Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна пачала рэвэрс газу са Славаччыны


Украіна і Славаччына адкрылі рэвэрс газу са Славаччыны ва Ўкраіну.

Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку прэм’ер-міністар Украіны Арсені Яцанюк.

«Сёньня разам са славацкім калегам адкрылі газаправод „Ваяны-Ужгарад“, які забясьпечыць рэвэрсныя пастаўкі газу ва Ўкраіну.

Яшчэ паўгода таму мала хто спадзяваўся, што мы сумеснымі намаганьнямі зможам атрымаць з Эўразьвязу да 10 мільярдаў кубічных мэтраў газу. Гэта вельмі вялікі крок наперад. І мы пераадолелі ўсе і палітычныя, і тэхнічныя цяжкасьці, і прадэманстравалі: мы адзіныя, а калі мы адзіныя, то мы моцныя», — напісаў Яцанюк.

«Мы маем патрэбу адзінства, адзіных падыходаў у палітыцы і эканоміцы, адзіных падыходаў у энэргетыцы. І наша сумесная праца на 100% гарантуе як пастаўкі, так і транзыт газу, калі мы сумесна будзем эксплюатаваць і мадэрнізаваць украінскую газатранспартную сыстэму. Таксама наш шлях — гэта дывэрсыфікацыя энэргазабесьпячэньня. І сёньня мы дэманструем рэальнасьць дывэрсыфікацыі. Яшчэ адзін аспэкт — гэта энэргаэфэктыўнасьць», — адзначыў прэм’ер Украіны.

Дзякуючы адкрыцьцю рэвэрсу і магчымасьці купляць газ у Эўропе, Украіна замясьціла 40% газу, які раней купляла ў расейскага «Газпрома», — паведаміла прэс-служба ўкраінскага ўраду.

З 16 жніўня адкрыўся так званы «малы рэвэрс» прыроднага газу з тэрыторыі Славаччыны ва Ўкраіну ў тэставым рэжыме. А зь верасьня ён павінен запрацаваць на поўную магутнасьць. Аднак «малы рэвэрс» не дазваляе Ўкраіне скарыстаць славацкі маршрут на ўсю моц, каб цалкам пазбыцца газавай залежнасьці ад «Газпрома». Такую магчымасьць дае Ўкраіне так званы «вялікі рэвэрс». Аднак яго адкрыцьцё блякуе «Газпром», які мае адпаведны кантракт са славацкім бокам, паведамляе УНІАН.

XS
SM
MD
LG