Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магерыні: Пуцін не выконвае пагадненьні, дыпляматыя застаецца адзіным шляхам выхаду з крызісу


Фэдэрыка Магерыні і Сяргей Лаўроў
Фэдэрыка Магерыні і Сяргей Лаўроў

Абраная на пасаду кіраўніцы эўрапейскай дыпляматыі Фэдэрыка Магeрыні ўпэўненая ў тым, што крызіс ва Ўкраіне варта вырашаць дыпляматычным шляхам. Пра гэта піша італьянская газэта Corriere della Sera.

Напярэдадні ад’езду ў Малдову Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу па замежных справах Фэдэрыка Магерыні дала інтэрвію Corriere della Sera. Яна ўсьведамляе ўскладзеную на яе адказнасьць: «Гаворка ідзе ня толькі пра кіраўніцтва эўрапейскай дыпляматыяй, але і аб будаўніцтве агульнай зьнешняй палітыкі. Больш за тое, вярхоўны прадстаўнік адыгрывае кіруючую ролю ў Эўракамісіі. Гэта складаны выклік. Безь перабольшаньняў — гэта выпрабаваньне для ўсяго пакаленьня, якое пачынае адыгрываць лідзіруючую ролю на эўрапейскім узроўні. Спадзяюся, што гэта дапаможа скараціць дыстанцыю паміж грамадзянамі і Эўропай», — падкрэсьліла Магерыні.

Адказваючы на пытаньне аб яе досьведзе працы ў сфэры зьнешняй палітыкі, Магерыні сказала: «Ужо 20 гадоў, з 1994 года, я займаюся выключна эўрапейскімі і міжнароднымі пытаньнямі. Гэта сфэра маёй дзейнасьці. У мяне шырокая сетка замежных кантактаў, часьцяком гаворка ідзе пра будучых прэм’ераў, многія ўжо сталі міністрамі і прэм’ер-міністрамі. Варта зразумець, што ў Францыі, Гішпаніі, Румыніі і іншых эўрапейскіх краінах існуе новае эўрапейскае пакаленьне, што вырасла пасьля падзеньня Бэрлінскай сьцяны».

Галоўным пытаньнем у гэтыя гадзіны для Эўразьвязу стала Ўкраіна. Крызіс з Масквой, пагроза ўзьнікненьня некантраляванага канфлікту. Як павінна дзейнічаць Эўропа? Санкцыі — гэта верны шлях, каб пераканаць Пуціна зьмяніць курс?

Федэрыка Магерыні так адказала на пастаўленыя пытаньні:

«У інтарэсах Украіны, Эўропы і Расеі вырашыць крызіс палітычным, а не ваенным шляхам. Ваеннага проста не існуе. Але кожны раз, калі ўзьнікаюць перадумовы для пагадненьня, сытуацыя на месцы іх кампрамэтуе. Пуцін ніколі не выконваў абавязаньні, узятыя ў рамках розных сустрэч: у Жэнэве, у Нармандыі, ў Бэрліне. Ён не скарыстаўся выпадкам, каб павярнуць ход падзеяў, выкарыстоўваючы свой уплыў на сэпаратыстаў, у выпадку з крушэньнем малайзійскага самалёта. Дыстанцыя паміж абавязаньнямі і канкрэтнымі дзеяньнямі стала велізарнай, і вось цяпер сытуацыя ізноў зьмянілася, Расея чарговы раз ставіць пад сумнеў тэрытарыяльную цэласьць, устойлівасьць Украіны. На маю думку, на гэтым этапе першаснае значэньне мае той прынцып, што краіна мае права рабіць выбар на карысьць Эўропы, так, каб ён не наносіў шкоды Расеі і ня нёс пагрозу Расеі».

Эўрапейскі шлях — гэта пазытыўны выбар, упэўненая Магерыні. «Менавіта такім ён павінен успрымацца. З такой ідэяй мы будавалі пляны партнэрства з Масквой. Сёньня, па волі Пуціна, гэтага партнэрства больш няма. Расея цяпер не зьяўляецца стратэгічным партнэрам, але застаецца стратэгічнай краінай для нашага кантынэнту. У інтарэсах усіх, каб краіны, якія знаходзяцца ў адной геаграфічнай прасторы, супрацоўнічалі і працавалі разам. Але гэтага не адбываецца. Дзеяньні Расеі накіраваныя ў процілеглы бок — ў бак ваеннай агрэсіі і правакацыі. У дыпляматыі няма альтэрнатывы, і санкцыі зьяўляюцца адным з інструмэнтаў гэтай палітыкі. Але яны павінны быць часткай комплекснай стратэгіі, якой часам не хапала. Пытаньне палягае ў наступным: ці стымулюе эфэктыўнасьць санкцый, якія ўплываюць на расійскую эканоміку, рацыянальныя паводзіны яе кіраўніцтва? Зараз Крэмль дзейнічае супраць інтарэсаў свайго народу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG