Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі ўкраінскіх сэпаратыстаў у Менску патрабуюць прызнаньня ЛНР і ДНР


Лідэры сэпаратыстаў агучылі свае патрабаваньні да ўкраінскіх уладаў.

«Прэзыдэнт, урад і Вярхоўная Рада Ўкраіны мусяць прыняць у адпаведнасьці з духам і літарай Жэнэўскіх дамоўленасьцяў заканадаўчыя акты, якія гарантуюць неадкладнае пераадоленьне наступстваў гуманітарнай катастрофы, прызнаньне Ўкраінай адмысловага статусу тэрыторыяў, якія кантралююцца народнымі рэспублікамі, стварэньне ўмоваў — у першую чаргу спыненьне антытэрарыстычнай апэрацыі — для свабодных выбараў кіраўнікоў і дэпутатаў усіх узроўняў народных рэспублік на прынцыпах незалежнага народнага кіраваньня бяз права датэрміновага пазбаўленьня мандата», — прыводзіць словы прадстаўнікоў самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік агенцтва Інтэрфакс.

Лідэры сэпаратыстаў таксама паабяцалі ў Менску спрыяць адзінству Украіны ў абмен на прызнаньне асобнага статусу тэрыторыяў, якія імі кантралююцца.

«У выпадку прыняцьця адпаведных заканадаўчых гарантыяў пры паручальніцтве ЭЗ і Расеі Народныя рэспублікі са свайго боку гарантуюць, што прыкладуць максымум намаганьняў для падтрыманьня міру, захаваньня адзінай эканамічнай, культурнай і палітычнай прасторы Ўкраіны і ўсёй прасторы Расейска-Ўкраінскай цывілізацыі», — прыводзіць словы прадстаўнікоў самаабвешчаных рэспублік РИА Новости.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка 26 жніўня ў Менску на саміце ў фармаце «Мытны саюз — Украіна — Эўразьвяз» прапанаваў праводзіць рэгулярныя сустрэчы групы ў Менску.

Ініцыятыва наконт працы дзеля ўрэгуляваньня сытуацыі ва Ўкраіне ў рамках кантактнай групы была прапанавана яшчэ ў лютым. Першае пасяджэньне такой групы адбылося ў Данецку на пачатку чэрвеня.

Другое пасяджэньне кантактнай групы адбылося 31 ліпеня ў Менску. У ім узялі ўдзел экс-прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма, пасол Расеі ва Ўкраіне Міхаіл Зурабаў, афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЭ па пытаньнях урэгуляваньня сытуацыі ва Ўкраіне Адэльхэйд Тальявіні, а таксама прадстаўнікі самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі».

Наступнае пасяджэньне трохбаковай кантактнай групы ў фармаце «Ўкраіна — Расея — АБСЭ» адбылося 11 жніўня. На ім абмяркоўваліся лягістычныя аспэкты дастаўкі гуманітарнай дапамогі на паўднёвы ўсход Украіны.

Самаабвешаныя Данецкую народную рэспубліку ў Менску прадстаўляе Андрэй Пургін, Луганскую народную рэспубліку — Аляксей Карякін.

XS
SM
MD
LG