Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні бацькі дамагліся, каб іх дзеці навучаліся па-беларуску


Ігар Кузьмініч: «Калі дзеці хочуць навучацца па-беларуску — гэта павінна быць забясьпечана»

Ігар Кузьмініч: «Калі дзеці хочуць навучацца па-беларуску — гэта павінна быць забясьпечана»

Гарадзенцы Сьвятлана Астроўская і Мікіта Кузьмініч працягнуць адукацыю ў пятай клясе гімназіі № 10 па-беларуску. Нягледзячы на закрыцьцё беларускамоўных клясаў у іншых гарадах краіны, у Горадні гарадзкое начальства не пярэчыць навучаньню па-беларуску, калі ёсьць дзеля гэтага ахвотныя.

Сьвятлана Астроўская скончыла чатыры клясы пачатковай школы па-беларуску. Усе прадметы, акрамя фізкультуры, сьпеваў і маляваньня, вывучала адна ў клясе. Пасьля паступленьня ў гімназію бацькі напісалі заяву на навучаньне на беларускай мове.

Мікіта Кузьмініч навучаўся ў пачатковай школе па-расейску, бо бацькам не ўдалося адразу дамагчыся навучаньня па-беларуску. Як паступіў у гімназію, бацькі таксама напісалі заяву на навучаньне на беларускай мове.

У аддзеле адукацыі бацькі вучняў дамовіліся, што Мікіта і Сьвятлана будуць вучыцца ў адной клясе, але ўсе прадметы, акрамя маляваньня, сьпеваў і фізкультуры, будуць праходзіць асобна паводле адмысловай праграмы.

Аднак у першы ж дзень заняткаў іх чакала неспадзяванка: дзяцей разьмеркавалі ў розныя клясы, і ні пра якае навучаньне па-беларуску гаворкі не было.

Бацька Сьвятланы — Алесь Астроўскі: «Спачатку дырэктарка школы Зінчук Алена Андрэеўна катэгарычна не жадала гэтага. Думаю, што гэта было зьвязана з тым, што ёй не хацелася пераглядаць навучальныя пляны. Але я, маючы ўжо досьвед у гэтай справе, паколькі 1 верасьня не атрымаў пацьверджаньня, што навучаньне будзе па-беларуску, не павёў дачку ў школу. Потым 2 верасьня — таксама не павёў. Ну, а ўчора ўвечары яна сама патэлефанавала і пацьвердзіла, што дачка будзе навучацца па-беларуску».

Алесь Астроўскі

Алесь Астроўскі

Ігар Кузьмініч, бацька Мікіты, кажа: адміністрацыя гімназіі спрабавала пераканаць іх, што беларускую мову дзеці і так добра ведаюць, перамагаюць на алімпіядах, і, маўляў, ня варта ім вучыцца асобна ад іншых дзяцей. Размовы з адміністрацыяй гімназіі, паводле яго, ня выйшла:

«Адразу, калі даведаліся, што дзеці ў розных клясах, пайшлі ў аддзел навучаньня гарвыканкаму. Кіраўнік аддзелу адукацыі вельмі прыхільна паставіўся да нашых патрабаваньняў і паабяцаў, што навучаньне для нашых дзяцей у гімназіі будзе весьціся па-беларуску».

Алесь Астроўскі кажа, што яшчэ ўвесну, калі яны прыходзілі дамаўляцца ў аддзел адукацыі, то адразу пайшлі на кампраміс, што асобнай беларускай клясы, калі ня будзе заяў ад бацькоў, патрабаваць ня будуць, а задаволяцца тым, каб іх дзеці асноўныя прадметы вывучалі паводле адмысловай праграмы на беларускай мове.

Ігар Кузьмініч перакананы, што ў любым беларускім горадзе ці мястэчку, калі бацькі захочуць, каб іх дзеці навучаліся па-беларуску, то змогуць гэтага дамагчыся і ніякая адміністрацыя школы ці нехта іншы ня здолее ім гэта забараніць. Галоўнае, паводле яго, — жаданьне і настойлівасьць:

Калі дзеці хочуць навучацца па-беларуску — гэта павінна быць забясьпечана. А тое, што не набралася кляса дзяцей, — значыцца, дрэнна спрацавала адміністрацыя школы

«Школа павінна дзейнічаць у інтарэсах дзіцяці, яна павінна забясьпечыць інтарэсы дзіцяці так, як можа. Зразумела, што гэта складана, але гэта не праблема бацькоў. Гэта праблема сыстэмы адукацыі, якая ня можа забясьпечыць такім дзецям нармальнае разьвіцьцё ў тых умовах, якія ёсьць. Іншых умоваў у нас няма, ёсьць толькі такія. І калі дзеці хочуць навучацца па-беларуску — гэта павінна быць забясьпечана, паколькі беларуская мова дзяржаўная. А тое, што не набралася кляса дзяцей, — значыцца, дрэнна спрацавала адміністрацыя школы. Але гэта не праблема бацькоў, і яны не абавязаныя знаходзіць дадатковых дзяцей у клясу».

Яшчэ Алесь Астроўскі кажа, што хацеў бы параіць усім бацькам у Беларусі, якія хочуць, каб іх дзеці навучаліся на роднай мове:

«Патрэбна, спадарства, арганізоўвацца, патрэбна агітацыя яшчэ ў дзіцячых садках. Прычым яшчэ да таго часу, як пачынаюцца бацькоўскія сходы ў школах. Потым абавязкова ісьці на бацькоўскія сходы ў школах — мы гэта робім штогод. І самае галоўнае, трэба зьбірацца і арганізоўвацца і браць гэта за прынцып. Мы, беларусы, жывём на сваёй зямлі, але кожны раз уяўляю сабе, што 1 верасьня ў беларускай дзяржаве, дзе дзяржаўная беларуская мова, нашы беларускія дзеткі ідуць вучыцца па-расейску...»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG