Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У расейцаў крыху паменела радасьці ад далучэньня Крыму


Архіўнае фота. Сваякі кастрамскіх дэсантнікаў.

Архіўнае фота. Сваякі кастрамскіх дэсантнікаў.

З вясны скарацілася колькасьць грамадзян Расеі, якія ўхваляюць дзеяньні кіраўніцтва краіны па далучэньні Крыму. Таксама зьменшылася доля тых, хто гатовы пайсьці на скарачэньне асабістых даходаў дзеля фінансаваньня новага рэгіёну.

Пра гэта сьведчаць вынікі апытаньня, праведзенага расейскім Лявада-цэнтрам 22-25 жніўня.

Паводле гэтага апытаньня, колькасьць расейцаў, у якіх далучэньне Крыму да Расеі выклікае радасьць, паменшылася за чатыры месяцы з 23% да 16%. Скарацілася і доля грамадзян, якія ўхваляюць дзеяньні кіраўніцтва Расеі ў гэтай сувязі: цяпер іх 40%, тады як у сакавіку было 47%.

Але пры гэтым пераважная большасьць расейцаў па-ранейшаму пазытыўна ставяцца да анэксіі Крыму. Пачуцьці вяршэнства справядлівасьці і гонару за краіну адчуваюць адпаведна 30% і 37%, і гэтыя прапорцыі засталіся нязьменнымі з вясны. Адмоўныя эмоцыі (незадавальненьне, пратэст, сорам) захаваліся ў 9% апытаных.

З вясны таксама зьмяніліся погляды рэспандэнтаў на тое, як сытуацыю з Крымам успрымаюць у самой Украіне: цяпер у Расеі ўсьведамляюць, што варожасьць з боку суседзяў расьце. У жніўні толькі 9% адказалі, што грамадзяне суседняй краіны ня маюць нэгатыўных пачуцьцяў у адносінах да Расеі. У канцы сакавіка гэты паказчык складаў 17%.

23% апытаных лічаць, што анэксія Крыму выклікае ва ўкраінцаў нянавісьць толькі да расейскага кіраўніцтва, 38% кажуць пра нянавісьць да Расеі ў цэлым. У сакавіку пра такое казалі адпаведна 18% і 24%. Пры гэтым меркаваньне аб тым, чыім павінен быць Крым, зьмянілася не на карысьць Украіны. У складзе гэтай краіны яго бачаць толькі 4% супраць 14% у сакавіку. За дзяржаўную незалежнасьць паўвострава выказаліся 15% супраць 11%. За ўваходжаньне ў склад Расіі — 73% супраць 64%.

Аднак з вясны прыкметна зьнізілася гатоўнасьць расейцаў скараціць свае даходы, каб дзяржава магла фінансаваць далучэньне паўвострава. Сацыёлягі паведамлялі рэспандэнтам, што далучэньне Крыму запатрабуе ад Расеі значных укладаньняў, якія пацягнуць за сабой абмежаваньне росту заробкаў і пэнсій, скарачэньне сацыяльных праграм, рост цэнаў. У сакавіку толькі 19% апытаных наадрэз адмовіліся асабіста плаціць за дзеяньні расейскага кіраўніцтва. Цяпер «зусім не гатовыя» пайсьці на асабістыя выдаткі 28%. У поўнай меры або ў значнай ступені пацярпець за Крым гатовыя 17% (было 26%). На пэўныя выдаткі згодныя пайсьці 33%, як і ў сакавіку.

Апытаньне Лявада-цэнтру было праведзенае 22-25 жніўня паводле рэпрэзэнтатыўнай выбаркі сярод 1600 чалавек у 134 населеных пунктах у 46 рэгіёнах Расеі. Статыстычная хібнасьць не перавышае 3,4%.

XS
SM
MD
LG