Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія інтэлектуалы: гэта агрэсія Расеі супраць Украіны


20 вядомых польскіх інтэлектуалаў напісалі зварот да грамадзянаў і ўрадаў эўрапейскіх дзяржаў.

Аўтары ліста заклікаюць эўрапейцаў уключыцца ў кампаніі, накіраваныя на cтрымліваньне расейскай агрэсіі супраць Украіны. Сучасныя падзеі на ўкраінскім усходзе падпісанты звароту параўноўваюць з падзеямі восені 1939 году ў Эўропе, калі эўрапейскія дзяржавы абыякава назіралі за нападам суседзяў-агрэсараў на Польшчу.

Радыё Свабода запыталася ў доктара філязофскіх навук, аднаго з ініцыятараў і аўтараў звароту да эўрапейцаў, Казімежа Вуйціцкага, чаму польскія інтэлектуалы вырашылі зьвярнуцца да грамадзянаў і ўрадаў Эўропы?

— Неабходная мабілізацыя грамадзкай думкі. Дрэнна, калі сёньня некаторыя кажуць аб украінскай праблеме. На самай справе, гэта праблема Расеі, бо гаворка ідзе пра агрэсію Расеі супраць Украіны. А па сутнасьці, аднаўленьне Расеяй пазыцыі звышдзяржавы, якая пагражае ўсёй Эўропе. Расея разгарнула грандыёзную кампанію дэзынфармацыі, якой трэба супрацьстаяць. Інтэлектуалы, то бок людзі, якія абавязаныя быць разважлівымі, павінны мабілізаваць свае намаганьні і зьвяртацца да таварыстваў і палітыкаў, каб тыя зразумелі, што менавіта сёньня адбываецца і наколькі гэта вялікая пагроза.

— Ваш зварот адрасаваны да суполак і ўрадаў эўрапейскіх дзяржаў. Няўжо гэтыя грамадзтвы недастаткова інфармаваныя пра падзеі ва Ўкраіне, да чаго вы іх заклікаеце?

— Я ня ўпэўнены ў тым, што гэтыя грамадзтвы добра дасьведчаныя. Як па мне, у Францыі, у некалькі меншай ступені — ў Нямеччыне, патрэбныя грандыёзныя намаганьні, каб убачыць сутнасьць таго, што адбываецца. У меншых краінах — такіх як Чэхія, Славакія, Вэнгрыя — таксама трэба прыкласьці вялікія намаганьні для таго, каб грамадзкасьць і палітыкі зразумелі, што яны адказныя за ўсю Эўропу, і ня могуць хавацца па кутах, дрыжучы, што санкцыі супраць Расеі могуць нанесьці клопатаў іх бізнэс-інтарэсам. Увогуле, сытуацыя вельмі небясьпечная, таму што Расея Пуціна вельмі агрэсіўная, таму патрэбна вялікая эўрапейская салідарнасьць. Кожны голас, які парушае гэтую салідарнасьць, кожны голас, які спрабуе апраўдаць Пуціна, нейкім чынам павялічвае пагрозу вайны, пагрозу агрэсіі з боку Масквы.

— Ці патрапіў ваш зварот да адрасата?

— Я думаю, што так. Рэакцыя вельмі моцная, наш зварот апублікавала нямецкая прэса, французская. Я думаю, што ня толькі гэты ліст, але і ўся сытуацыя будзе спрыяць таму, што эўрапейская грамадзкая думка ўсё лепш стане ўсьведамляць, што менавіта адбываецца. Як па мне, вельмі небясьпечнае паўтарэньне, што Эўропа нічога ня можа, што яна слабая і гэтак далей. Гэта нічому ня служыць. Трэба быць засяроджаным і цьвяроза ацаніць велізарную пагрозу для Эўропы з боку Масквы, якая стала расьце.

— Як жа, на Вашу думку, Эўропа можа дапамагчы Ўкраіне?

— Я лічу, што Ўкраіне неабходна пастаўляць зброю. Чаканьне ўкраінскіх палітыкаў, што Ўкраіна можа ўступіць у НАТО, цалкам абгрунтаванае. НАТО павінна ўсялякімі спосабамі ўключацца ў гэты працэс, але гэта не азначае, што трэба спыніць размовы аб неабходнасьці палітычных рашэньняў. Хочацца верыць, што сапраўдныя палітычныя размовы такі адбудуцца, таму што пакуль Пуцін, сядаючы за перагаворны стол, увесь час хлусіць. Такія перамовы — гэта дымавая заслона для яго дзеяньняў. Між тым відаць, што санкцыі супраць Расеі павольна пачынаюць дзейнічаць. Дасьледаваньні цэнтра Левада паказваюць, што энтузіязм адносна дзеяньняў Пуціна ў расейскім грамадзтве памяншаецца. І такія настроі будуць расьці. Таму ваенныя, эканамічныя і палітычны фактары паўплываюць на тое, што Ўкраіна будзе дзяржавай, якой не пагражае расейская агрэсія і якая зможа бесьперашкодна ўкараніць эканамічныя рэформы і хутка збліжацца з Эўрапейскім Зьвязам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG