Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны Расеі прапануе зрабіць галоўным праціўнікам ЗША


Генэральны інспэктар расейскага Міністэрства абароны таксама прапанаваў выразна прапісаць умовы для нанясеньня прэвэнтыўнага ўдару.

У новай вэрсіі ваеннай дактрыны Расеі варта вызначыцца з галоўным праціўнікам краіны, а таксама выразна пазначыць умовы для нанясеньня прэвэнтыўнага ўдару расейскімі сіламі ядзернага стрымліваньня. Пра гэта заявіў агенцтву «Інтэрфакс» у сераду каардынатар упраўленьня генэральных інспэктараў расейскага міністэрства абароны генэрал арміі Юры Якубаў.

«У гэтым стратэгічным для краіны дакумэнце павінен быць у першую чаргу выразна пазначаны верагодны праціўнік Расеі, чаго няма ў ваеннай дактрыне ад 2010 году. На мой погляд, галоўны наш праціўнік – гэта ЗША і Паўночнаатлянтычны блёк», – сказаў генэрал.

Генэрал Якубаў таксама заявіў, што «неабходна прапрацаваць умовы, пры якіх Расея можа нанесьці прэвэнтыўны ўдар расейскімі стратэгічнымі ядзернымі сіламі».

Ён нагадаў, што яшчэ некалькі гадоў таму кіраўніцтва ЗША і НАТО на ўсіх узроўнях заяўляла, што Паўночнаатлянтычны блёк, Захад не зьяўляюцца ворагамі Расеі. Аднак цяпер, на думку генэрала, супраць Расеі «разгорнута сапраўдная інфармацыйная вайна, у асобе нашай дзяржавы мэтанакіравана фармуецца вобраз ворага Захаду з далёка ідучымі мэтамі».

«А галоўнае – да нашых межаў ушчыльную набліжаюцца базы ЗША і НАТО. Гэтыя глябальныя зьмены і выклікі, на мой погляд, павінны быць дакладна адлюстраваны ва ўдакладненай Ваеннай дактрыне», – сказаў Якубаў.

Напярэдадні стала вядома, што Расея да канца году ўдакладніць ваенную дактрыну, у сувязі, у прыватнасьці, з падзеямі ва Ўкраіне, пашырэньнем НАТО на ўсход і плянамі ЗША па разьмяшчэньні сродкаў супрацьракетнай абароны ў Эўропе.

Цяперашні варыянт ваеннай дактрыны Расеі быў прыняты 5 лютага 2010 году. У дактрыне прадугледжана, што Расейская Фэдэрацыя пакідае за сабой права на ўжываньне ядзернай зброі ў адказ на выкарыстаньне супраць яе або яе саюзьнікаў ядзернай і іншых відаў зброі масавага зьнішчэньня, а таксама ў адказ на буйнамаштабную агрэсію з ужываньнем звычайнай зброі, калі пад пагрозу пастаўлена само існаваньне расейскай дзяржавы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG