Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пацьверджаная гібель расейскага журналіста Андрэя Стэніна


Пра гэта заявіў генэральны дырэктар агенцтва «Россия сегодня» Дзьмітры Кісялёў, спаслаўшыся на экспэртызу сьледчага камітэту Расеі. Пазьней інфармацыю аб гібелі журналіста на паўднёвым усходзе Ўкраіны пацьвердзілі ў сьледчым камітэце.

«5 жніўня падчас камандзіроўкі ва Ўкраіну А.Стэнін знаходзіўся ў горадзе Сьнежнае», — заявіў «Інтэрфаксу» афіцыйны прадстаўнік сьледчага камітэту РФ Уладзімер Маркін. Паводле яго, 6 жніўня ён на аўтамабілі Renault Logan у складзе калёны ўцекачоў, якую ахоўвалі апалчэнцы, рухаўся па аўтадарозе Сьнежнае — Дзьмітраўка. На аўтадарозе пачаўся абстрэл з боку ўкраінскіх вайскоўцаў, у выніку якога Андрэй Стэнін загінуў.

Аднак раней зьявіліся паведамленьні аб тым, што Стэнін разам з ваеннымі карэспандэнтамі «інфармацыйнага корпусу» апалчэньня Сяргеем Карэнчанкавым і Андрэем Вячалам зьехаў у раён баявых дзеяньняў.

Літаральна напярэдадні «Россия сегодня» прасіла не сьпяшацца з паведамленьнямі аб гібелі журналіста. Гендырэктар інфармагенцтва Дзьмітры Кісялёў у аўторак заклікаў «не рабіць заяваў аб гібелі Андрэя Стэніна», фотакарэспандэнта гэтага агенцтва, які прапаў бязь вестак у Данбасе ў пачатку жніўня.

У сацыяльных сетках рэгулярна зьяўляліся паведамленьні пра тое, што генэтычная экспэртыза парэштак, знойдзеных у Данецкай вобласьці пару тыдняў таму, пацьвердзіла, што яны належаць Стэніну.

Упершыню інфармацыя аб знаходжаньні парэшткаў Стэніна зьявілася 22 жніўня на сайце газэты «Комсомольская правда» (КП). У той жа дзень, зь неабвешчаных прычынаў, яна была выдаленая з сайту «КП». Гэтак жа, як і згадкі пра парэшткі Стэніна на экаунтах у сацыяльных сетках аднаго з аўтараў публікацыі — Дзьмітрыя Сьцешына.

У артыкуле распавядалася пра тое, як журналісты «Комсомольской правды» разам з калегамі з Lifenews выявілі згарэлы Renault Logan у Данецкай вобласці.

Да гэтага журналіст Lifenews Сямён Пегаў прыйшоў да высновы, што зьніклага Андрэя Стэніна трэба шукаць у раёне горада Сьнежнае, дзе на той момант праходзілі баі.

У аўтамабілі было тры цела. У багажніку знайшлі два абгарэлыя прафэсійныя аб’ектывы і лінзы

Аўтамабіль той жа маркі, што і той, на якім перасоўваўся Стэнін і двое прадстаўнікоў інфармацыйнага корпусу сэпаратыстаў, быў знойдзены на прасёлкавай дарозе за вёскай Дзьмітраўка. «Поле было застаўленае згарэлымі машынамі. Легкавушкі, грузавічкі, лёгкая браня. Над полем лунаў салодкi трупны пах». Адным з абгарэлых аўтамабіляў быў Renault Logan. У аўтамабілі было тры цела. У багажніку — як паведамлялі журналісты КП — знайшлі два абгарэлыя прафэсійныя аб’ектывы і лінзы.

На паверхні самога аўтамабіля журналісты КП і Lifenews выявілі сьляды ад лёгкай стралковай зброі. Выданьне цытуе Сямёна Пегава: «У раёне ішлі зачысткі, украінская армія вырывалася з катлоў. Думаю, яны натрапілі на такую калёну, разгарнуліся на трасе, і тут па іх сталі страляць». Журналісты выказалі здагадку, што «кіроўца і пасажыры былі забітыя чэргамі, машына зьехала з трасы ў поле. Вайскоўцы агледзелі яе — забралі тэлефон, як мінімум. Машына згарэла пазьней, пасьля таго, як гэты квадрат быў накрыты „Градамі“. Інакш не было б трупнага паху».

Аўтары артыкулу рабілі выснову, што пакуль ня будзе праведзена генэтычная экспэртыза знойдзеных парэшткаў, канстатаваць гібель журналіста рана.

Ваенны фотакарэспандэнт агенцтва «Россия сегодня» Андрэй Стэнін працаваў на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласьцей. Апошняе паведамленьне ад яго рэдакцыя атрымала 5 жніўня, ад тых часоў журналіст на сувязь не выходзіў. 7 жніўня агенцтва паведаміла аб зьнікненьні Стэніна. Дырэктар аддзелу фотаінфармацыі Аляксандр Штоль распавёў, што, па словах людзей, блізкіх да штабу кіраўніка сіламі самаабвешчанай ДНР Ігара Стралкова, Стэнін, хутчэй за ўсё, адправіўся разам з прадстаўнікамі інфармацыйнага корпусу сэпаратыстаў у Шахцёрск.

Калегі і спачуваючыя патрабавалі вызваліць Стэніна — былі падазрэньні, што да яго зьнікненьня датычныя ўкраінскія спэцслужбы

У падтрымку журналіста сталі праходзіць шматлікія акцыі — як у сацыяльных сетках, так і каля украінскіх амбасадаў у розных гарадах сьвету. Калегі і спачуваючыя патрабавалі вызваліць Стэніна — былі падазрэньні, што да яго зьнікненьня датычныя ўкраінскія спэцслужбы.

Гэтыя падазрэньні ўзмацніліся пасьля таго, як агенцтва «Россия сегодня» распаўсюдзіла аўдыёзапіс інтэрвію, якое дарадца кіраўніка МУС Украіны Антон Герашчанка даў латвійскай радыёстанцыі Baltkom. Герашчанка, у прыватнасьці, выказаў здагадку, што Стэнін мог быць арыштаваны ўкраінскімі службамі бясьпекі і можа быць датычны да дапамогі сэпаратыстам. Пры гэтым ён адзначыў, што не валодае інфармацыяй аб тым, дзе знаходзіцца Стэнін. Пасьля Герашчанка заявіў, што журналісты няправільна зразумелі яго словы аб арышце Стэніна.

У ходзе кампаніі па вызваленьні Андрэя Стэніна нідзе і ні разу не гучалі імёны Сяргея Карэнчанкава і Андрэя Вячалы, супрацоўнікаў «інфармацыйнага корпусу» ДНР, якія суправаджалі фотакарэспандэнта «Россия сегодня». Іх згадвала толькі «Комсомольская правда» ў тым артыкуле, які пазьней быў зьняты з сайту газэты. Нідзе таксама не паведамляецца пра тое, ці была праведзена экспэртыза парэштак двух іншых пасажыраў згарэлага аўтамабіля, якімі, як мяркуецца, і былі Карэнчанкаў і Вячала.

Ва Ўкраіне да гісторыі са зьнікненьнем Андрэя Стэніна і двух прадстаўнікоў інфармацыйнай службы сэпаратыстаў паставіліся неадназначна. Так, паводле галоўнага рэдактара выданьня «Цензор.Нет» Юрыя Бутусава, «Украіна павінна прыкласьці намаганьні па пошуку Стэніна ў тым выпадку, калі РФ, у сваю чаргу, возьмецца ўсур’ёз за справу вызваленьня дзясяткаў і сотняў украінцаў, схопленых на акупаваных экстрэмістамі тэрыторыях». Афіцыйная пазыцыя ўкраінскіх уладаў была іншай: 16 жніўня той жа дарадца кіраўніка МУС Антон Герашчанка паведаміў, што расейскі журналіст абвешчаны ў вышук.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG