Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Несправядлівасьць і хцівасьць улады вядуць да фатальных наступстваў...»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Драматычныя падзеі ва Ўкраіне, у памежных з Расеяй Данецкай і Луганскай абласьцях працягваюць заставацца галоўнай тэмай у пошце Свабоды. Невялікая надзея на замірэньне варагуючых бакоў узьнікла ў апошнія дні жніўня, падчас Менскага саміту з удзелам расейскага і ўкраінскага прэзыдэнтаў. Аднак ужо празь некалькі дзён стала відавочна, што надзея гэтая ня спраўдзілася: канфлікт дзякуючы больш актыўнаму ўмяшаньню ў яго расейскай арміі разгарэўся з новай сілай.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наша слухачка Данута Крупіца зь Ліды, разважаючы пра глыбінныя карані канфлікту на паўднёвым усходзе Ўкраіны, піша:

«Пазытыўна ўспрымаю тое, што хоць сякі-такі перамоўны працэс у справе Ўкраіны ўсё ж вядзецца. Спадзяюся, што рана ці позна спроба пакрэмзаць гэтую дзяржаву на кавалкі скончыцца беспасьпяхова.

Назіраю за ўсім гэтым з сумам. Пацьвярджаецца даўно вядомы прынцып, якім кіраваліся і кіруюцца многія валадары: „Падзяляй і ўладар“.

Ёсьць такая думка, што галоўная прычына ўсяго таго, што здарылася ва Ўкраіне, — карупцыя. Мяркую, што ў гэтым ёсьць сэнс. Несправядлівасьць і хцівасьць улады вядуць да фатальных наступстваў. Так было на нашай зямлі і раней. У свой час бальшавікі прыйшлі да ўлады таксама на хвалі вялізнай незадаволенасьці народа тым, як жыве ўладная вярхушка, як яна паразытуе на целе грамадзтва. І якія высакародныя лёзунгі былі ў камуністаў: „Свабода! Роўнасьць! Братэрства! Справядлівасьць!“. Іншая справа, што ў тэорыі было адно, а на практыцы — зусім іншае. Гаварылі адно, думалі — другое, а рабілі — трэцяе».

Так, спадарыня Данута, кіеўскі Майдан наўрад ці быў бы такі масавы і зацяты, калі б уладная намэнклятура болей займалася грамадзкімі патрэбамі, а не набіваньнем уласных кішэняў. Але зводзіць усё толькі да ўнутраных украінскіх праблемаў ды супярэчнасьцяў наўрад ці выпадае.

Аслабленая ўкраінская дзяржава тут жа стала ахвярай імпэрскай Расеі. Тыя, хто недаацэньваў пагрозу з Усходу, хто лічыў, што захопніцкія войны на эўрапейскім кантынэнце даўно засталіся ў мінулым, — жорстка пралічыліся.

✉ ✉ ✉

Украінская тэма гучыць і ў лісьце нашага даўняга сябра Васіля Завадзкага з Маладэчна. Разважаючы пра мінулыя дваццаць год, на працягу якіх уладу ў Беларусі ўтрымлівае Аляксандар Лукашэнка, слухач піша:

«З сумам азіраюся на мінулыя два дзесяцігодзьдзі. Многа было спадзяваньняў на перамены ў лепшы бок. Але яны ня спраўдзіліся. І ня спраўдзяцца. Колькі разумных рэчаў ні гавораць у эфіры той жа Свабоды палітыкі, палітолягі, слухачы — а Васька слухае ды есьць. Улада заўсёды мацнейшая за народ. Хоць звычайных людзей нашмат больш, чым тых, хто трымае ў сваіх руках уладу. Што праўда, улада прыходзіць і сыходзіць, а народ застаецца.

Часам думаю: вось калі б мелі заходнія краіны ўласныя энэрганосьбіты — тады ўсё было б у нашай частцы кантынэнту зусім па-іншаму. А так што ж: амаль уся Эўропа залежыць ад паставак расейскіх нафты і газу.

Залежнасьць гэтая ўзьнікла не адразу, яе мэтанакіравана стварала Расея дзеля ўласных далёкасяжных мэтаў. Яшчэ колішні верхавод КДБ Юры Андропаў ставіў за мэту кіраваць эўрапейскім кантынэнтам з дапамогай газавага вэнтыля. Масква заўсёды імкнулася дыктаваць сьвету свае ўмовы. І што мы назіраем на прыкладзе Ўкраіны? Сваёй мэты яна ў многім дасягнула».

Украінскі сюжэт яшчэ далёкі ад завяршэньня, спадар Васіль. Сьцьвярджаць, што Расея выйшла ў ім пераможцам, усё ж заўчасна. Калі б Захад зьмірыўся з анэксіяй Крыму, з аддзяленьнем Данбасу і стварэньнем на гэтых тэрыторыях нейкай новай марыянэтачнай дзяржавы кшталту Абхазіі ці Паўднёвай Асэтыі — гэта б азначала, што пад пагрозай расейскай экспансіі апынуліся многія іншыя краіны Ўсходняй Эўропы, якія ў Крамлі ўжо амаль адкрыта лічаць часткай так званага «рускага сьвету»: Эстонія, Латвія, Літва, Беларусь, Малдова... Аднаго разу ў Эўропе ўжо спрабавалі залагодзіць агрэсара, аддаўшы яму ў якасьці ахвяры незалежную краіну: згадайце прыклад Чэхаславаччыны, ганебную мюнхенскую зьдзелку эўрапейцаў з Гітлерам у 1938 годзе. Адчуўшы беспакаранасьць, агрэсар стаў яшчэ больш нахабным. У Эўропе тую гісторыю не забылі, і паўтарэньне яе наўрад ці адбудзецца.

✉ ✉ ✉

На тое, як беларуская дзяржава спрабуе вырашыць дэмаграфічную праблему, зьвяртае ўвагу ў сваім новым лісьце на Свабоду Сяргей Жаваранак з Кобрына:

«Улада цяпер пры нараджэньні дзяцей дае маладым сем’ям дапамогу: за першае дзіця — 11 мільёнаў рублёў, за другое — 17 мільёнаў. Няблага. Праца ня пыльная. І я назіраю, як у нас у Кобрыне тут і там учорашнія школьніцы цягаюць дзіцячыя каляскі. У каго адно дзіця, а ў каго і два. Калі б ня гэтая дапамога зь Менску, то, думаю, ніхто не пладзіў бы дзяцей. А некаторыя ж і па трое, і па чацьвёра маюць — і ўсё ў разьліку на абяцаную бясплатную кватэру.

Калі б ня гэтая дапамога зь Менску, то, думаю, ніхто не пладзіў бы дзяцей

Што цікава, на чаргу на каапэратыўную кватэру ў нас у Кобрыне ня ўсякі стане. Не прымаюць мясцовых. А вось расейцаў, украінцаў — калі ласка. У наступным годзе гэтыя ж расейцы ды ўкраінцы будуць аддаваць галасы за прэзыдэнта. А людзі гэта часта зусім не надзейныя — валацугі, гультаі, бадзяюцца па сьвеце. Нярэдка сутыкаюся з хамствам зь іх боку. Сумленных сярод іх вельмі мала. А няма сумленьня — пішы прапала...».

Думаю, дарэмна вы, спадар Сяргей, падазраяце ўсіх маладых маці ў карысьлівых мэтах. І 11, і 17 мільёнаў беларускіх рублёў — зусім ня тыя грошы, за якія можна выгадаваць і паставіць на ногі дзіця. Мяркую, ня дзеля чыноўніцкай дапамогі і не пад уплывам дзяржаўнай прапаганды пераважная большасьць сем’яў прымае рашэньне заводзіць немаўля. У мацярынстве і бацькоўстве самае каштоўнае — тое, чаго ніякімі грашыма ня вымераеш.

Вы, спадар Сяргей, мяркуючы па ўсім, ужо немалады чалавек. Згадайце пасьляваенныя гады. Тады за нараджэньне дзяцей ніякіх дапамог ня выплочвалі і ў чаргу на кватэры ня ставілі. А людзі нараджалі. І якія вялікія сем’і былі — ня роўня цяперашнім. Калі зыходзіць з вашай лёгікі, дык тады ўвогуле не павінны былі нараджаць: які сэнс, калі з гэтага ніякай грашовай выгады?

✉ ✉ ✉

Мікалай Бусел зь вёскі Пружынішчы Акцябрскага раёну — сярод тых соцень слухачоў, чые лісты ўвайшлі ў нядаўна выдадзены нашым радыё зборнік «Лісты на Свабоду». Атрымаўшы гэтую кнігу па пошце і прачытаўшы яе, спадар Мікалай піша:

«Зборнік цікавы тым, што ягоныя аўтары — маламаёмныя беларусы, беларускі плебс, да якога належу і я. Тэматыка лістоў адлюстроўвае рэальнае жыцьцё абмінутых ня тое што лішнім — неабходным — шчасьцем людзей. Міне час — і зборнік стане гістарычным дакумэнтам. Да таго ж, ён пацьвярджае жывую сувязь (і патрэбу ў такой сувязі) паміж ніжнім, не закранутым „сярэднекласавасьцю“, пластом беларускага грамадзтва, і — вашай радыёстанцыяй.

Я зь цікавасьцю чытаў лісты і разумныя камэнтары да іх. Засмучае адно: вы зьнівелявалі арфаграфію і часткова лексіку лістоў, пазбавіўшы іх часткі непасрэднасьці і, такім чынам, зьнішчаючы матэрыяльныя сьведчаньні важнага парамэтра мовы.

Скажу проста: беларуская мова Радыё Свабода падпала пад усеагульную псоту і злаякасную пухліну невуцтва і мюнхгаўзенства, выйшла з рэгуляванай нормы і спаўзае ў арфаграфічны, лексічны хаос і сінтаксічную аблуду.

Вы — разумны чалавек, Валянціне, то бойцеся і беражыцеся псэўдатарашкевіцы, віленскага псэўдаправапісу, гэтай чарвы на, як здаецца недаверкам і ворагам, трупе беларускай мовы. Славянскай высакаякаснай мовы.

То прашу Вас, пане, калі раптам ізноў будзеце складаць такі зборнік, то прынамсі да маіх магчымых лістоў майце ласку і — Божа барані! — не чапайце ані арфаграфіі, ані лексікі, ані сінтаксісу. Я дбайна абіраю моўныя параметры маіх тэкстаў, і яны не патрабуюць аніякіх псавальных правак.

Я па-ранейшаму жыву ў неперспектыўнай вёсцы Пружынішчы Акцябрскага раёну. Вёску перыядычна руйнуюць экскаватарам і бульдозэрам. І гэта як бы зноў хаваеш землякоў, радню. Цяжкае адчуваньне...».

Далёка ня ўсе допісы, якія атрымлівае рэдакцыя, вызначаюцца такой жа стылёвай адметнасьцю, рэгіянальным калярытам і добрай беларускай мовай, як вашы, спадар Мікалай, лісты. І цытаваць большасьць іх у нязьменным выглядзе, не рэдагуючы і не перакладаючы — не выпадае. Справа тут ня толькі ў адзінай моўнай норме, да якой імкнецца любы сродак масавай інфармацыі. Размова ідзе часта нават пра тое, каб думка, якую імкнецца выказаць слухач, была выкладзена ў сьціслай і зразумелай для радыёаўдыторыі форме. А вось што да вашых, спадар Мікалай, лістоў, — то тут абяцаю ставіцца да іх адметнасьці больш ашчадна. Заўважу таксама, што мы зь цікавасьцю абмяркоўваем у сябе ў калектыве ўсе вашы моўныя заўвагі і прэтэнзіі да нашых перадач.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.

Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

XS
SM
MD
LG