Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апаратчык Клімаў: Зрабілі інвалідам і выкінулі з заводу як кацяня


За сваю 32-гадовую працу на Гомельскім хімічным заводзе якіх толькі ўзьнёслых эпітэтаў ня чуў Аляксандар Клімаў пра рабочага чалавека! Ён і гонар, і аснова любога калектыву, і рухаючая сіла прагрэсу. Ён, урэшце, і прадстаўнік гегемону-пралетарыяту. І ў гэтым была, вядома, свая сярмяжная праўда. Прынамсі, у дачыненьні да Клімава. Ён сапраўды быў самым што ні ёсьць рабочым чалавекам, апаратчыкам абпальваньня. У працоўнай кніжцы ўсяго адзін запіс — хімзавод.

19 траўня 2011 году здарыўся з апаратчыкам на ягоным працоўным месцы няшчасны выпадак — ён упаў з эстакады разгрузкі вадкай серы.

«Адчуў пах серавадароду, прыступ удушша — і страціў прытомнасьць», — згадвае Аляксандар Мікалаевіч.

Клімава лячылі ў таракальным аддзяленьні абласнога тубэркулёзнага клінічнага шпіталя. У яго было зламана 7 рабрын, пашкоджана лоннае сучляненьне, на грудной клетцы і левым плечавым суставе — кровападцёкі.

Праз паўтара месяца апаратчыку выдалі заключэньне пра атрыманую на вытворчасьці траўму, у якім чамусьці не было згадана пра разрыў лоннага сучляненьня. Першапачатковы запіс пра закрыты разрыў быў заменены на «выцінаньне мяккіх тканак лоннага сучляненьня». І вынікала, што траўма няцяжкая. Апрача таго, хімзаводзкі мэдпункт даў заключэньне, што прычынай страты прытомнасьці стаў «хваравіты стан» апаратчыка, бо раней ён зьвяртаўся па кансультацыю ў кардыялягічны цэнтар з прычыны ціску крыві.

Працоўная кніжка Аляксандра Клімава

Працоўная кніжка Аляксандра Клімава

На падставе ўсяго гэтага адміністрацыя заводу падрыхтавала акт аб тым, што траўма — невытворчая.

Была й яшчэ адна даволі красамоўная акалічнасьць. Няшчасны выпадак здарыўся з Клімавым у 18:50, а ў бальніцу яго даставілі аўтатранспартам хімзаводу толькі ў 21:20, хоць ехаць ад заводу да сухотнага шпіталя 30–35 хвілін. Хуткай дапамогі наагул не выклікалі. Як лічыць апаратчык, у заводзкім мэдпункце чакалі, каб лёгкія хоць збольшага ачысьціліся ад пароў серавадароду.

Лекаваньне паставіла Аляксандра Клімава на ногі, але ўжо толькі з кульбакаю. А ў 2012 годзе рабочага наагул звольнілі з працы з закручастай фармулёўкай: «у сувязі зь неадпаведнасьцю працаўніка той працы, якую выконвае, з прычыны стану здароўя, які перашкаджае працягваньню працы».

Клімава прызналі інвалідам трэцяй групы, але без аніякай сувязі з вытворчасьцю.

«Зрабілі, — як ён сам кажа, — інвалідам, а потым выкінулі з заводу як кацяня».

Два гады ў пакалечанага рабочага пайшло на перапіску, абіваньне парогаў, каб управа аховы здароўя Гомельскага аблвыканкаму правяла службовае дасьледаваньне. Урэшце мэдычная ўправа канстатавала, што падчас лекаваньня ў тубэркулёзным шпіталі рабочаму Клімаву выстаўлены няпоўны клінічны дыягназ, а траўма ягоная — цяжкая.

Аднак і пасьля высновы ўправы аховы здароўя абласны тубэркулёзны шпіталь не зьмяніў свайго рашэньня.

Аляксандар Клімаў зьвярнуўся па дапамогу ў рэгіянальнае прадстаўніцтва незалежнага прафсаюзу РЭП, дзе юрыст Леанід Судаленка дапамог яму падрыхтаваць пазоў у суд.

Аляксандар Клімаў і праваабаронца, юрыст Леанід Судаленка

Аляксандар Клімаў і праваабаронца, юрыст Леанід Судаленка

16 траўня суд Навабеліцкага раёну Гомеля абавязаў тубэркулёзны шпіталь выдаць апаратчыку Клімаву новае заключэньне з поўным дыягназам і на падставе «Схемы вызначэньня цяжкасьці вытворчых траўмаў», зацьверджанай Міністэрствам аховы здароўя 28.07.1994 году, аднесьці тое, што адбылося з Клімавым, «да цяжкіх вытворчых траўмаў».

Здавалася б, справядлівасьць узяла верх. Але ж не. Галоўны дзяржаўны інспэктар аддзелу нагляду за захаваньнем заканадаўства аб ахове працы па Гомельскай вобласьці Ўладзімер Тарасавец зноў-такі зрабіў заключэньне пра невытворчы характар няшчаснага выпадку. Спаслаўся на меркаваньне галоўнага лекара лячэбна-прафіляктычнага ўчастку ААТ «Гомельскі хімічны завод», які адзначыў магчымы падвышаны ціск у апаратчыка і страту прытомнасьці падчас няшчаснага выпадку.

За былога апаратчыка хімзаводу цяпер заступіўся старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч — накіраваў ліст міністру працы й сацыяльнай абароны Марыяне Шчоткінай з просьбай аб’ектыўна разабрацца з траўмай на вытворчасьці апаратчыка хімзаводу.

Нядаўна Аляксандар Клімаў атрымаў ліст ад дырэктара Дэпартамэнту дзяржаўнай інспэкцыі працы Анатоля Садоўнічага, у якім паведамляецца: Гомельская абласная ўправа згаданага дэпартамэнту атрымала распараджэньне адмяніць ранейшае заключэньне і правесьці новае дасьледаваньне.

Цяпер Аляксандар Мікалаевіч зноў абівае парогі гэтай дзяржаўнай установы, каб ягоную справу, крый божа, не перадалі ранейшаму інспэктару, які ня ўгледзеў у ягонай траўме нічога вытворчага. А заадно апаратчык думае пра адмысловы відэазварот да прэзыдэнта са сваёй праблемай, бо ўжо чацьвёрты год чыноўнікі каруселяць інваліда па сваіх кабінэтах, як бы паказваючы, хто ў дзяржаве насамрэч гегемон.

XS
SM
MD
LG