Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ва Ўкраіне з размахам адзначаць 500-годзьдзе перамогі пад Воршай


Дэлегацыя Партыі БНФ на чале з намесьнікам старшыні партыі Ігарам Ляльковым 6–8 верасьня возьме ўдзел у сьвяткаваньні 500-годзьдзя перамогі пад Воршай ва Ўкраіне.

Адзначэньне юбілею адбудзецца адразу ў пяці гарадах сучаснай Украіны, у якіх жыў род Астроскіх — гэта Роўна, Астрог, Дубна, Стараканстанцінаў і Наваград-Валынскі.

Як распавёў намесьнік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў, юбілей бітвы пад Воршай адзначаецца ва Ўкраіне на высокім узроўні:

Ігар Лялькоў

Ігар Лялькоў

«Праграма сьвяткаваньняў вельмі насычаная: афіцыйныя мерапрыемствы з удзелам дзяржаўных асобаў, культурніцкія і гістарычна-краязнаўчыя імпрэзы, канцэрты, усталяваньне памятных знакаў, дыскусіі палітыкаў і гісторыкаў. Перамога пад Воршай надоўга спыніла прасоўваньне маскоўскай навалы на тэрыторыі нашых краінаў. Але і цяпер, праз 500 год, стары вораг ізноўку ўздымае галаву: важнасьць адзначэньня слаўнай перамогі ў сёньняшняй Украіне павялічваецца ў сьвятле той агрэсіі, якую чыніць Масква цяпер на Данбасе і ў Луганску. Вельмі прыкра, што ўлады сучаснай Беларусі не бяруць з суседзяў прыклад годнага сьвяткаваньня важнай гістарычнай даты. Партыя БНФ лічыць ганебнай забарону Аршанскім райвыканкамам масавых мерапрыемстваў і канцэрту з нагоды юбілею ў самой Воршы і на Крапівенскім полі», — сказаў Ігар Лялькоў.

У межах праграмы сьвяткаваньня, якая падрабязна прадстаўленая на сайце «500-річчя перемоги під Оршею», у Роўне адбудзецца агульнагарадзкое сьвяткаваньне, пройдуць «Кірмаш майстроў» і круглы стол «Украінская мэнтальнасьць, місія і сьветапогляд вачыма творцаў». У абласным краязнаўчым музэі будуць прэзэнтаваныя карціна «Перамога пад Воршай» і кнігі Кацярыны Ліпы ды Віргініюса Строля, прэзэнтацыя «Альманаха валынскай кухні», разам зь якой будзе адбывацца дэгустацыя ежы. У Роўне ўрачыста адкрыюць мэмарыяльны знак Канстанціну Астроскаму. Ня менш насычаныя праграмы сьвяткаваньня падрыхтаваныя ў Астрогу, Дубне, Стараканстанцінаве і Наваградзе-Валынскім.

1 верасьня беларускія ўлады забаранілі адзначэньне 500-годзьдзя Аршанскай бітвы, у якім меліся ўзяць удзел некалькі соцень чалавек, у тым ліку прадстаўнікі замежных амбасадаў. На 6 верасьня былі заплянаваныя набажэнства, экскурсія па Воршы і паездка на Крапівенскае поле з ускладаньнем кветак да памятнага знака, урачыстай часткай і канцэртам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG