Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стваральнік ДНР Андрэй Пургін «не чакае прарываў» ад сустрэчы ў Менску


Андрэй Пургін

Андрэй Пургін

Андрэй Пургін абвясьціў, што ў сэпаратыстаў ёсьць плян для перамоваў, які складаецца з васьмі-дзевяці пунктаў.

Віцэ-прэм’ер самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» прыбыў у Менск на паседжаньне трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі ва Ўкраіне, паведамляе Інтэрфакс.

«Гэта пачатковая стадыя. Мы не чакаем сёньня істотнага прарыву», — прыводзіць агенцтва словы Пургіна.

Андрэй Пургін заявіў, што прыбыў у Менск «з прапановамі, каб знайсьці пункты сутыкненьня і скараціць вайну і ахвяры».

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка 26 жніўня ў Менску на саміце ў фармаце «Мытны саюз — Украіна — Эўразьвяз» прапанаваў праводзіць рэгулярныя сустрэчы групы ў Менску.

Ініцыятыва наконт працы дзеля ўрэгуляваньня сытуацыі ва Ўкраіне ў рамках кантактнай групы была прапанавана яшчэ ў лютым. Першае пасяджэньне такой групы адбылося ў Данецку на пачатку чэрвеня.

Другое пасяджэньне кантактнай групы адбылося 31 ліпеня ў Менску. У ім узялі ўдзел экс-прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма, пасол Расеі ва Ўкраіне Міхаіл Зурабаў, афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЭ па пытаньнях урэгуляваньня сытуацыі ва Ўкраіне Адэльхэйд Тальявіні, а таксама прадстаўнікі самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі».

Наступнае пасяджэньне трохбаковай кантактнай групы ў фармаце «Ўкраіна — Расея — АБСЭ» адбылося 11 жніўня. На ім абмяркоўваліся лягістычныя аспэкты дастаўкі гуманітарнай дапамогі на паўднёвы ўсход Украіны.

XS
SM
MD
LG