Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеці ўкраінскіх уцекачоў пачалі вучыцца ў гомельскіх школах


сям'я Каленікаў прыйшла ў школу разам
сям'я Каленікаў прыйшла ў школу разам

Каля паўсотні ўкраінскіх дзяцей 1 верасьня пайшлі ў школы Гомеля. Бальшыня іх трапіла ў Беларусь з паўднёвага усгоду Украіны, дзе працягваецца вайна.

Украінскія дзеці дзе па двое, а дзе па трое 1 верасьня пайшлі вучыцца ў розныя гарадзкія школы Гомеля.

На ўрачыстую лінейку ў гомельскую сярэднюю школу № 28 шасьціклясьніца Каця Калінік і яе брат Максім з Данецку прыйшлі разам з бацькамі.

Руслан Калінік, бацька ўкраінскіх школьнікаў:

«З Данецку прыехалі мы. Пачалі нас там бамбіць, снарады падалі ўжо. Тут у нас сваякі, да сваякоў прыехалі. У міліцыі я працаваў, інспэктарам дарожнай службы. Якраз супала, што я напісаў рапарт на пэнсію — і сюды прыехаў.

У Гомелі брат мой стрыечны запрасіў нас. Убачыў, што такая ў нас сытуацыя, і запрасіў, каб на пустое месца не прыяжджаць. Жыльлём нас забясьпечыў, часова ў яго пакуль жывем. Побач тут, на вуліцы Ўкраінскай».

Каця і Максім Каленікі
Каця і Максім Каленікі

Каця пасьпела ўжо пазнаёміцца зь некаторымі аднаклясьніцамі. Гутарым з адной зь іх:

«Хрысьціна. Я паказала ёй клясы, буду дапамагаць ёй».

Асвойваецца ў сваёй 8 клясе і Максім. Кажа, што, апрача вучобы, хацеў бы працягваць у Гомелі і заняткі ўлюбёным відам спорту:

«У Данецку ў мяне быў від спорту адзін — называецца кікбоксінг. Я ім займаўся шэсьць гадоў. Вельмі добра атрымлівалася. Езьдзіў па Ўкраіне, займаў першыя месцы».

З вуліцы Ўкраінскай да новага месца вучобы Максіму зь сястрой ісьці ўсяго дзьве хвіліны. У Данецку таксама было недалёка. Але апошнія дні перад ад’ездам у Беларусь сям’я дома не жыла — хаваліся ад абстрэлаў у падвале:

«Жылі ў сваёй кватэры, пакуль ня сталі бамбаваць. Потым пачаліся бамбаваньні, і мы перабраліся ў дзіцячы садок, у падвал. Адтуль пайшлі ў прыватны сэктар да сваіх сваякоў».

Маці ўкраінскіх школьнікаў Ліля Калінік апавяла, што, зьяжджаючы з Данецку, яны з мужам думалі найперш пра дзяцей, пра іхнюю бясьпеку й вучобу:

«Цяпер спрабуем зарэгістравацца, знайсьці працу. У Данецку я працавала ў бухгальтэрыі цепласетак, у абанэнцкай службе. Сёньня даведаліся, што можна ў вас зьвярнуцца па дапамогу ў арганізацыю Чырвонага Крыжа. Ёсьць адрас, але пакуль не арыентуюся, дзе гэта. Бацькі нашы ў Данецку засталіся, мужа і мае бацькі. Вельмі перажываем. Там і праца, сябры. Усё засталося, таму вельмі цяжка. Спадзяёмся вярнуцца. Думалі, натуральна, пра дзяцей. Навучальны год пачынаецца, трэба неяк адукацыю атрымліваць».

Суразмоўніца кажа, што ў Гомель сям’я прыехала на пачатку жніўня. Сувязь з бацькамі — праз тэлефон:

«Пэнсіі яны трэці месяц не атрымліваюць. Прадуктаў харчаваньня бракуе. Цяпер хоць агароды — бульба, гародніна, а далей... Электрычнасьці няма, газу няма. Снарады лётаюць над галавой. Хоць куды дзявайся. Добра, што стрыечны брат мужа прапанаваў руку дапамогі — дай Бог яму і яго сям’і здароўя. Цяжка нам давялося: выяжджалі праз Растоў, амаль палову Расеі праехалі. Бо ва Ўкраіне мабілізацыя, і мы з бацькам нашым пабаяліся наўпрост выяжджаць на аўтамашыне. Плюс яшчэ данецкія нумары, данецкая прапіска. Напрасткі не рызыкнулі».

У школу № 28 сёньня пайшоў і яшчэ адзін украінец — трацяклясьнік Тарас з Кіева. Ягоныя бацькі купілі ў Гомелі дом, дарэчы, на вуліцы Кіеўскай, і пераехалі сюды на сталае пражываньне.

У навучальнай установе патлумачылі, што ўкраінскія дзеці не застануцца без увагі школы:

«Мы не патрабуем, каб украінцы хадзілі ў школьнай вопратцы, як мы патрабуем ад сваіх навучэнцаў, бо разумеем сытуацыю. Падручнікі яны атрымаюць бясплатна. Бясплатна будуць і абедаць. Яны могуць нават паехаць на аздараўленьне разам з клясам. У школе мы абавязкова зладзім акцыю „Дапаможам дзецям з Украіны“. Навучэнцы нашы прынясуць усё тое, што палічаць патрэбным і што падкажуць бацькі, каб ім дапамагчы».

У гарадзкой управе адукацыі паведамілі, што сёньня ў Гомелі агулам селі за парты каля паўсотні школьнікаў, якія прыехалі з бацькамі, ратуючыся ад вайны ва Ўкраіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG