Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 3 верасьня: Візыт Барака Абамы ў Эстонію


Ілюстрацыя з Календара Бахарэвіча

Ілюстрацыя з Календара Бахарэвіча

Падзеі і даты сёньняшняга дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

У офісе грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» (вул. Ленінградзкая, 5, офіс 37) пройдзе круглы стол – абмеркаваньне законапраекту аб барацьбе з карупцыяй, прэзэнтацыя альтэрнатыўнага варыянту законапраекту. У дыскусіі возьмуць удзел журналістка Сьвятлана Калінкіна і былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў. Пачатак у 11:00.

У офісе Аб'яднанай грамадзянскай партыі (вул. Веры Харужай, 22-1701) адбудзецца пасяджэньне экспэртнага клюбу АГП, прысьвечанае законапраекту аб барацьбе з карупцыяй. Сярод удзельнікаў дыскусіі: Леанід Заіка, Анатоль Лябедзька, Гары Паганяйла, Валер Карбалевіч. Пачатак у 11:30.

У Нацыянальным прэсавым цэнтры – прэзэнтацыя Дзён беларускага пісьменства і факсымільнага выданьня Бібліі Францішка Скарыны. Пачатак у 15:00.

Рок’н’рольная роварная экскурсія «Менскія гіпаны». Пачатак ад узьбярэжнай Сьвіслачы насупраць Траецкага прадмесьця. Роварны шпацыр па найбольш вядомых тусовачных месцах менскіх гіпі 60-70-х гадоў пад музыку «Бітлз» і «Лед Зэпелін», Элвіса Прэсьлі і Ўладзімера Мулявіна, «Алгарытмаў» і «Зодчих», Лявона Вольскага, «Мроі» і менскага ветру. Пачатак у 18:30.

Талін, візыт прэзыдэнта ЗША Барака Абамы ў Эстонію, сустрэча з кіраўнікамі трох Балтыйскіх краінаў.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ

1783 – паводле падпісанага ў Парыжы мірнага пагадненьня афіцыйна скончылася Вайна за незалежнасьць Злучаных Штатаў Амэрыкі.

1915 – нямецкія войскі занялі Горадню.

1918 – камэндант Крамля расстраляў Фані Каплан, абвінавачаную ў замаху на Леніна.

1929 – Каралеўства сэрбаў, харватаў і славенцаў атрымала назву Югаславія.

1953 – Мікіта Хрушчоў абраны першым сакратаром ЦК КПСС.

Палітыкі паўсюль аднолькавыя: яны абяцаюць пабудаваць мост там, дзе і ракі няма

Мікіта Хрушчоў

2004 – школа ў Бэслане (Паўночная Асэтыя) атакаваная расейскім спэцназам. Падчас штурму загінулі каля 300 закладнікаў, больш за палову зь якіх – дзеці.

У гэты дзень нарадзіліся:

1918 – Валянцін Міцкевіч, беларускі грамадзка-культурны, рэлігійны і сьвецкі дзеяч на эміграцыі

1927 – Алесь Адамовіч, беларускі пісьменьнік.

Непрыгожы чалавек, калі яго забіваюць! Гэта заўсёды прачытваецца на пакрыўджаных тварах катаў.

Алесь Адамовіч

1941 – Сяргей Даўлатаў, расейскі пісьменьнік.

У адных ёсьць думкі. У іншых – аднадумцы.

Сяргей Даўлатаў

3 верасьня 2010 году пры загадкавых абставінах памёр апазыцыйны беларускі журналіст Алег Бябенін, паводле афіцыйнай вэрсіі – скончыў жыцьцё самагубствам.

З КАЛЕНДАРА БАХАРЭВІЧА

Санкт-Паўлік. 3 верасьня 1932 забіты Паўлік Марозаў

XS
SM
MD
LG