Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грыбаўскайце адзіная ўстрымалася падчас галасаваньня за Магерыні


Прэзыдэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце была адзінай з кіраўнікоў краінаў Эўразьвязу, хто ў суботу ўстрымаўся падчас галасаваньня па прызначэньні Дональда Туска і Фэдэрыкі Магерыні на высокія пасады ў ЭЗ. Пра гэта неназваныя крыніцы паведамілі незалежнаму выданьню EUobserver.

Перад сустрэчай кіраўнікоў 28 краінаў ЭЗ, на якім было прынятае рашэньне, хто на пасадзе найгалаўнейшага дыплямата Эўразьвязу заменіць брытанку Кэтрын Эштан, літоўская кіраўніца заявіла, што асоба, якая займае гэтую пасаду, ня можа быць «адкрыта пракрамлёўскай».

«Літва і прытрымлівалася, і надалей прытрымліваецца пазыцыі, што гэта мусіць быць дасьведчаны чалавек, гэта мусіць быць чалавек, які можа знайсьці агульны кансэнсус па міжнародных пытаньнях у Эўрапейскім Зьвязе», — сказала журналістам Д. Грыбаўскайце.

Краіны Балтыі і Польшча крытычна ацэньвалі кандыдатуру 41-гадовай Ф. Магерыні, непакоячыся з прычыны яе недастатковага досьведу і, магчыма, прарасейскай пазыцыі.

Калі яе кандыдатура ў ліпені была выстаўленая ўпершыню, кіраўнікі Вялікабрытаніі і краінаў Усходняй Эўропы блякавалі прызначэньне італьянкі, якая прадстаўляе левацэнтрысцкія сілы.

Тым ня менш старанны лабізм італьянскага прэм’ера Матэа Рэнцы на працягу месяца зьмякчыў апазыцыю, а Рым падтрымаў больш суровыя санкцыі супраць Расеі, нягледзячы на тое, што Італія на сёньня — адзін з найважнейшых гандлёвых партнэраў Расеі.

У сваіх першых камэнтарах пасьля прызначэньня Ф. Магерыні падкрэсьліла неабходнасьць працаваць над дыпляматычным пагадненьнем з Расеяй.

«Думаючы і працуючы на ўзроўні санкцыяў, мы павінны трымаць адкрытым і дыпляматычны шлях, ... спадзеючыся, што камбінацыя, разумная камбінацыя можа прынесьці вынікі», — сказала яна.

З другога боку, супрацьвагою адказнай за эўрапейскую дыпляматыю італьянцы стаў Дональд Туск — першы прадстаўнік Усходняй Эўропы, які зойме пасаду старшыні Рады кіраўнікоў Эўразьвязу, вядомы як суровы крытык Крамля, асабліва — у пытаньнях украінскага крызісу.

XS
SM
MD
LG