Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Марыюпалі ўзводзяць ўмацаваньні і ладзяць бамбасховішчы


аўмільённы ўкраінскі горад на беразе Азоўскага мора пераўтвараюць у крэпасьць перад пагрозай атакі расейскага войска, якое ўжо стаіць у суседнімі Новаазоўску.

У Марыюпалі сілавікі і мясцовыя ўлады працягваюць рыхтавацца да магчымых баёў за горад.

На ўездах ўзмацняюць блёкпасты і ўзводзяць ўмацаваньні, а ў самім горадзе рыхтуюць бамбасховішчы. Між тым блізу Марыюпаля працягваюцца сутыкненьні з сэпаратыстамі.

У горадзе працягваюць рыхтавацца да магчымага штурму сэпаратыстаў ці расейскіх вайскоўцаў: працягваюцца працы па ўзмацненьні блёкпастоў, узводзяцца таксама новыя, досыць магутныя палявыя ўмацаваньні на ўездах у горад. Праўда, здымаць будаўніцтва ўмацаваньняў карэспандэнту Радыё Свабода не дазволілі.

Да гэтых работ актыўна прыцягваюцца таксама жыхары гораду, а гарадзкая ўлада дала ім транспарт: людзей арганізавана прывозяць і адвозяць на працы.

Як адзначыў Марыюпальскі гарадзкі старшыня Юры Хатлубей, працы на подступах да гораду ўжо завяршаюцца, а наўзамен павінна пачацца будаўніцтва абарончай лініі на адлегласьці 20 кілямэтраў ад гораду.

Мэр назваў Марыюпаль горадам-крэпасьцю. Ён таксама запэўніў, што сярод жыхароў хапае тых, хто гатовы абараняць родны горад ад агрэсараў.

Адначасова ў горадзе таксама ўладкоўваюць бамбасховішчы. Падвальныя памяшканьні адмыслова рыхтуюць — прыбіраюць ад усялякага ламачча, рамантуюць асьвятленьне, часам труцяць казурак і пацукоў. Мэр паведаміў, што зараз разглядаюць магчымасьць напаўненьня іх запасам вады і ежы. Але цяпер гэтым пытаньнем хутчэй займаюцца самі жыхары шматкватэрных дамоў, якія часам спэцыяльна зьбіраюць сродкі на рамонт падвалаў.

Сэпаратысты рыхтуюць дэсант?

Першыя спробы сэпаратыстаў прарвацца ў Марыюпаль уздоўж марскога ўзьбярэжжа, то бок найкарацейшым шляхам з боку Навазоўска адбілі. Гэтак жа ня мае прыкметнага посьпеху і наступ з паўночнага данецкага напрамку. Цяпер украінскія вайскоўцы кажуць, што магутных нападаў з боку сэпаратыстаў тут няма, а апошнія іх напады характарызуюць хутчэй як выведку боем.

На днях варожая выведвальна-дывэрсійная група нават абстраляла адзін з блёк-пастоў на ўскраіне гораду. Зрэшты да гэтага часу сэпаратысты не змаглі ўзяць горад у аблогу, хоць яшчэ некалькі дзён таму сэпаратысты заяўлялі пра атачэньне гораду амаль як пра факт, які адбыўся.

У Марыюпалі таксама лічаць магчымай атаку з мора — высадку варожага дэсанту. Менавіта гэтым, а таксама падрыхтоўкай да блякады гораду тлумачаць напад на ўкраінскія памежныя катэры ў канцы мінулага тыдня. Таксама мяркуюць, што напад на Марыюпаль можа быць камбінаваным: і з сушы, і з мора.

Адносна дзеяньняў і плянаў украінскіх сілавікоў таксама вельмі мала пацьверджанай інфармацыі.

XS
SM
MD
LG