Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Польскія інтэлектуалы: No pasaran для пуцінскіх псоў вайны!


Сярод тых, хто падпісаў зварот — кінарэжысэр Анджэй Вайда

Сярод тых, хто падпісаў зварот — кінарэжысэр Анджэй Вайда

1 верасьня, у 75-ю гадавіну пачатку Другой сусьветнай вайны, група польскіх інтэлектуалаў і пісьменьнікаў выступіла з заклікам да эўрапейскай супольнасьці праявіць салідарнасьць з Украінай і дапамагчы ёй спыніць расейскую агрэсію.

Прыводзячы паралелі паміж Гітлерам у 1939 годзе і Пуцінам у 2014, польскія інтэлектуалы пішуць:

«Мы ня будзем паміраць за Гданьск!» — гэтая фраза стала сымбалем становішча Заходняй Эўропы адносна выбуху вайны 75 гадоў таму. Францыя і Вялікабрытанія сваім дазвольным маўчаньнем тройчы надалі ўпэўненасьці нямецкаму дыктатару. Аншлюс Аўстрыі, захоп Судэтаў і, урэшце, захоп Чэхаславаччыны ня выклікалі ніякіх сур’ёзных наступстваў для Гітлера і Трэцяга Райху.

Нават калі 1 верасьня 1939 году, пасьля заключэньня пакту Рыбэнтропа-Молатава, прагучалі першыя стрэлы, сярод іншага ў Гданьску, заходнія звышдзяржавы не зрабілі нічога большага, чым распачаць гэтак званую дзіўную вайну. Гэтым самым яны чацьверты раз надалі ўпэўненасьці Гітлеру, дарэмна спадзеючыся, што за цану сьмерці Гданьску яны выратуюць уласную скуру.

Пасьля Варшавы чарговай захопленай сталіцай стаў Парыж, неўзабаве пасьля таго бомбы пачалі падаць на Лёндан. Толькі тады сьвет закрычаў: «Стоп! Ніколі больш вайны!».

Такая эгаістычная і недальнабачная палітыка эўрапейцаў адносна захопніка ніколі не павінна паўтарыцца. Аднак цяперашняя сытуацыя ва Ўкраіне нагадвае тую з 1939 году: захопніцкая Расея заняла Крым, які быў часткай тэрыторыі нашай суседкі — Украіны. Войскі і спэцслужбы прэзыдэнта Пуціна, часта прыкідваючыся расейскамоўнымі грамадзянамі Ўкраіны, дзейнічаюць на ўсходзе гэтай краіны, падтрымліваючы тэрарыстычны банды, якія запалохваюць тамтэйшае насельніцтва, і адкрыта пагражаючы ўварваньнем. (...)

Усе эўрапейцы і кожная дзяржава павінны ўзяць удзел у акцыях дапамогі для Ўкраіны ў бядзе. Сотні тысяч уцекачоў з усходніх рэгіёнаў краіны і з Крыму патрабуюць гуманітарнай дапамогі. Эканоміка абяскровілася шматгадовымі некарыснымі газавымі кантрактамі з манапалістам — расейскім Газпромам — які запатрабаваў ад Украіны, аднаго з самых бедных пакупнікоў, плаціць найвышэйшую стаўку. Украінская эканоміка неадкладна патрабуе дапамогі, новых партнэраў і інвэстараў. Партнэрства і падтрымкі патрабуе таксама вялікая, жывая сфэра культуры, СМІ і грамадзянскіх ініцыятываў.

Эўразьвяз цягам многіх гадоў даваў зразумець Украіне, што яна ня мае шанцаў ні на сяброўства, ні на падтрымку, якая была б большай за сымбалічную. Няшмат тут зьмяніла палітыка «ўсходняга партнэрства», якая на практыцы аказалася хутчэй за ўсё паліятывам. Раптам аднак гэтыя пытаньні атрымалі ўласную дынаміку дзякуючы нязломнай пазыцыі ўкраінскіх дэмакратаў. Першы раз у гісторыі людзі гінулі ад куляў са штандарам Эўропы ў руках. Калі Эўропа не праявіць салідарнасьці зь імі, гэта засьведчыць, што ідэі рэвалюцыі 1789 году — свабода і братэрства — нічога для яе ўжо ня значаць.

Украіна мае права бараніць сваю тэрыторыю і сваіх грамадзян ад зьнешняй агрэсіі, у тым ліку з выкарыстаньнем міліцыі і войска, таксама і ў рэгіёнах, якія суседнічаюць з Расеяй. Там, у данецкім рэгіёне, падобна як і ва ўсёй краіне, ад 1991 году было спакойна, ня здарыўся ні адзін гвалтоўны канфлікт, у тым ліку і такі, які быў зьвязаны з правамі меншасьцяў. Уладзімір Пуцін, спускаючы з прывязі псоў вайны і выпрабоўваючы новы від агрэсіі, ператварыў Украіну ў палігон, накшталт Гішпаніі ў гады грамадзянскай вайны, дзе фашысцкія аддзелы пры падтрымцы гітлераўскай Нямеччыны атакавалі Рэспубліку. Кожны, хто ня кажа Пуціну «no pasaran», выстаўляе на пасьмешышча Эўразьвяз разам зь яго каштоўнасьцямі і пагаджаецца са зьнішчэньнем сусьветнага ладу.

Ніхто ня ведае, хто будзе кіраваць Расеяй праз тры гады. Мы ня ведаем, што станецца зь цяперашняй уладнай элітай, якая вядзе авантурысцкую палітыку насуперак інтарэсам уласнага народу. Ведаем адно: той, хто сёньня вядзе палітыку «business as usual» [усё як звычайна], падстаўляе пад рызыку сьмерці чарговыя тысячы ўкраінцаў і расейцаў ды чарговыя сотні тысяч уцекачоў, і рызыкуе дачакацца атакі пуцінскага імпэрыялізму на наступныя краіны. Учора Гданьск, сёньня Данецк: ня можам дапусьціць, каб Эўропа сьцякала крывёй з гэтай адкрытай раны цягам многіх гадоў!

Зварот падпісалі: Яцэк Дэгнель, Інга Івасяў, Ігнацы Карповіч, Войцех Кучак, Дарота Маслоўска, Зьбігнеў Мэнтцэль, Томаш Ружыцкі, Януш Рудніцкі, Пётр Сомэр, Анджэй Стасюк, Земовіт Шчэрэк, Ольга Такарчук, Эўгеніюш Ткачышын-Дыцкі, Магдалена Тульлі, Агата Тушыньска, Шчэпан Твардах, Анджэй Вайда, Казімеж Вуйціцкі, Крыстына Захватовіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG