ЭЗ, – лічыць Леанідас Донскіс.

«Усе лічылі, што ў Беларусі адбылося няшчасьце і суседняя краіна з-за свайго рэжыму ня можа жыць так, як краіны Балтыі. А цяпер усе ўсьвядомілі, што нават Беларусь і Лукашэнка могуць стаць аб’ектам агрэсіі з боку Расеі, як і Казахстан. Думаю, што палітычныя і дыпляматычныя стасункі будуць толькі ўзмацняцца. Літва будзе распрацоўваць вельмі актыўную дыпляматыю зь Беларусьсю. Гэта неабходна, бо Беларусь – ня толькі суседняя краіна, але і краіна, якая сяброўская да Ўкраіны. Лічу, што калі ў нас і былі сур’ёзныя падставы для халоднага пэрыяду, то цяпер Літва стане пасярэднікам паміж Беларусьсю і ЭЗ».

Менш альтруістычныя, але ўсё ж і не агрэсіўныя пляны, па меркаваньні Алесіна, мае на Беларусь і Расея.

«Расея пры ўсёй сваёй азлобленасьці ня схільная пазбавіцца калідора, маста і пляцоўкі для кантактаў з Захадам, Украінай і краінамі Балтыі, – разважае Аляксандар Алесін. – Раней ці пазьней стасункі давядзецца астудзіць, выпрацаваць новыя правілы гульні ў геапалітычнай сытуацыі. Таму Расея не зацікаўленая ўцягваць у адкрытыя вайсковыя авантуры Беларусь, патрабаваць ад яе ўдзелу ў дзеяньнях на тэрыторыі Ўкраіны. Думаю, што статус кво Беларусі як перадавога пляцдарму Расеі і яе шчыта на захадзе, Расея будзе імкнуцца захаваць».

Алесін нагадвае, што Расеі ў выглядзе Беларусі патрэбныя і транзыт тавараў, і паветраныя калідоры і дыпляматычная пляцоўка. Аднак ці ня ўзьнікне ў Крамля жаданьня прысабечыць усе гэтыя выгоды, – адказу няма.

А пакуль выглядае, што Беларусь – зручная для ўсіх бакоў канфлікту пляцоўка для перамоваў, і выгоды ад гэтага статусу можна атрымліваць яшчэ доўга. Не апасаючыся таго, што хтосьці зь яго ўдзельнікаў прымусіць Аляксандра Лукашэнку адкрыта перайсьці на ягоны бок.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG