Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шостая «Камяніца»: ад «Тройцы» да Скрыпкі


Прэсавая канфэрэнцыя «Камяніцы-2014»

Прэсавая канфэрэнцыя «Камяніцы-2014»

6 верасьня ў Музэі народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо пад Менскам адбудзецца VI міжнародны фольк-фэст «Камяніца». З гэтай нагоды ў аднайменнай менскай страўні адбылася прэсавая канфэрэнцыя з удзелам арганізатараў фэсту і ягоных удзельнікаў.

Каардынатар фэсту Сяргей Чэгрынец падкрэсьліў, што цягам пяці гадоў фэст імкнецца стварыць найперш сямейную атмасфэру, дзеля чаго ў праграму, апрача музыкі, уключаюцца дадатковыя мерапрыемствы кшталту адмысловай дзіцячай пляцоўкі, паказу рыцарскіх клюбаў і мастацкіх выстаў, а таксама конкурс нацыянальных строяў. Другі момант — гэта прадстаўленьне праграм музычных калектываў Беларусі з тым, каб яны прысутнічалі на сцэне поруч з замежнымі ўдзельнікамі фэсту. Тым самым ягоным наведнікам даводзіцца думка пра тое, што айчынныя выканаўцы ня могуць успрымацца артыстамі «другога гатунку», а здольныя нароўні зь імі паказацца на любым фэсьце эўрапейскага ўзроўню.

Так, сёлета беларускую музыку будуць паказваць гурты Этна-трыо «Троіца», «Kriwi», «Šuma» і «Re1ikt», а таксама фольк-тэатар «Яварына». Прысутных чакаюць выступы калектываў зь яшчэ трох краін. Гэта будуць «Отава Ё» з Расеі, «Ahmed Má Hlad» з Чэхіі, «Bandurband» з Украіны і мультылінгвістычны праэкт Караліны Ціхай і Бартэка Палыгі з Польшчы, які мае прадставіць праграму, створаную на дзевяці мовах, на якіх гістарычна размаўляла Беласточчына. Усе выступы гэтых каманд адбудуцца на вялікай сцэне. На малой жа арганізатары фэсту далі магчымасьць выступіць дзіцячым ды аматарскім калектывам, сярод якіх будуць СРада», «Горынь», «Ягорава гара».

Выступаючы на прэсавай канфэрэнцыі, нязьменны вядучы фэсту Алег Хаменка падкрэсьліў, што цягам пяці гадоў «Камяніца» набыла шырыню і глыбіню зьместу. Прынамсі, арганізатары ўжо цяпер выбіраюць, каго запрасіць у Азярцо, а не «хапаюць» тых, хто толькі можа прыехаць. Паводле Алега Хаменкі, фэст мае несьці ў сабе больш інтрыгі, якая пакуль што маецца толькі ў конкурсе на лепшы нацыянальны строй. Аднак у наступныя гады фэст мусіць прапаноўваць прысутным нешта новае. Прагучала думка й пра тое, што праз пэўны час «Камяніца» абвесьціць строгі дрэс-код для ўсіх наведнікаў. Пакуль што ўваход на тэрыторыю музэю будзе, як і раней, бясплатным для людзей у нацыянальных строях (апрача абутку).

Сяргей Чэгрынец абвесьціў і некаторыя лічбы мінулагодняй «Камяніцы», якія зьявіліся ў выніку працы валанцёраў. Так, у 2013 годзе пад Азярцо прыехалі каля 2000 аўтамабіляў, а колькасьць наведнікаў склала каля 8 тысячаў чалавек. Што да сёлетняга фэсту, дык заезд і ад’езд ад тэрыторыі музэю будзе бясплатны. Аўтобусы пачнуць курсаваць ад станцыі мэтро «Малінаўка» ў 11.40, апошні рэйс назад заплянаваны на 23.15. Канцэртная праграма пачнецца а 14.00 выступам Этна-трыо «Тройца» на вялікай сцэне, а скончыцца ды-джэйскім сэтам Алега Скрыпкі. Кошт квіткоў для дарослых 60 тысяч рублёў, для школьнікаў — 30. Усе сродкі ад продажу квіткоў, як і раней, пойдуць на падтрымку музэю, а галоўным партнэрам «Камяніцы» выступае ўжо ня першы год банк БелВЭБ.

XS
SM
MD
LG