Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да экспэртызы па справе Ігара Пцічкіна далучылі незалежных экспэртаў


Ігар Пцічкін

Ігар Пцічкін

Сьледзтва, якое расьсьледуе сьмерць у менскім сьледчым ізалятары менчука Ігара Пцічкіна, паведаміла сваякам нябожчыка, што да экспэртызы па справе далучаныя тры незалежныя экспэрты. Гэта адказныя супрацоўнікі Гарадзенскага, Віцебскага дзяржаўных мэдычных унівэрсытэтаў і Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту, які знаходзіцца ў Менску. Іх задача, паводле дакумэнту, які атрымалі сваякі Ігара Пцічкіна, — спраўдзіць дакладнасьць дзеяньняў мэдсупрацоўнікаў ізалятара ў справе Пцічкіна.

Мянчук Ігар Піцчкін памёр у менскім ізалятары год таму. Спачатку сваякам паведамілі, што ён памёр ад хваробы сэрца, але пасьля шэрагу акцыяў грамадзкага пратэсту Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу, паводле якой у неаказаньні дапамогі памерламу падазраецца мэдсупрацоўнік ізалятара.

Сястра Ігара Пцічкіна Ірына Пцічкіна: «Сьледзтва зацягвае справу, якая цягнецца ўжо год. Дагэтуль не далі пэўнага адказу аб прычынах сьмерці брата, а тут „узмацнілі“ групу экспэртаў, якія займаюцца дзеяньнямі лекара ў ізалятары. Я згодная, што гэтая экспэртыза таксама патрэбная, але чаму раней яе не ўзмацнілі, калі толькі прызначалі? І дзе дадзеныя асноўнай экспэртызы — аб прычынах гібелі брата? Ці нам іх адмыслова не паведамляюць?»

Раней Сьледчы камітэт абнародаваў зьвесткі пра тое, што Ігар Пцічкін ужываў наркотыкі і падазраецца ў іх распаўсюдзе. Сваякі Пцічкіна з гэтымі зьвесткамі ня згодныя і падалі скаргу ў пракуратуру. «Маці мае намер судзіцца», — кажа Ірына Пцічкіна.

XS
SM
MD
LG