Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хопіць баяцца Пуціна, Украіне трэба даць зброю, — амэрыканскі сэнатар


Робэрт Мэнэндэс (Robert Menendez)

Робэрт Мэнэндэс (Robert Menendez)

Амэрыканскія заканадаўцы зьвярнуліся да прэзыдэнта Злучаных Штатаў з патрабаваньнем дапамагчы ўкраінскай арміі пастаўкай сучасных узбраеньняў.

З такой ініцыятывай выступіў сэнатар Робэрт Мэнэндэс. Пад час візыту ў Кіеў ён абмеркаваў гэтую ідэю з украінскімі чыноўнікамі.

Украіна мае патрэбу ў больш сучасных узбраеньнях, каб супрацьстаяць расейскай агрэсіі. Амэрыканскія заканадаўцы просяць прэзыдэнта Абаму разблякаваць прадстаўленьне Кіеву сродкаў для абароны сваёй тэрыторыі.

Да гэтага часу баючыся справакаваць агрэсію Расеі Злучаныя Штаты ўтрымліваліся ад паставак Украіне ўзбраеньняў. Дапамога арміі абмежавалася толькі індывідуальнымі сродкамі абароны і сухпайкамі.

«Калі Расея напала на вас танкамі, ракетамі, бранявой тэхнікай, вы павінны абараняцца супраць агрэсара. Таму я падтрымліваю просьбу Ўкраіны даць зброю для абароны. Некаторыя краіны кажуць — гэта можа справакаваць Пуціна. Але я перакананы: да гэтага моманту Пуцін робіць усё, што хоча, і безь ніякіх правакацый», — заявіў у Кіеве старшыня сэнацкага камітэту па міжнародных адносінах Робэрт Мэнэндэс, якога цытуе Голас Амэрыкі.

«Ён захапіў Крым, пастаўляе цяжкую зброю паўстанцам, зьбіў малайзійскі самалёт, у выніку чаго загінулі сотні людзей. Хто правакаваў на гэта Пуціна? Таму мы не павінны баяцца, што ўзчэньне Ўкраіне сродкаў абароны кагосьці на нешта справакуе».

Сэнатар кажа, што для сьвету вельмі важна даць адпор расейскай агрэсіі:

«Бітва на тэрыторыі Ўкраіны павінна даць сьвету выразны сыгнал, што за парушэньне міжнародных нормаў наступаюць вельмі сур’ёзныя наступствы. Калі ЗША і краіны Захаду ня зробяць гэтага ці не прыменяць жорсткіх санкцый, ва ўсім сьвеце складзецца ўражаньне, што любы можа беспакарана грэбаваць правіламі, захопліваць тэрыторыі, паводзіць сябе агрэсіўна. Гэта было б няправільна. Таму Эўропа, іншыя краіны Захаду павінны сур’ёзна задумацца пра наступствы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG