Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не пасьпеў культавы гурт «Ляпіс Трубяцкі» абвясьціць пра спыненьне свайго існаваньня, як на ягоным месцы зьявіліся два новыя калектывы. На ляпісаўскіх руінах паўстала каманда «Brutto», якую ўзначаліў шматгадовы фронтмэн «Ляпіса Трубяцкога» Сяргей Міхалок, а таксама гурт «Trubetskoy» — яго аснову склалі музыкі, якія пасьля расфармаваньня «ляпісаў» сталі «вольнымі агентамі».

Пра самаліквідацыю «Ляпіса Трубяцкога» нечакана для тысяч фанатаў заснавальнік калектыву Сяргей Міхалок абвясьціў яшчэ паўгода таму. Прыхільнікі творчасьці гурту да апошняга цешылі сябе думкай, што гэта толькі піяр-ход, аднак увечары 31 жніўня на афіцыйным сайце зьявілася паведамленьне, што на 25-м годзе свайго існаваньня «Ляпіс Трубяцкі» зьнік з музычнай арбіты: «Гурты, якія сябе паважаюць, не павінны так доўга жыць», — лічыць Міхалок.

Зрэшты, ужо ў ноч на 1 верасьня ў сеціве зьявілася энэргічная панкаўская песьня з назвай «Brutto», а ў аднайменным кліпе зьняліся вядучыя прадстаўнікі беларускай школы адзінаборстваў: «Brutto» — музыка стадыёнаў, Палацаў спорту, лядовых арэнаў і месцаў, прыдатных для масавага збору людзей! Мы — супэргурт эўрапейскага ўзроўню«, — сьціпла канстатаваў Міхалок у сваім маніфэсьце на сайце brut.to. Пра атмасфэру новага праекту — адзін з герояў кліпу, шматразовы чэмпіён сьвету і Эўропы ў тайскім боксе Віталь Гуркоў. Спартовец ужо мае досьвед выступаў у музычных гуртах, дагэтуль запісаўшы песьню з камандай «HandMade»:

Віталь Гуркоў

Віталь Гуркоў

«Гэта ўжо даўняя ідэя, і зразумела, што не за адзін дзень усё было зроблена — праект выношваўся дастаткова доўга. Вы, пэўна, самі адчулі атмасфэру кліпу — найперш, яна была вельмі сяброўская. Прыкладам, я зь Сяргеем Міхалком знаёмы ўжо сем гадоў, хтосьці знаёмы менш, але людзі зь ім сыходзяцца хутка. Увогуле амаль усіх удзельнікаў праекту я ведаю ўжо не адзін год, таму атрымалася такое сяброўскае, шчырае відэа, было надзвычай весела. Увогуле нечакана ўсё крышачку адбылося».

Карэспандэнт: «У кліпе шмат спартоўцаў, гэта што — прапаганда здаровага ладу жыцьця?»

«Ну, ня тое што здаровага ладу жыцьця, а хутчэй нармальных мужчынскіх каштоўнасьцяў, я б так сказаў. А што да ўдзельнікаў кліпу, то — так, кожны ў рознай ступені займаецца спортам. Хтосьці проста для сябе, для здароўя, а ёсьць і прафэсійныя спартоўцы, таксама ўсе мае сябры».

Тым часам пра выхад на музычны рынак пад лэйблам «Trubetskoy» заявілі добра знаёмыя мэляманам былыя ўдзельнікі калектыву «Ляпіс Трубяцкі» — вакаліст Павал Булатнікаў, гітарыст Руслан Уладыка, бубнач Аляксандар Старажук, гітарыст Павал Трацяк і басіст Аляксандар Мышкевіч. Музыкі называюць сябе правапераемнікамі «ляпісаў», плянуючы выконваць як старыя песьні гурту, так і новы матэрыял. Першым сынглам, які выпусьціў «Trubetskoy», стала песьня «Ластаўка», якая раней выконвалася на канцэртах, але так і не была запісаная.

Прэс-аташэ «Ляпіса Трубяцкога» Зьміцер Бескаравайны сказаў Радыё Свабода, што пасьля зьмены статусу калектыву будзе працаваць з гуртам «Trubetskoy». А што да «кланаваньня» гуртоў, то падобныя зьмены, на яго думку, — да лепшага:

«Я лічу, што гэта цалкам нармальны працэс. Адны гурты зьнікаюць, іншыя зьяўляюцца — няма нічога вечнага на гэтым сьвеце. І, як мне падаецца, гэта зусім ня горшы варыянт — а можа, нават адзін зь лепшых — што магло здарыцца з калектывам, які жадае спыніць сваё існаваньне. Да таго ж, відаць, шмат хто разумеў, што Сяргей Міхалок і іншыя музыкі «ляпісаў» ня змогуць перакваліфікавацца ў агароднікаў ці яшчэ некага. Што тычыцца мяне, то буду надалей супрацоўнічаць з хлопцамі з гурту «Trubetskoy».

З прычыны сваёй грамадзянскай пазыцыі гурт «Ляпіс Трубяцкі» амаль тры гады ня мае магчымасьці выступаць у Беларусі і разам з усім сваім рэпэртуарам уключаны ў «чорны сьпіс» прадстаўнікоў мастацтва, дзейнасьць якіх на тэрыторыі краіны фактычна забароненая. Увосень 2011 году пракуратура зацікавілася рэзкімі выказваньнямі Сяргея Міхалка на адрас беларускіх уладаў і Аляксандра Лукашэнкі ў прыватнасьці. Тады ў дачыненьні да музыкі праводзілася экспэртная праверка, аднак да ўзбуджэньня крымінальнай справы не дайшло.

Апошнімі гадамі творчасьць «ляпісаў» адзначана рэзкім усплёскам грамадзянскай пазыцыі, што знайшло адлюстраваньне ў іхніх песьнях і альбомах. Яны аднымі зь першых выступалі на кіеўскім Майдане, пасьля чаго для іх зачыніліся шмат якія канцэртныя пляцоўкі ў Расеі. Ці захаваецца пратэстны настрой у новых праектах — пакажа бліжэйшы час, але самі музыкі кажуць, што не зьбіраюцца збочваць з абранага шляху.

XS
SM
MD
LG