Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Пургін — украінафоб з трэцяга эшалёну данецкага палітычнага ляндшафту


Андрэй Пургін

Андрэй Пургін

Крыві на руках Андрэя Пургіна, перамоўніка ад данецкіх сэпаратыстаў на кансультацыях у Менску няма, — сьцьвярджае незалежны журналіст з Данецку.

Палітычны партрэт удзельніка сёньняшніх кансультацыяў з боку сепаратыстаў падрыхтаваў Ігар Нержын.

Віцэ-прэм’ер самаабвешчанага ўраду «ДНР» Андрэй Пургін, які сёньня прадстаўляе сэпаратыстаў у Менску на сустрэчы трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні ў Данбасе, непасрэдна ня ўдзельнічаў у забойствах людзей, але адказнасьць за кроў у Данбасе ён нясе таксама.

Пра гэта Радыё Свабода распавёў данецкі журналіст Аляксей Мацука.

Яшчэ ў красавіку СБУ абвясьціла Пургіна ў вышук паводле абвінавачаньня ў тэрарызьме. Але, як кажа Мацука, непасрэдна на руках віцэ-прэм’ера ДНР няма крыві — ягоны ўдзел у дзейнасьці сэпаратыстаў быў перш за ўсё палітычны.

Аляксей Мацука

Аляксей Мацука

«Таксама ён удзельнічаў у навучаньні гэтых людзей — ДНРаўскага актыву. Паводле нашых зьвестак, ён працаваў зь беспрытульнікамі, і гэтых беспрытульнікаў ён прыцягваў да працы сэпаратысцкай арганізацыі, вучылі іх рабіць „кактэйль Молатава“. Але сказаць, што ён непасрэдна кагосьці забіваў, нельга. Зразумела, што адказнасьць на ім і на астатніх ляжыць у любым выпадку», — адзначае Мацука.

«Дарэчы, яго зьяўленьне ў гэтай кантактнай групе было досыць дзіўным. Ён ніколі не прадстаўляў інтарэсы мясцовай эліты. Мы чакалі, што ў гэтай кантактнай групе будуць былыя рэгіяналы, магчыма, старшыні выканкамаў ці гарсаветаў, але ніяк не Пургін. Гэта проста бутафорыя, лялечны спэктакль», — лічыць журналіст.

Пургін вядомы сваёй палітычнай дзейнасьцю ў Данецку ўжо даўно, але ніколі ня быў значнай фігурай.

«Мы яго заўсёды ведалі як лідэра маргінальнай грамадзкай арганізацыі пад назвай „Данецкая рэспубліка“. Да гэтага ён быў грамадзкім актывістам, які ўдзельнічаў ва ўсялякіх мітынгах Партыі рэгіёнаў. Але наколькі ён быў зьвязаны з Партыяй рэгіёнаў — дакладна не вядома», — кажа Мацука.

Сам Пургін нарадзіўся ў Мар’інцы — прыгарадзе Данецку.

«Пургін быў заўсёды трэцім эшалёнам у мясцовым палітычным ляндшафце. Ён выступаў выключна падчас 9 траўня або якіх-небудзь савецкіх сьвятаў, быў заўсёды заўзятым украінафобам, катэгарычна выступаў супраць украінскай дзяржаўнасьці, быў адным з арганізатараў Рускага маршу ў Данецку», — распавядае Мацука.

Пургіна таксама заўважылі падчас акцыі супраць Цэнтру сучаснай культуры ў 2013 годзе, калі там праходзіла мерапрыемства, арганізаванае амбасадай ЗША ва Ўкраіне для падвышэньня ўзроўню ведаў у галіне новых мэдыяў.

«Паводле вэрсіі арганізатараў гэтага мітынгу, там павінны былі вучыць актывістаў новым ЦРУшным тэхналёгіям. Яны ўзламалі браму. Там быў Пургін і яго паплечнікі, якія цяпер уваходзяць у склад рады ДНР», — кажа данецкі журналіст.

Як паведамляюць украінскія СМІ, з пачатку 1990-х да сярэдзіны 2000-х самаабвешчаны віцэ-прэм’ер «ДНР» зьмяніў каля 70 месцаў працы, сярод якіх — гандлёвыя фірмы, дабрачынныя арганізацыі і нават Данецкі цырк.

У 2005 годзе Пургін заснаваў і ўзначаліў грамадзкую арганізацыю «Саюз народжаных рэвалюцыяй». У лютым 2005-га гэтая арганізацыя ў процівагу Майдану паставіла перад Данецкай абласной дзяржаўнай адміністрацыяй некалькі палатак з патрабаваньнем фэдэралізацыі і наданьня расейскай мове статусу другой дзяржаўнай.

На пачатку сакавіка 2014-га Пургін браў удзел у штурме будынку Данецкай абласной дзяржаўнай адміністрацыі. Потым яго затрымалі супрацоўнікі СБУ, але празь некалькі дзён вызвалілі.

У чэрвені ён быў уключаны ў санкцыйны сьпіс ЗША.

XS
SM
MD
LG