Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 2 тысячы «грузаў 200» прыйшло ў расейскія сем’і з Данбасу, — Алена Васільева


І гэта, паводле расейскай актывісткі, толькі за канец жніўня. Колькі расейцаў загінула ад пачатку канфлікту ў Данбасе — з красавіка, ніхто ня ведае.

Апошнюю статыстыку стратаў расейскіх войскаў у баявых дзеяньнях ва Ўкраіне для Свабоды паведаміла Алена Васільева — расейская грамадзкая актывістка, стваральніца групы ў Facebook «Груз-200 из Украины в Россию». У гэтай групе акумулююцца зьвесткі пра расейскіх салдат, якія загінулі і зьніклі ў Данбасе.

Суполка «Груз-200 из Украины в Россию» створаная 21 жніўня. На 2 верасьня ў ёй зарэгістраваліся 13342 удзельніка.

У гэтай групе акумулююцца зьвесткі пра расейскіх салдат, якія загінулі і зьніклі ў Данбасе.

Алена Васільева аналізуе допісы ў суполцы і інфармацыю СМІ, валянтэраў. На падставе гэтай інфармацыі яна зрабіла выснову пра колькасць забітых расейскіх салдат з 25 жніўня, пасьля уварваньня на тэрыторыю Ўкраіны кадравых расейскій вайсковых частак:

Алена Васільева

Алена Васільева

«Мяркуючы па тым, што паведамляюць людзі, атрымліваецца, што, канечне, больш, чым 2 тысячы толькі ў жніўні», — заявіла Васільева.

Пры гэтым яна не змагла сказаць, колькі грамадзян Расеі загінула цягам усяго канфлікту на ўсходзе Ўкраіны, які пачаўся ў красавіку.

«Цалкам немагчыма вызначыць, колькі „апалчэнцаў“ загінула — тых, хто наймаўся і ішоў ваяваць з траўня (рэкруты, наёмнікі — называйце як хочаце). Іх лёс практычна немагчыма адсачыць», — кажа Васільева.

Васільева мяркуе, што, зыходзячы з паведамленьняў украінскіх крыніц, можна казаць, што да непасрэднага ўварваньня расейскіх вайсковых часьцей, якое адбылося ў канцы жніўня, ва Ўкраіне загінула яшчэ больш за 1000 расейскіх наёмнікаў.

Адзін з заклікаў аб дапамозе ў суполцы “Груз 200”

Адзін з заклікаў аб дапамозе ў суполцы “Груз 200”

«Гэта было да ўварваньня. У дзень уварваньня, дзесьці ў першыя суткі, каля 700 расейскіх салдат стоадсоткава загінулі. І ў наступныя некалькі сутак налічваем яшчэ каля 1,5 тысячы», — кажа Васільева. Першыя паведамленьні пра адкрытае ўварваньне расейскіх войскаў ва Ўкраіну зьявіліся 25 жніўня.

Пры гэтым, паводле інфармацыі Васільевай, сваякоў забітых расейскіх жаўнераў запалохваюць, каб не распавядалі пра лёс сваіх блізкіх.

«Ёсьць шмат інфармацыі пра тое, што запалохваюць непасрэдна: маўляў, «у лясочку закапаем», — адзначае яна.

“Пахаронка” на аднаго з забітых ва Ўкраіне расейскіх салдат

“Пахаронка” на аднаго з забітых ва Ўкраіне расейскіх салдат

Гэты ціск дае вынікі. Напрыклад, адна маці, якая зьвярнулася да Васільевай, страціла сувязь з сынам каля двух месяцаў назад. Яе сын — дэсантнік, і, паводле зьвестак ад бацькоў, ён, хутчэй за ўсё, цяпер на вайне ва Ўкраіне. Але раптам учора, пасьля таго як ёй патэлефанаваў невядомы мужчына, маці адмовілася ад пошуку свайго сына.

«Яна сьлёзна мяне папрасіла прыбраць інфармацыю: «Мы ня будзем яго шукаць, мы будзем чакаць», — распавядае Васільева.

Зьяўляюцца таксама зьвесткі пра тое, што ў бацькоў зьніклых расейскіх жаўнераў невядомыя вымагаюць грошы.

«Ім кажуць: калі вы будзеце маўчаць, то ваш сын вернецца ў любым выглядзе. Калі вы жадаеце спазнаць праўду пра яго хутчэй, — плаціце грошы. Называліся сумы ад 5 да 10 тысяч даляраў», — паведамляе Васільева.

Суполка заклікае расейскіх салдат не ваяваць ва Ўкраіне

Суполка заклікае расейскіх салдат не ваяваць ва Ўкраіне

Але не заўсёды маці пагаджаюцца маўчаць. Васільева распавяла пра сытуацыю ва Ўльянаўску, якая склалася пасьля таго, як туды прыбыў «груз 200»:

«Там людзі хутка адаслалі запыт у Мінабароны — там іх адшылі. Таму яны дзесьці на 11–12 верасьня зьбіраюць сем’і тых, хто ваюе, і хочуць паехаць у Маскву, выйсьці на Красную плошчу і патрабаваць, каб галоўнакамандуючы да іх выйшаў і зрабіў справаздачу. Магчыма, гэтыя людзі разбудзяць іншых маці».

Васільева кажа, што ёй таксама ня раз пагражалі:

«Ціск ідзе. І па сяброўскіх каналах мне таксама паведамляюць, каб я была вельмі асьцярожная і акуратная, таму што тэму „груза 200“ загадана замоўчваць, а паколькі мы пра яе гаворым, то робімся ледзьве ня ворагамі», — паведамляе грамадзкая актывістка.

Васільева адзначае, што яна ўвесь час на сувязі з кіраўніком украінскага Цэнтру ваенна-палітычных дасьледаваньняў Дзьмітрыем Тымчуком.

Паводле ягонага апошняга паведамленьня, каля гораду Чырвоны Луч на Луганшчыне мясцовыя ўлады атрымалі загад выдзеліць участак зямлі для пахаваньня загінулых расейскіх вайскоўцаў. Таксама ў сацыяльных сетках ёсьць зьвесткі, што на тэрыторыі баявых дзеяньняў зьявіліся перасоўныя крэматорыі — але гэтая інфармацыя пакуль не пацьверджаная, падкрэсьлівае Васільева.

Магіла аднаго з загіблых ва Ўкраіне расейскіх салдат

Магіла аднаго з загіблых ва Ўкраіне расейскіх салдат

Пра ўварваньне расейскіх вайсковых частак ва Ўкраіну заявіў прэзыдэнт Пятро Парашэнка, паводле ўкраінскага ўраду, расейскія войскі захапілі горад Новаазоўск Данецкай вобласьці, увайшлі ў Данецк, Луганск, іншыя гарады Данбасу.

Расейскія ўлады абвяргаюць прысутнасьць сваіх вайскоўцаў на тэрыторыі Ўкраіны, наконт палоненых у Данбасе расейскіх дэсантнікаў Мінабароны Расеі і прэзыдэнт Уладзімер Пуцін заявілі, што тыя «заблукалі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG