Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анастасія Гайдукевіч: Уся Ўкраіна — гэта сучасны Канстанцін Астроскі


Анастасія Гайдукевіч
Анастасія Гайдукевіч

Кіраўніца грамадзкай арганізацыі «Слава князів Острозьких» з гораду Роўна Анастасія Гайдукевіч рыхтуецца да сьвяткаваньня ва Ўкраіне 500-годзьдзя бітвы пад Воршай.

У інтэрвію Радыё Свабода яна сказала, што ў сучасных варунках неабходна адраджаць памяць пра гістарычныя падзеі, зьвязаныя са змаганьнем Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы супраць Расеі.

Адзначэньне юбілею адбудзецца адразу ў пяці гарадах сучаснай Украіны, у якіх жыў род Астроскіх, — гэта Роўна, Астрог, Дубна, Стараканстанцінаў і Наваград-Валынскі.

— Анастасія, якімі сіламі рыхтуецца адзначэньне 500-годзьдзя Аршанскай бітвы ва Ўкраіне?

— Мы пачалі займацца падрыхтоўкай да гэтай даты яшчэ ў красавіку, нягледзячы на тое, што тады пачыналіся актыўныя баявыя дзеяньні на ўсходзе і завяршаўся Майдан. Мы вырашылі, што гэта важная дата, якую ў кантэксьце канфлікту з Расеяй ні ў якім разе немагчыма прапускаць. Быў створаны аргкамітэт. На шчасьце, мы здабылі падтрымку ад Міністэрства культуры Ўкраіны і Міністэрства абароны Ўкраіны. З-за вайны мы ня маем ад іх фінансавай падтрымкі, але маем вялікае спрыяньне для таго, каб заплянаваныя падзеі адбыліся. Гэта розныя арганізацыйныя пытаньні, напрыклад, запрашэньне людзей.

— У праграме сьвяткаваньня шмат гарадоў заходняй Украіны. А ў якім горадзе будуць галоўныя ўрачыстасьці?

— Спачатку плянавалася, што сьвяткаваньні будуць адбывацца ў трох гарадах — у Астрогу, дзе быў маёнтак Канстанціна Астроскага, а таксама ў Роўне і ў Дубне, якія таксама адносіліся да ягоных уладаньняў. Пазьней далучыліся яшчэ некалькі гарадоў — Віньніца, Стараканстанцінаў, Палоннае, Наваград-Валынскі — яны робяць свае мерапрыемствы адукацыйна-асьветніцкага характару, зьвязаныя з датай і асобай Канстанціна Астроскага. А самая насычаная праграма заплянаваная ў Астрогу.

— Хто будзе ўдзельнічаць? Ці запрошаныя замежныя ўдзельнікі на сьвяткаваньне?

— З-за абвастрэньня баявых дзеяньняў на ўсходзе мы былі вымушаныя моцна зрэзаць фінансаваньне, таму што ўсе сродкі цяпер ідуць на падтрымку нашых вайскоўцаў. Тым ня менш, мы мерапрыемстваў не адмяняем. Мы маем пацьверджаньне, што да нас у Астрог прыедзе амбасадар Польшчы і прадстаўнікі амбасады Літвы. Мы дасылалі запрашэньне таксама і ў беларускую амбасаду, і першапачаткова нават атрымлівалі сьведчаньне зацікаўленасьці ад іх, аднак гарантыяў, што ад іх нехта зьявіцца, мы ня маем. Тым больш у кантэксьце таго, што ў Беларусі ўлады забаранілі адзначаць гэтую дату. Тым ня менш да нас прыедзе дэлегацыя ад аргкамітэту сьвяткаваньня 500-годзьдзя бітвы пад Воршай зь Беларусі, будзем рады іх прымаць.

Карціна Юрыя Нікіціна “Мінэрва суправаджае князя Астроскага ў бітве пад Воршаю”
Карціна Юрыя Нікіціна “Мінэрва суправаджае князя Астроскага ў бітве пад Воршаю”

— Якія самыя цікавыя і важныя мерапрыемствы пройдуць у рамках сьвяткаваньня?

— Будзе адкрыцьцё трону князя Канстанціна Астроскага, які быў рэканструяваны высілкамі музэйных супрацоўнікаў і гісторыкаў. Таксама мы арганізуем круглы стол, на якім хочам экспэртным колам абгаварыць і правесьці паралелі паміж тым, што адбывалася 500 гадоў таму, і тым, што робіцца цяпер. Пагаворым пра тое, якім чынам аб’яднаньне Беларусі, Літвы, Польшчы і Ўкраіны змагло калісьці прадставіць досыць моцнае войска і абараніць Эўропу ад маскоўскай навалы. Тое самае адбываецца і цяпер. Гэтыя паралелі немагчыма ігнараваць, а трэба прагаворваць. Магчыма, з гэтага маглі б быць сфармаваныя нейкія ідэі рэгіянальных палітычных аб’яднаньняў, якія б дазволілі абараніць інтарэсы нашых краін і сёньня.

— Ці ведаюць звычайныя ўкраінцы пра бітву пад Воршай?

— На жаль, большасьць украінцаў, нават тыя, якія жывуць у заходняй Украіне, ня ведаюць сутнасьці даты 8 верасьня 1514 году. Але ж ведаюць, што такое змаганьне з Масквой адбывалася. Недахоп ведаў — наглядны вынік савецкай і расейскай прапаганды, якая імкнулася задушыць памяць пра слаўныя даты. Але гэтыя даты трэба адзначаць і аднаўляць. Нельга аддаваць уласную гісторыю на расправу суседняй краіне, якая маніпулюе гістарычнымі фактамі як заўгодна. На шчасьце, у нашай вобласьці ёсьць Астроская акадэмія, якая была адноўленая ў 90-х гадах і якая лічыць сваім гонарам аднаўленьне ўсяго, што мае дачыненьне да сям’і князёў Астроскіх. Навукоўцы пішуць публікацыі, у канцы верасьня адбудзецца навуковая канфэрэнцыя, прысьвечаная выключна пэрыяду, калі адбылася бітва пад Воршай. Такім чынам мы стараемся кампэнсаваць няведаньне і нейкім чынам аднавіць гэтую памяць.

— Ці ёсьць цяпер ва Ўкраіне новы Канстанцін Астроскі?

— Наўрад ці гэта нейкая канкрэтная асоба. Гэта дух людзей, неймаверны ўнутраны патрыятычны пад’ём, які цяпер адчуваецца ў кожным кутку Ўкраіны. Заходняя Ўкраіна заўсёды была стабільна патрыятычнай, але цяпер мы з радасьцю адзначаем, што і цэнтральная Ўкраіна, і тая частка Ўсходу, якая прайшла праз выпрабаваньні і цяпер вольная, прыходзяць да ўсьведамленьня каштоўнасьці сваёй зямлі і ўласнай гісторыі. Гэта моцна гуртуе народ. Той узровень валянтэрскай аддачы, колькасьць людзей, якія гатовыя днямі і начамі ня спаць, шукаць дапамогу, скідацца грашыма, каб дапамагчы войску, — гэта неймаверна. І часта проста немагчыма стрымаць сьлёзы, калі такое назіраеш. Прычым гэта ня нейкія прыдуманыя галівудзкія гісторыі, гэта рэаліі жыцьця. Ёсьць дзеці 6-7 гадоў, якія прыходзяць да валянтэраў і аддаюць свае капейкі, якія яны зьбіраюць з бацькоўскіх грошай, марачы пра цацку. Такім чынам яны дапамагаюць вайскоўцам. Ёсьць выпадкі, калі пэнсіянэры аддаюць апошняе, каб дапамагчы арміі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG