Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве ствараюць музэй Майдана і Рэвалюцыі Годнасьці


«Дух Украіны» — карціна невядомага мастака

«Дух Украіны» — карціна невядомага мастака

У сталіцы Ўкраіны прэзэнтавалі праект стварэньня музэя, прысьвечанага рэвалюцыйным падзеям на Майдане Незалежнасьці.

Сярод экспанатаў — рэвалюцыйная «ёлка», плякаты зь Януковічам, ахоўнае абмундзіраваньне Самаабароны і многае іншае. На думку ініцыятараў праекту, памяць пра Майдан павінна захавацца для будучых пакаленьняў, а дакумэнтальныя помнікі зацікавяць дасьледчыкаў гэтага пэрыяду.

Рабочая група ўжо сабрала больш за 1400 музэйных экспанатаў, сярод якіх ёсьць плякаты і сьцягі зь нядаўна дэмантаванай «ёлкай». Часовым месцам захоўваньня экспанатаў, сярод якіх каскі, шчыты, малюнкі ды іншыя артэфакты, якія маюць дачыненьне да падзеяў на Майдане, стане музэй Івана Ганчара. Стварэньне паўнавартаснага музэю памяці падзеяў на Майдане, паводле разьлікаў арганізатараў, зойме некалькі гадоў. Па словах Яўгена Нішчука, міністра культуры Ўкраіны, які таксама браў актыўны ўдзел у падзеях на Майдане, цяпер абмяркоўваюцца магчымыя варыянты памяшканьняў для музэю.

Яўген Нішчук

Яўген Нішчук

«Цяпер ідуць размовы пра тое, дзе менавіта павінен быць музэй Майдана: ва Ўкраінскім Доме, ці, магчыма, варта цалкам перарабіць Дом прафсаюзаў. Але пакуль усе гэтыя размовы ідуць, трэба мець месца, дзе ўсё гэта захоўваць да тых часоў, як мы цалкам створым інстытуцыю „Музэй Майдана“», — сказаў Нішчук.

Пра стварэньне музэю, які б стаў цэнтрам захаваньня зьвестак пра Рэвалюцыю Годнасьці, размовы пачаліся пасьля падзеяў на Грушэўскага — 24 студзеня. Васіль Ражко, які цяпер займае пасаду начальніка ўпраўленьня музэйнай справы Міністэрства культуры Ўкраіны, узімку 2014 году быў актывістам Майдана.

«Прыгадваю гэтую ноч. Мне патэлефанаваў са штабу адзін з удзельнікаў і сказаў: ведаеш, мы ўжо перамаглі; падумай, як захаваць гэта для гісторыі, — кажа Васіль Ражко. — І тады мы пачалі праводзіць першыя сустрэчы, пачалі думаць над стварэньнем музэю Майдана».

Люты 2014 году. Мастак намаляваў карціну на вуліцы Грушэўскага

Люты 2014 году. Мастак намаляваў карціну на вуліцы Грушэўскага

Музэй, створаны грамадзтвам

Адным з ініцыятараў праекту стаў намесьнік дырэктара музэю Івана Ганчара Ігар Прашывайла. Ён зьбірае прадметы для будучай экспазыцыі.

«Усе нашы намаганьні зь першых дзён, тыдняў эскаляцыі падзеяў былі накіраваныя не на пісаньне канцэпцыяў, не на вырашэньне, у якім памяшканьні будзе фізычная музэйная прастора, а накіраваныя на захаваньне прадметаў матэрыяльных і нематэрыяльных, захаваньне гісторыяў, эмоцыяў. Гэта павінен быць музэй, які створаны ня зьверху і ня зьнізу, а сумеснымі намаганьнямі. Гэта музэй, створаны грамадзтвам», — адзначыў Ігар Прашывайла.

Цяпер ініцыятары займаюцца пошукам сьведчаньняў, відэа, аўдыё, фатафактаў пра падзеі ў цэнтры Кіева. У плянах — стварэньне мабільнай экспазыцыі, якая будзе дэманстравацца ў розных рэгіёнах Украіны.

Графіці на Крашчаціку

Графіці на Крашчаціку

Захаваць для нашчадкаў

На думку дырэктара Ўкраінскага інстытуту нацыянальнай памяці Ўладзімера Вятровіча, баявыя дзеяньні на ўсходзе адцягваюць увагу ўкраінцаў ад рэвалюцыйных падзеяў гэтай зімы.

«Вайна робіць страшныя рэчы, вайна забівае людзей. Але гэтая вайна робіць яшчэ адну страшную працу — зьнішчае памяць пра тое, што адбывалася на Майдане. Жахі, якія мы перажываем цяпер, паступова выцясьняюць тое, што мы перажылі падчас Рэвалюцыі Годнасьці. Мы паступова забываемся пра людзей, якія бралі ўдзел у тых падзеях», — адзначыў Уладзімер Вятровіч.

Менавіта для таго, каб зьберагчы памяць пра Майдан, Украінскі інстытут нацыянальнай памяці ўжо з канца лютага пачаў запісваць успаміны ўдзельнікаў. Да ініцыятывы ўжо далучыліся Самаабарона Майдана, Аўтамайдан, мэдыцынская служба Майдана, Мастацкая сотня, псыхолягі Майдана ды іншыя. Ініцыятары стварэньня музэю заклікаюць грамадзкасьць далучыцца да зьбіраньня артэфактаў ды ўспамінаў пра рэвалюцыйныя падзеі ў цэнтры Кіева.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG