Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі адбываецца паседжаньне кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі ва Ўкраіне. Ці застаецца Менск цэнтрам міратворчага працэсу? Якія пэрспэктывы дасягненьня міру ва Ўкраіне на менскіх перамовах?

Удзельнікі: журналіст Юры Сьвірко з Кіева і палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску.

Ці застаецца Менск цэнтрам міратворчага працэсу?

Валеры Карбалевіч

Валеры Карбалевіч

Валер Карбалевіч: «26 жніўня ў Менску адбыліся перамовы з удзелам прэзыдэнтаў Расеі, Беларусі, Казахстану, Украіны і высокіх прадстаўнікоў ЭЗ. На іх было дамоўлена працягваць перамоўны працэс па розных пытаньнях: па гандлі, па газе, па сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны. Паколькі вынікі Менскага саміту агучваў прэзыдэнт Беларусі Лукашэнка, то можна было меркаваць, што ўсе гэтыя перамовы будуць адбывацца тут, на беларускай тэрыторыі.

Аднак высьветлілася, што не. Ужо прайшлі кансультацыі генэральных штабоў Расеі і Ўкраіны. Прайшлі перамовы па гандлёвых пытаньнях на ўзроўні намесьнікаў міністраў Расеі і Ўкраіны. І адбыліся яны не ў Беларусі. Перамовы пра газ таксама плянуецца правесьці не ў Беларусі. У Менску праходзіць толькі паседжаньне трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны. Дык ці застаецца Менск цэнтрам міратворчага працэсу, як ужо пасьпелі абвясьціць некаторыя экспэрты? Ці самітам 26 жніўня ўся міратворчасьць Беларусі і скончылася?»

Андрэй Фёдараў: «Казаць, што беларуская міратворчасьць 26 жніўня і скончылася, цяпер зарана. Не выключаю, што афіцыйны Менск будзе выступаць з новымі ініцыятывамі па мірным вырашэньні ўкраінскага крызісу, і будзе нейкі працяг.

Тыя перамовы, якія цяпер адбываюцца ў Менску, — хутчэй тэхнічныя, а не прынцыповыя. Бо прынцыповыя пытаньні павінны вырашацца на зусім іншым, вышэйшым узроўні, чым той, на якім ідуць менскія перамовы. Тут могуць быць вырашаны лякальныя пытаньні, кшталту абмену палоннымі».

Юры Сьвірко: «Тэарэтычна Менск якраз і можа быць месцам перамоваў. Бо гэта нэўтральная краіна. Акрамя таго, Менск — сталіца СНД, тут знаходзіцца штаб-кватэра гэтай арганізацыі.

Што тычыцца Менскага саміту 26 жніўня, то я яшчэ да яго пачатку казаў, што ў Кіеве да яго ўсур’ёз ня ставяцца. Бо Расея не зьбіраецца мяняць сваю палітыку адносна Ўкраіны. Масква хоча інстытуцыяналізаваць ДНР і ЛНР».

Якія пэрспэктывы менскіх перамоваў?

Карбалевіч: «Вось давайце пагаворым пра перамовы ў фармаце трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны. Так яна афіцыйна называецца. Хоць насамрэч там чатыры бакі: Расея, Украіна, АБСЭ і сэпаратысты.

Назва гэтага перамоўнага фармату гучная і зь вялікімі прэтэнзіямі. Мінулае паседжаньне прайшло 1 верасьня, наступнае адбудзецца 5 верасьня. Які парадак дня гэтых перамоваў?

На папярэднім паседжаньні гэтай кантактнай групы ў Беларусі 31 ліпеня абмяркоўвалі тэхнічныя пытаньні: абмен палоннымі, доступ да месца падзеньня малайзійскага „Боінгу“. Цяпер, як можна зразумець з камэнтароў афіцыйных асобаў і з самой назвы гэтай групы, на парадку дня пытаньні палітычныя?»

Юры Сьвірко

Юры Сьвірко

Сьвірко: «Абмен палоннымі — гэта галоўная тэма цяперашніх перамоваў у Менску. Прадстаўнікі сэпаратыстаў заявілі, што Кіеў выступіў з даволі зьмястоўным пакетам прапановаў. Зь іншага боку, украінскія ўлады заяўляюць, што не прызнаюць ДНР і ЛНР. Таму перамовы зь імі могуць быць толькі тэхнічныя».

Карбалевіч: «Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, выступаючы ў Брусэлі, заявіў, што мае надзею на дамоўленасьць на менскіх перамовах аб спыненьні агню на ўкраінскім Усходзе. Гэта зусім не тэхнічнае пытаньне, гэта ці не галоўнае сёньня пытаньне ўкраінскага крызісу. Ці адпавядае маштаб пытаньня ўзроўню перамоўшчыкаў?»

Фёдараў: «Да гэтай заявы Парашэнкі ў Брусэлі я стаўлюся крытычна. Ён перад лідэрамі краін ЭЗ хацеў дэманстраваць імкненьне да міру, ён ня мог казаць: „Не спадзяюся на посьпех менскіх перамоваў“.

Што тычыцца пакету прапановаў з боку Кіева, то мы ня ведаем ягонага зьместу, таму цяжка нешта камэнтаваць. А гучныя заявы прадстаўнікоў ДНР і ЛНР трэба разглядаць як спробу падвысіць сваю вагу, значнасьць.

Пытаньне спыненьня агню павінна вырашацца на ўзроўні прэзыдэнтаў. А як гэта зрабіць, калі Расея адмаўляе свой удзел у ваенным канфлікце на ўсходзе Ўкраіны, хоць менавіта ваеннае ўмяшаньне РФ і ёсьць галоўнай прычынай канфлікту?»

Сьвірко: «Парашэнка шмат разоў казаў, што спыненьне агню на ўсходзе Ўкраіны — гэта ягоная мэта. У Кіеве асаблівых надзеяў на менскія перамовы не ўскладаюць. Таму што ўзровень прадстаўніцтва там невялікі. У Кіеве лічаць, што Расея выкарыстоўвае перамовы ў Менску, каб падвысіць статус сэпаратыстаў, зрабіць іх юрыдычна бакамі канфлікту».

Як можна вырашыць украінскі крызіс?

Карбалевіч: «Здаецца, да апошняга часу кіеўскія палітыкі разьлічвалі на ваенную перамогу на ўсходзе Ўкраіны. І былі недалёка ад гэтага. Данецк і Луганск фактычна апынуліся ў аблозе ўкраінскага войска.

Але апошнія падзеі паказалі, што ваеннае рашэньне ўкраінскага крызісу немагчымае. Бо як толькі ўкраінскае войска пачынае перамагаць, у рэгіён уводзяцца расейскія войскі, і ўсе намаганьні Кіева аказваюцца марнымі. Бо перамагчы расейскае войска ўкраінская армія ня можа.

І палітычнага рашэньня таксама няма, бо пазыцыі бакоў вельмі розныя. Атрымліваецца патавая сытуацыя, тупік у расейска-ўкраінскім канфлікце. Якое выйсьце?»

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

Фёдараў: «Я згодзен з вашай ацэнкай сытуацыі. Я маю надзею на ўмяшаньне ў гэты працэс вонкавых гульцоў, найперш Захаду. У яго ёсьць мгчымасьць паўплываць на агрэсара, то бок на Расею. Падаецца, неўзабаве пытаньне стане рубам».

Карбалевіч: «Наколькі я разумею, ЭЗ цяпер, хутчэй, цісьне на Ўкраіну, падштурхоўвае яе да саступак».

Сьвірко: «Ва Ўкраіне паступова нарастае незадаволенасьць тым, што адбываецца на фронце, няздольнасьцю Парашэнкі вырашыць канфлікт. Нагадаю, што ён абяцаў вырашыць канфлікт на ўсходзе хутка.

Украінскай эліце і грамадзтву трэба вырашыць, за што ваюе ўкраінскае войска. Ёсьць два пытаньні: зямля і людзі. Жыхары Данецкай і Луганскай абласьцей, прыхільныя да Ўкраіны, ужо зьехалі адтуль у іншыя ўкраінскія рэгіёны. За іх ваяваць ня трэба.

Цяпер пытаньне пра тое, ці гатовыя ўкраінцы ваяваць, несьці ахвяры за зямлю, за тэрыторыю гэтых дзьвюх абласьцей. Гэтых пытаньняў украінскае грамадзтва ня вырашыла. Думаю, да зімы вырашыць.

Не выключаю, што Кіеў паставіцца да Данецкай і Луганскай абласьцей так, як ён паставіўся да Крыму. То бок пашырыць закон аб акупаваных тэрыторыях на новыя землі».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG