Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дональд Туск — пасьпяховы палітык брусэльскага стылю


Размова з Каралінай Вігурай, сацыёлягам у Варшаўскім ўнівэрсытэце, кіраўніцай палітычнага аддзелу інтэрнэт-выданьня Kultura Liberalna.

РС: Спадарыня Вігура, што азначае выбар прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска на прэзыдэнта Эўрапейскай Рады ў сёньняшняй сытуацыі? Сёньня працягваецца ваенны канфлікт ва Ўкраіне і штораз гучней чуваць галасы ў краінах Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы, што Брусэль занадта мяккі ў сваім стаўленьні да Крамля. Ці думаеце, што выбар Дональда Туска сыгналізуе зьмену гэтага стаўленьня на цьвярдзейшае?

Караліна Вігура

Караліна Вігура

Караліна Вігура: Я думаю, гэтым выбарам Эўразьвяз ухапіў нейкі новы балянс, новую раўнавагу паміж Усходам і Захадам, паміж старымі і новымі сябрамі Эўразьвязу. У гэтым сэнсе гэта добры выбар для нашага рэгіёну — для сярэдне- і ўсходнеэўрапейскага рэгіёну; ён добры якраз у тым, што ўзмацнілася пазыцыя Польшчы як краіны гэтага рэгіёну. Так, дарэчы, выказаўся і прэм’ер Дональд Туск адразу пасьля свайго выбару. І вось гэтая сытуацыя новай раўнавагі вельмі выразна адзначаецца, напрыклад, сёньняшняй нямецкай прэсай, якая піша аб узмацненьні «ўсходняга боку».

Аднак з другога боку мы не павінны чакаць, што адразу адбудзецца рэвалюцыя, што тычыцца цьвёрдага падыходу да Масквы. Калі б так мелася быць, дык немагчымы быў бы выбар спадарыні Фэдэрыкі Магерыні на кіраўніцу эўрапейскай дыпляматыі. Пасьля выбару Туска я хутчэй за ўсё чакаю, што цяпер, у адрозьненьне ад папярэдняга пэрыяду, будуць браць пад увагу голас Польшчы — а разам зь ім і голас Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы — у ключавых абмеркаваньнях таго, што адбываецца ва Ўкраіне.

РС: Фэдэрыку Магерыні мелі зацьвердзіць на пасадзе, якую займае Кэтрын Эштан, значна раней. Але тады з Брусэлю ішлі сыгналы, што, прыкладам, Польшча і Літва выступаюць супраць яе прызначэньня, матывуючы гэта тым, што міністар замежных спраў Італіі — асоба занадта мяккая. Ці ня думаеце, што выбар Туска на пасаду прэзыдэнта Эўрапейскай Рады — гэта такі палітычны гандаль? Мы хочам Магерыні, а вы, так бы мовіць, на суцяшэньне будзеце мець Туска?

Караліна Вігура: Так, гэта крыху выглядае на сытуацыю палітычнага кампрамісу. З гледзішча Польшчы і іншых краінаў Сярэдняй Эўропы выбар Магерыні, без прызнаньня ключавой пасады ў Брусэлі для кагосьці з Сярэдняй Эўропы, ствараў бы небясьпечную сытуацыю. Чаму? Таму што Паўднёвая Эўропа жыве зусім іншымі праблемамі. Найважнейшымі праблемамі Паўднёвай Эўропы, калі не лічыць фінансавага крызісу, зьяўляюцца наплыў нелегальных імігрантаў, у асноўным праз Грэцыю, і роля ісламу ў Эўропе. З гледзішча Італіі — гэта самыя важныя праблемы Эўразьвязу. Ну а з гледзішча Сярэдняй Эўропы і Польшчы найбольш ключавое пытаньне для Эўропы — сытуацыя ва Ўкраіне.

РС: Вы тут прадставілі, так сказаць, рэгіянальныя абумоўленасьці выбару Дональда Туска. А калі глянуць на выбар Туска праз прызму ягоных асабістых якасьцяў як палітыка, то што магло паўплываць на рашэньне эўрапейцаў? Ці мела значэньне, напрыклад, тое, што Туск, як ніводзін іншы палітык у посткамуністычнай Польшчы, здолеў захаваць пасаду кіраўніка ўраду цягам рэкорднага часу — сямі гадоў?

Караліна Вігура: Я зноў спашлюся на нямецкую прэсу, таму што аргумэнты, якія там прыводзяцца на карысьць Дональда Туска, падаюцца мне вельмі важнымі. Дык вось, немцы пішуць, што Туск — палітык вельмі ўраўнаважаны, вельмі спрытны, але прытым схільны да кампрамісу. У гэтым сэнсе ён добра ўпісваецца ў стыль брусэльскай дыпляматыі. Не без значэньня для немцаў і тое, што ў Туска вельмі станоўчыя адносіны з канцлерам Ангелай Мэркель, голас якой шмат значыць у эўрапейскай палітыцы.

Да таго, і нямецкія, і амэрыканскія СМІ адзначаюць яшчэ адну рысу Дональда Туска — ён зьяўляецца чалавекам посьпеху. Падкрэсьліваюць, што ён пачынаў сваю палітычную кар’еру як дробны і няважны дзяяч апазыцыі ў Гданьску і доўгі час быў палітычным няўдачнікам — немцы нават маюць на такіх людзей адмысловае акрэсьленьне: Pechvogel. Тым ня менш Туску ўдалося так зьмяніць свой палітычны імідж і напрацаваць такую харызму, што ён фактычна стаўся найбольш пасьпяховым палітыкам на палітычнай сцэне ў Польшчы, прынамсі ў апошнім дзесяцігодзьдзі.

Што тычыцца ягоных заганаў, то ўсе паўтараюць, што ён ведае ангельскую мову ўсяго на асноўным узроўні і зусім не гаворыць на францускай. Гэта працоўныя мовы ў Брусэлі, і авалоданьне імі будзе для яго вялікім выклікам.

РС: Кажуць, Туск добра валодае нямецкай. Вы пра гэта нешта ведаеце?

Караліна Вігура: Наколькі мне вядома, ён вельмі добра гаворыць па-нямецку. Гэта адзначаецца і ў яго афіцыйнай біяграфіі, і гэта вынікае і зь ягоных станоўчых адносін з Ангелай Мэркель, якія хутчэй за ўсё абапіраюцца на наўпроставым моўным кантакце.

РС: Што будзе азначаць адыход такога моцнага палітыка, як Туск, для польскай палітычнай сцэны? Ягоная партыя, Грамадзянская плятформа, прайграе наступныя выбары сваім супернікам з Права і справядлівасьці Яраслава Качынскага?

Караліна Вігура: Цяжка сказаць. У Грамадзянскай плятформе шмат дасьведчаных палітыкаў, але невядома, ці знойдзецца такі, які мог бы зраўняцца з палітычнай харызмай Дональда Туска, які кіраваў Грамадзянскай плятформай цьвёрдай рукой. Пакуль што і сам Туск ня выказаўся наконт таго, як ён намерваецца дзейнічаць далей. Ці ён стане выключна эўразьвязаўскім палітыкам і зьнікне з польскай палітычнай сцэны, ці, можа, час ад часу будзе ў Польшчы зьяўляцца?

Што тычыцца апанэнтаў Туска з правага боку палітычнай сцэны, дык яны, мяркуючы зь іхных моцных выказваньняў у прэсе, ужо пачалі сваю палітычную кампанію супраць Грамадзянскай плятформы бяз Туска. І калі Грамадзянская плятформа цяпер ня знойдзе нейкага сьвежага палітычнага наратыву, які прамовіў бы да маладога пакаленьня выбарцаў, дык ёй давядзецца вельмі цяжка на выбарах у наступным годзе. Так што цяперашняя сытуацыя — вялікі шанец для Права і справядлівасьці выйграць парлямэнцкія выбары ў 2015 годзе.

XS
SM
MD
LG