Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарань: Пуцін і сэпаратысты гуляюць у высакароднага і кепскага бандытаў


Аляксей Гарань

Аляксей Гарань

Што азначае сёньняшняя тэлефонная гутарка паміж прэзыдэнтамі Парашэнкам і Пуціным?

Чаму бакі гэтак па-рознаму інтэрпрэтуюць яе зьмест? Чым адкажа Кіеў на пагаршэньне ваеннай сытуацыі на ўсходзе краіны? На гэтыя пытаньні мы папрасілі адказаць украінскага палітоляга, прафэсара Кіева-Магілянскай акадэміі Аляксея Гараня. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.

РС: Сёньня адбылася тэлефонная гутарка паміж прэзыдэнтамі Пятром Парашэнкам і Ўладзімерам Пуціным. Потым бакі па-рознаму распавядалі пра зьмест гутаркі: паводле Масквы бакі проста абмеркавалі сытуацыю, паводле Кіеву – дамовіліся пра спыненьне агню ў зоне канфлікту на ўсходзе Ўкраіны, сэпаратысты заявілі, што нічога ня ведаюць ні пра якое замірэньне і будуць ваяваць, пакуль украінская армія будзе заставацца ў Данбасе. Як вы інтэрпрэтуеце гэтую размову і яе трактоўкі бакамі?

Гарань: Я ня ведаю, што там насамрэч было сказана. Мне складана пра гэта казаць. Але мяркую, што запіс тэлефоннай размовы ёсьць і наўрад ці ўкраінскі бок казаў бы тое, чаго не было. А Пуцін зараз напэўна будзе гуляць такую гульню, маўляў, ён міралюбны, Расея ж там не ваюе. Пуцін і днраўцы і лнраўцы будуць гуляць у добрага і кепскага паліцэйскага. Дакладней, у высакароднага і кепскага бандытаў. Кепскі бандыт – гэта ДНР і ЛНР, а высакародны – Пуцін, які нібыта ні пры чым.

РС: А ў чым мэта гэтай гульні? Гэта крок з боку Масквы напярэдадні самітаў НАТО і Эўразьвязу?

Гарань: Тут ёсьць і прапагандысцкі складнік, безумоўна. Пуцін разьлічвае выгандляваць сабе пабольш саступак.

РС: Ва ўмовах кардынальнага пагаршэньня ваеннай сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны – якія крокі зьбіраецца прыняць украінская дзяржава, каб гэтую сытуацыю выправіць?

Гарань: Давайце разумець, што адбылося. Пару дзён таму тэлефанавала ваша карэспандэнтка і прасіла пракамэнтаваць тое, што «ўкраінская армія здае Данбас». Я адказаў – а вы мапу бачылі? Давайце паглядзім на мапу.

Расейская армія дэблякавала Данецк, Луганск і захапіла Новаазоўск. Але большая частка Данбасу застаецца пад украінскім кантролем. Я ня ведаю, што адбудзецца далей. Мы разумеем, што ў бой уступілі рэгулярныя часткі расейскага войска, і гэта стварае прынцыпова новую ваенную сытуацыю.

Але зараз ідуць баі вакол пунктаў, якія ўкраінцы кантралююць. У тым ліку кантралююць аэрапорт Данецку, кантралююць подступы да Луганску.

Зразумела, што Пуцін хацеў бы зараз пабольш адхапіць ад Украіны, каб весьці перамовы з пазыцыі сілы. Але я разумею так, што «груз 200» едзе ў Расею кожны дзень. Украінская армія супраціўляецца, яна перагрупоўваецца, батальёны добраахвотнікаў, у тым ліку і тыя, што пацярпелі пад Ілавайскам, пераўкамплектоўваюцца. Жаданьне супраціўляцца нікуды не падзелася.

Да таго ж ужо ёсьць і яшчэ будзе рэакцыя Захаду. Будзе далейшае пашырэньне санкцый. І я абсалютна ўпэўнены, што некаторыя краіны будуць пастаўляць Украіне зброю.

РС: А хто менавіта?

Гарань: Я мяркую, што і ЗША будуць, і Канада, і Вялікабрытанія. Здаецца, Харватыя заявіла пра гатоўнасьць паставіць верталёты. Гэта маё меркаваньне, але ўсё да гэтага ідзе. Гэта будзе ці так званая нелетальная зброя ці абарончая зброя, напрыклад, супрацьтанкавая зброя.

РС: А ці ня можа Захад у пытаньні паставак зброі гуляць такую ж гульню, як Масква на ўсходзе Ўкраіны – пастаўляць зброю, але адмаўляць факт паставак?

Гарань: Не. Таму што абсалютна іншыя прынцыпы гульні. Спробы правесьці паралелі недарэчныя. Расея паводзіць сябе нахабна і цынічна – пастаўляючы зброю, сваіх салдат і заяўляючы пры гэтым – нас там няма. Тыповая гебельсаўская брахня. Захад можна крытыкаваць, але ён гуляе ў адкрытую.

РС: Вы самі сказалі, што ваенная сытуацыя на ўсходзе Ўкраіны зьмянілася. Якое рэха гэтай зьмены ва ўнутранай палітыцы Ўкраіны, як гэта адбіваецца на хадзе выбарчай кампаніі, якая ўжо пачалася?

Гарань: Адна з мэтаў Пуціна – сарваць выбары. Ён ня хоча, каб быў сфармаваны парлямэнт, дзе ня будзе расейскай «пятай калёны».

РС: Сарваць ці маніпуляваць іх вынікамі?

Гарань: Аптымальна, я мяркую, для яго сарваць. Маніпуляваць? Мне складана сказаць, як ён можа маніпуляваць. Ускладніць сытуацыю – так, можа. Працяг шырокамаштабнай агрэсіі абмяжоўвае рэсурсы Кіева, ускладняе становішча. Але ўжо зараз былі заявы Захаду пра матэрыяльную, фінансавую дапамогу Кіеву. Будзе пашырэньне заходняй дапамогі Ўкраіне. Гэта будзе вынікам пуцінскай агрэсіі.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG